Камітэт ААН прызнаў парушэнне правоў чатырох жыхароў Брэста
Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушанымі правы прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці Брэста наконт свабоднага выказвання сваіх меркаванняў і свабоды мірных сходаў.
Скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН накіроўвалі чатыры жыхара горада (Ірына Лаўроўская, Дзяніс Турчаняк, Валерый Фамінскі і Раман Кісляк). Паводле слоў праваабаронцы Рамана Кісляка, нагодай для звароту ў Камітэт па правах чалавека ААН стала тое, што мясцовыя ўлады забаранілі правядзення пікетаў па розных пытаннях, звязаных з усталяваннем помніка да 1000-годдзя Брэста.
“Гэтыя акцыі былі забаронены на той падставе, што ў горадзе вызначана толькі адзінае месца для пікетавання – стадыён «Лакаматыў», - тлумачыць праваабаронца. – Але мы спрабавалі ладзіць пікеты на вуліцы Гогаля – побач з месцам, дзе планавалася ўсталяваць помнік”.
Спробы абскардзіць дзеянні брэсцкіх уладаў у беларускіх судах не далі плёну, пасля чаго ў канцы 2009-га года скарга была накіравана ў Камітэт па правах чалавека ААН. Раман Кісляк лічыць, што такое рашэнне Камітэта ёсць крокам па ліквідацыі агульнай праблемы для ўсіх гарадоў Беларусі – забароны пікетаў мясцовымі ўладамі.