viasna on patreon

Дата разгляду касацыйных скаргаў пра прымусовае псіхіятрычнае лячэнне Пастнова пакуль не вядомая

2013 2013-09-05T15:24:23+0300 2013-09-05T15:24:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-doktar-pastnou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Пастноў

Ігар Пастноў

Касацыйную скаргу на рашэнне Віцебскага райсуду адвакат віцебскага "лекара-праўдаруба", прымусова змешчанага ў абласны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі, падаў 30 жніўня. Яшчэ раней Ігар Пастноў даслаў у абласны  суд уласную скаргу – ен напісаў яе самастойна, калі зразумеў, што знаходзіцца ў ізаляцыі, і што яго пазбавілі юрыдычнай дапамогі.

Ігар Пастноў быў змешчаны ў псіхіятрычнае аддзяленне №2 абласнога псіхіятрычнага шпіталю 16 жніўня: ен працаваў у гэтай самай установе ўрачом-псіхіятрам наркалагічнага аддзялення, і яго забралі проста з працы паводле санкцыі пракуратуры.

21 жніўня суддзя Віцебскага райсуду Таццяна Дзегцярова санкцыянавала прымусовае псіхіятрычнае лячэнне Ігара Пастнова. Яго самога на працэс не прывезлі, што зазвычай практыкуецца  толькі ў складаных клінічных выпадках, калі хворы чалавек можа зрабіць шкоду навакольным. У дадзеным выпадку такой неабходнасці не было, проста да працэсу над вядомым у Віцебску ўрачом, які не баяўся крытыкаваць улады, не хацелі прыцягваць увагу грамадскасці, лічаць праваабаронцы.

У Ігара Пастнова таксама не было магчымасці ні замовіць адваката, ні даслаць на працэс свайго прадстаўніка. Ужо не кажучы пра тое, што яго пазбавілі магчымасці бараніцца самастойна. Усвядоміўшы, у якіх варунках ён апынуўся, Ігар Пастноў  сам напісаў скаргу ў абласны суд – пра тое, што з рашэннем Віцебскага раённага суду пра прымусовае лячэнне ён катэгарычна не згодны.

"Ігар Пастноў ужо атрымаў адказ з абласнога суду. Гэта значыць, што яго скаргу з псіхіятрычнага шпіталю "выпусцілі", і яна дайшла да адрасата", - гаворыць праваабаронца Павел Левінаў, які днямі сустрэўся ў шпіталі з Пастновым.

У адказе з абласнога суду гаворыцца, што скаргу пераслалі ў суд першай інстанцыі – у Віцебскі раённы суд. Калі там падрыхтуюць усе неабходныя дакументы, перашлюць іх у абласны суд, і той прыме  справу да разгляду – пакуль не вядома.

Абласны суд мае разгледзець і скаргу, складзеную адвакатам Ігара Пастнова. Яна была пададзена 30 жніўня – ужо пасля таго, як сябрам і праваабаронцам удалося дамагчыся, каб да Пастнова быў увогуле дапушчаны адвакат.  Звычайна дзве скаргі па адной справе аб'ядноўваюцца для разгляду. Адказу пра дату пасяджэньня ў абласным судзе пакуль не мае і адвакат.

РПГА "Беларускі Хельсінскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступілі з супольнай заявай  з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Пастнова . Яны заклікалі кампетэнтныя органы "неадкладна вызваліць Ігара Пастнова з псіхіятрычнага стацыянару і перагледзець рашэнне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваннем вызначаных працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбору".

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства