viasna on patreon

Брэсцкі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Віктара Сырыцы

2013 2013-09-02T10:16:58+0300 2013-09-02T10:16:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/syryca_vialichkin-29.08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
 Віктар Сырыца і праваабаронца Уладзімір Вялічкін перад будынкам Брэсцкага абласнога суда

Віктар Сырыца і праваабаронца Уладзімір Вялічкін перад будынкам Брэсцкага абласнога суда

Суддзя Брэсцкага абласнога суда Наталля Сурма не задаволіла касацыйную скаргу грамадскага актывіста Віктара Сырыцы на пастанову суддзі суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы па справе Мілавідскага фэсту.

Нагадаем, што пастановай суддзі Кацярыны Груда ад 31.07.2013г. Віктар Сырыца быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні правапарушэння, прадугледжанага ч. 2 арт. 23.34 КаАП і быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 20 базавых велічынь за падрыхтоўку і арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу ў Мілавідах 2 чэрвеня 2013 года.

Напачатку Віктар Сырыца зрабіў хадайніцтва, каб абласны суд вярнуў яго адміністрацыйную справу ў суд першай інстанцыі, які зусім не прыняў да ўвагі Акт ад 2 чэрвеня, падпісаны 9 грамадзянамі. Да свайго хадайніцтва ён прыклаў таксама пісьмовыя тлумачэнні Уладзіміра Гундара, Рыгора Макарэвіча, Вячаслава Болбата, Галіны Ярашэвіч, Сяргея Гоўшы, Анжалікі Камбалавай, які былі ўдзельнікамі вандроўкі на афіцыйнае свята ў Мілавіды 2 чэрвеня і жадалі даць паказанні ў судзе. Аднак суддзя Наталля Сурма не знайшла падстаў, каб задаволіць хадайніцтва грамадскага актывіста.

Віктар Сырыца даводзіў абласному суду, што ніякага несанкцыянаванага масавага мерапрыемства не было 2 чэрвеня ля Мілавідскіх помнікаў. Сапраўды, што ён зрабіў, дык гэта арганізаваў паездку людзей на афіцыйнае свята, анансаванае дзяржаўнай газетай “Наш край”. Ён праводзіў у Мілавідах не мітынг, а толькі патлумачыў людзям, чаму не адбылося афіцыйнага свята і якія будуць далейшыя дзеянні прыехаўшых.

На думку Віктара Сырыцы суд першай інстанцыі зусім не прыняў да ўвагі АКТ, складзены 02.06.2013г., які падпісалі 9 чалавек. Тое, што ў Мілавідах не было мітынгу сведчыць і пісьмое даручэнне пракурора Баранавіцкаму РАУС, якое суд таксама праігнараваў. Пракурор абавязаў РАУС правесці дазнанне факта правядзення культурніцкага фэсту 2 чэрвеня ў вёсцы Русіно (вуліца Сасновая, д.5) Баранавіцкага раёна. Замест аб’ектыўнага расследжання Русінаўскага мерапрыемства, РАУС склаў на Віктара Сырыцу 3 адміністрацыйныя пратаколы за несанкцыянаваны “мітынг” у Мілавідах, за тое, чаго на самай справе не было.

Віктар Сырыца падсумаваў, што ён лічыць вынесеную пастанову незаконнай па прычыне аднабокага і неаб’ектыўнага высвятлення акалічнасцяў адміністрацыйнага правапарушэння, таму прасіў адмяніць пастанову суддзі суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы К. Груда ад 31.07.2013г., а справу аб адміністрацыйным правапарушэнні спыніць з-за адсутнасці складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Аднак суддзя Наталля Сурма не знайшла падставаў для адмены штрафу ў 2 мільёны за падрыхтоўку і арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу ў Мілавідах 2 чэрвеня 2013 года.

 – Усё ж такі нейкая надзея была, але за апошнія 20-ць гадоў такога не было, каб Берасцейскі суд адмяніў рашэнне Баранавіцкага суда. У мяне вельмі моцныя аргументы, але суд чамусьці абапіраецца толькі на паказанні маёра Куляшова, супрацоўніка Баранавіцкага раённага аддзела ўнутраных спраў. Суд першай інстанцыі і Брэсцкі абласны суд зусім не прынялі да ўвагі акт, які падпісалі дзевяць чалавек – адзначыў Віктар Сырыца.

Ён паведаміў, што мае намер скардзіцца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі, але найперш, старшыні Брэсцкага абласнога суда.

 Віктар Сырыца і праваабаронца Уладзімір Вялічкін перад будынкам Брэсцкага абласнога суда

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства