Індывідуальныя прадпрымальнікі аб'явілі страйк
https://spring96.org/be/news/65374
2013
2013-08-22T13:29:29+0300
2013-08-22T13:29:29+0300
1970-01-01T03:00:00+0300
be
Сёння, 27 чэрвеня, у Беларусі абвешчаная
забастоўка індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі беларускія ўлады не
прыслухаюцца да іх патрабаванняў, камерсанты не выключаюць магчымасці
правядзення маршу пратэсту.
Нагадаем, рашэнне аб аднадзённым папераджальным страйку было
прынята аднагалосна 130 індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія
сабраліся на прадпрымальніцкі форум у Мінску 24 чэрвеня. Ён быў
прысвечаны праблемам укаранення тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза "Аб
бяспецы лёгкай прамысловасці" з 1 ліпеня 2013 года.
Характэрна,
што з 21 чэрвеня міністэрства гандлю, сельскай гаспадаркі і харчавання,
аховы здароўя і Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Беларусі падпісалі
сумесную пастанову, якой уносяцца дапаўненні ў пастанову ад 2007 года
"Аб пацверджанні бяспекі і якасці тавараў пры іх рэалізацыі ў рознічных
гандлёвых аб'ектах, гандлёвых аб'ектах грамадскага харчавання, на
гандлёвых месцах на рынках". Гэтым дакументам "у мэтах забеспячэння
бязбольнага пераходу да працы па новых правілах" для індывідуальных
прадпрымальнікаў-плацельшчыкаў адзінага падатку (на сёння ў Беларусі іх
налічваецца каля 98 тысяч) да 1 ліпеня 2014 пры рознічнага рэалізацыі
тавараў устаноўлены спрошчаны парадак пацвярджэння бяспекі і якасці
тавараў, якія рэалізуюцца. Прасцей кажучы, афіцыйна сертыфікацыя
перанесена на адзін год.
Аднак, як сцвярджаюць
прадпрымальнікі, дадзеная адтэрміноўка зроблена настолькі недарэчна, што
дазваляе абыходзіцца без сертыфіката толькі пры наяўнасці
суправаджальных дакументаў. Гэтыя дакументы павінны пацвярджаць набыццё
тавару ў краінах Мытнага саюза. Гэта значыць, практычна тых жа самых
дакументаў, якія патрэбныя для сертыфікацыі. Да таго ж, гэта пастанова
не распаўсюджваецца на 80 тысяч прыватных унітарных прадпрыемстваў.
Таму прадпрымальнікі на розных рынках Беларусі сёння вырашылі страйкаваць.
Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам "Ежедневника" прадпрымальнік,
член РГА "Перспектыва" Вячаслаў Піоіпук, ІП маюць намер проста не
прыступаць да працы на сваіх працоўных месцах. Ніякіх акцый пратэсту,
мітынгаў і іншых масавых мерапрыемстваў сёння не прадугледжана. Аднак
пасля 1-га ліпеня, калі ўлады не пачуюць патрабаванні прадпрымальнікаў,
ІП маюць намер прыступіць да бестэрміновага страйку. "Нам проста не
застанецца нічога іншага, як спыняць працу. Таму што па новых правілах
мы проста не зможам прадаваць тавар", - канстатуе Вячаслаў Піліпук.
Паводле яго слоў, наступная мера прадпрымальнікаў - падача "пустых"
падатковых дэкларацый за ліпень месяц.
Разам з
тым, на думку члена РГА "Перспектыва", прадпрымальніцкая незадаволенасць
можа выйсці на вуліцы. Ва ўсякім выпадку актывісты прадпрымальніцкага
руху, у выпадку адсутнасці рэакцыі ў бліжэйшы час з боку ўладаў на
патрабаванні ІП, маюць намер падаць у Мінгарвыканкам заяўку на
правядзенне маршу пратэсту. Не выключана, што марш пратэсту
прадпрымальнікаў пройдзе не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах
Беларусі.
Аднак ІП спадзяюцца, што ўлады пачуюць іх у час забастоўкі і да правядзення актыўных акцый пратэсту справа не дойдзе.