viasna on patreon

Рэха гісторыі на рынку ў Пінску: гандляроў пакаралі, міліцыянераў - не

2013 2013-08-24T23:38:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyja-kajdanki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супрацоўнікі міліцыі, што з асаблівай жорсткасцю праводзілі 7 ліпеня “зачыстку” вулічных гандляроў каля міні-рынку “Заходні” у Пінску, дзейнічалі ў адпаведнасці з законам, але “тактычна непісьменна”.

Такія высновы зробленыя кіраўніцтвам Пінскага ГАУС па выніках службовай праверкі наконт гісторыі, што мела гучны рэзананс пасля выкладзенага ў Інтэрнэт відэазапісу. Міліцэйскае начальства сцвярджае, што ўчастковы інспектар, які кіраваў “аперацыяй”, неаднаразова звяртаўся да грамадзян з патрабаваннем не парушаць правілы гандлю, але яны ігнаравалі яго, адмовіліся прайсці да службовага аўтамабіля і спрабавалі збегчы. Гэта, па версіі кіраўніцтва ГАУС, і прымусіла лейтэнанта міліцыі ўжыць сілу. Разам з тым, дзеянні гэтага міліцыянера названыя “тактычна непісьменнымі”, бо затрыманне адбывалася пры вялікім натоўпе людзей, што “прывяло да стварэння працяглай канфліктнай сітуацыі і прыцягнула ўвагу іншых грамадзян, якія не валодалі аб’ектыўнай інфармацыяй пра тое, што адбывалася”.

Такім чынам, міліцыняты, што бралі ўдзел у “аперацыі” на міні-рынку “Заходні”, фактычна не былі пакараныя, нягледзячы на тое, што кіраўнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Іван Саўчыц раней прынес прабачэнні “за непрафесійныя дзеянні міліцыі”.

Дарэчы, дзве гандляркі і чалавек, які спрабаваў заступіцца за іх падчас канфлікту з міліцый, атрымалі штрафы памерам ад 100 тысяч да двух міліёнаў рублёў.

Што тычыцца праверкі, якую па факту перавышэння супрацоўнікамі Пінскага ГАУС сваіх службовых паўнамоцтваў ладзіць Следчы камітэт, дык яна цягнецца ўжо паўтары месяцы і яшчэ не завершаная.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства