Суд не агучвае свае рашэнне наконт прымусовага лячэння Ігара Пастнова
У судзе Віцебскага раёна 21 жніўня разглядалі магчымасць прымусовага псіхіятрычнага лячэння ўрача Ігара Пастнова, які публічна выказваў свае крытычныя меркаванні пра стан віцебскай медыцыны. Высновы суда застаюцца таямніцай, але Ігар Пастноў па-ранейшаму не выходзіць на сувязь. Ёсць падставы меркаваць, што з псіхіятрычнай бальніцы яго не адпусцілі.
У сакратарыяце суду адмовіліся паведаміць вынікі пасяджэння карэспандэнту Радыё Свабода.
Пра тое, што суд мусіць вырашыць, ці будзе ўжыта прымусовае лячэнне да ўрача-псіхіятра Ігара Пастнова, даведаўся незалежны журналіст Удладзімір Жыгулоў.
Ён спрабаваў даведацца іншыя падрабязнасці ў глоўурача віцебскай абласной псіхіятрычнай бальніцы Алены Мартынавай, але яна не з’явілася на прызначаную ёй жа самой сустрэчу. А намеснік галоўурача на пытанні журналіста адказваць адмовіўся, заявіўшы, штот спадар Жыгулоў “не мае акрэдытацыі”, а газета “Віцебскі кур’ер” “не зарэгістравана ў Беларусі”.
“ Хоць з суда няма звестак, але я разважаю так: каб вырашылі не лячыць прымусова, дык Пастнова б выпусцілі з бальніцы. І ён бы мне патэлефанаваў. А так – не чуваць, і я сам яму тэлефаную, але ён па-ранейшаму недаступны, усе паведамленні так і ідуць на галасавую пошту”, -- разважае Уладзімір Жыгулоў.
Віцебскі ўрач-псіхіятар Ігар Пастноў апынуўся на лячэнні ў псіхіятрычным шпіталі
неўзабаве пасля апошняга відэавыступу, адрасаванага землякам. Ён выказаў свае крытычныя меркаванні пра стан
віцебскай медыцыны, прымусовае кадзіраванне ад алкагалізму, а таксама пра тое,
што яго самога запалохваюць прымусовым псіхіятрычным лячэннем.