Брэст: на гарвыканкам пададзена скарга ў суд
Мясцовы каардынатар Руху “За Свабоду!” Дзяніс Турчаняк спрабуе дамагчыся прызнання незаконнымі дзеянні брэсцкіх уладаў, якія тычацца будаўніцтва на тэрыторыі, што ахоўваецца дзяржавай.
У позве, пададзенай у суд Ленінскага раёна Брэста, адзначаецца, што гарвыканкам парушыў заканадаўства, калі дазволіў будаваць аўтамабільны мост праз абводны канал Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, якая з’яўляецца прыродаахоўным аб’ектам. Размова ідзе пра канал, што ствараецца зараз зусім побач з галоўным уваходам у мемарыяльны комплекс.
Раней дзеянні гарадскіх уладаў Дзяніс Турчаняк і старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч спрабавалі абскардзіць у Брэсцкім аблвыканкаме. Аднак скарга не была задаволеная, таму і было вырашана звярнуцца ў суд.
У позве адзначаецца, што ўлады парушылі пастанову беларускага ўрада аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў у галіне будаўніцтва, архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці, бо ніякага абмеркавання з удзелам грамадскасці не было. Больш таго, без гэтага абмеркавання зрабілі дзяржаўную экспертызу праекта будаўніцтва, што таксама з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Такім чынам, жыхары Брэста былі пазбаўленыя магчымасці выказаць сваё стаўленне да гэтага праекту.