viasna on patreon

Вярхоўны суд падтрымаў адмову Мін’юста зарэгістраваць «Маладых дэмакратаў».

2013 2013-08-21T14:02:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вярхоўны суд Беларусі адмовіў у задавальненьні скаргі на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі моладзевага грамадзкага аб’яднаньня «Маладыя дэмакраты».

Такое рашэньне вынес судзьдзя Ігар Мільто, паведаміў БелаПАН адзін з заснавальнікаў арганізацыі Зьміцер Кавалгін.

«Рашэньне суду было чаканым, улады на любой надуманай падставе адмаўляюць у рэгістрацыі дэмакратычных грамадзкіх аб’яднаньняў. Нягледзячы на адсутнасьць афіцыйнай рэгістрацыі, мы працягнем сваю дзейнасьць, няхай і ў статусе аргкамітэту», — сказаў ён.

«Маладыя дэмакраты» — моладзевая структура Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Зьезд арганізацыі прайшоў 14 красавіка ў Менску. Старшынёй «Маладых дэмакратаў» абраная 26-гадовая Аляксандра Васілевіч з Гародні, яе намесьнікамі — Аляксандар Сергіенка і Аліна Літвінчук. Асноўнымі напрамкамі дзейнасьці арганізацыі названыя адукацыя, спорт, супрацьдзеяньне карупцыі, занятасьць моладзі.

На думку Мін’юста, у ходзе праверкі дакладнасьці пададзеных для рэгістрацыі аб’яднаньня дакумэнтаў былі выяўленыя «шматлікія парушэньні». Так, у сьпісах заснавальнікаў ня ўтрымліваюцца ўсе вызначаныя законам зьвесткі. Акрамя таго, пры правядзеньні праверкі зьвестак пра асобаў, якія зьмяшчаюцца ў сьпісах, Мін’юст устанавіў недакладнасьць зьвестак пра шэраг заснавальнікаў аб’яднаньня ад Гродзенскай вобласьці, у сувязі з чым сьпісы прызнаныя несапраўднымі.

Гэта ня першая спроба афіцыйнай рэгістрацыі «Маладых дэмакратаў». Папярэдні зьезд адбыўся 29 студзеня 2011 году. Міністэрства таксама адмовіла ў рэгістрацыі, матывуючы тым, што «асноўныя палажэньні статута МГА „Маладыя дэмакраты“ не адпавядаюць патрабаваньням заканадаўства, а сама назва арганізацыі супярэчыць палажэньням яе статуту».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства