Мікалай Статкевіч нарэшце пачаў атрымліваць лісты і віншаванні
Да палітзняволенага, былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча ў рэшце рэшт пачалі даходзіць віншаванні з днём нараджэння і іншыя лісты, - паведамляе жонка палітыка Марына Адамовіч. Раней пасланні амаль цалкам блакаваліся ў Магілёўскай турме №4.
Статкевічу перадалі толькі дзве віншавальныя паштоўкі, хоць іх было паслана не менш тысячы, кажа Марына Адамовіч. Зняволены палітык 12 жніўня адзначыў сваё 57-годдзе.
- Мабыць пасля таго, як я агучыла сітуацыю з ліставаннем. Вельмі наіўна было ствараць у зняволенага ўражанне, што яго ўсе на свеце пакінулі, бо так ці інакш праўда ж даходзіць. Зараз ён пачаў атрымоўваць лісты. І цягам апошняга тыдня атрымаў іх каля сотні.
Таксама Марына Адамовіч распавяла, што Мікалай Статкевіч у апошнім лісце напісаў, што зараз у яго ўжо няма праблем са здароў'ем. Раней паведамлялася, што ў зняволенага палітыка раптам падняўся ціск. Ён нават страціў прытомнасць у камеры. А медычную дапамогу яму аказвалі марудна і несвоечасова.