Слонім: “Фарбы восені” супраць пікетаў
Чыноўнікі Слонімскага райвыканкама ў апошні час спрабуюць рознымі шляхамі перашкаджаць сябрам Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл праводзіць мерапрыемствы. На той час, калі плануюцца пікеты, мітынгі, сустрэчы апазіцыі, яны заўсёды плануць гарадскія мерапрыемствы.
Так, у пачатку жніўня сябры слонімскай суполкі БНФ Іван Шэга і Віктар Марчык падалі дзве заяўкі ў Слонімскі райвыканкам на правядзення 8 верасня двух пікетаў у Слоніме. Адзін пікет запланавана было правесці ў першай палове дня, а наступны — у другой палове дня. Па словах Івана Шэгі, гэтыя пікеты павінны былі быць супраць размяшчэння ваенных базаў замежных дзяржаў на тэрыторыі Беларусі.
Днямі імя Івана Шэгі са Слонімскага райвыканкама прыйшоў чарговы адказ за подпісам старшыні Слонімскага райвыканкама Іосіфа Паўлюкевіча. Спадар Паўлюкевіч піша: “Слонімскі раённы выканаўчы камітэт паведамляе, што Вам адмоўлена ў правядзенні пікетавання ў гарадскім парку па вуліцы Оперная 8 верасня 2013 г. у сувязі з тым, што згодна з планам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама на вышэйуказаную дату запланавана правядзення свята “Фарбы восені”.