viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: ”Паход на Плошчу”

2013 2013-08-19T10:45:50+0300 2013-09-12T13:09:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”.:

Бабруйск, 22 жніўня 2012.

І вось наступіў дзень выбараў. 19 сьнежня 2010 году ў Беларусі стаяла сапраўдная зіма. На клумбах і ў парках ляжалі сумёты сьнегу, з вуліцаў яго зграбалі і звозілі. У горадзе было чыста, сьвежа і марозна. Багата хто са знаёмых, далёкіх ад палітыкі людзей пыталіся ў мяне, за каго лепей прагаласаваць. І ўпершыню я ня ведаў, што адказаць. Таму раіў так: выбірайце самі. Такая ж няпэўнасьць была і ў сям’і. З ранку жонка Натальля, сын Адам і я пайшлі галасаваць на розныя выбарчыя ўчасткі. Калі сабраліся на сьняданак, высьветлілася, што ўтрох, не згаворваючыся, прагаласавалі за аднаго кандыдата. На выбарчых участках за хадою выбараў назіралі больш за шэсьцьсот актывістаў з розных няўрадавых арганізацыяў. Мы з трэмаю ў душы чакалі вечара. Ізноў жа, на ўсе пытаньні сяброў і знаёмых, а ці будзе што ўвечары, ці зьбярэцца народ на плошчу, я адказваў стрымана і скептычна. Вось жа зьбяруцца якіх тысячаў пяць чалавек, а то і меней па такім надвор’і, пастаяць ды і разыйдуцца. І ўсё. Такі быў мой прагноз. І я памыліўся.

На плошчу Каліноўскага (Кастрычніцкую) выбраліся мы інтэрнацыянальнай кампаніяй: я і юрыст Уладзя Лабковіч, швед Роберт, нарвежка Берыт, украінка Вольга і расіянка-калмычка Іна. Мароз мацнеў, мы прадбачліва цёпла апрануліся. Вольга была ў лыжным камбінезоне, акурат, як лыжніца. Станцыі метро, як заўсёды падчас апазіцыйных акцыяў у цэнтры, былі перакрытыя. Мы паехалі па праспекце Незалежнасьці на сотым аўтобусе. Аўтобус праехаў плошчу не спыняючыся і высадзіў нас каля ГУМУ. Было ўжо каля васьмі, гадзіны абвешчанага збору. На плошчы, як і ў 2006-ым годзе, вакол навагодняй елкі быў заліты каток. З разьвешаных на бліжэйшых слупах гукаўзмацняльных “званкоў” несьліся на поўную моц гукі аптымістычнай жыцьцярадаснай музыкі. На прыступках Палацу прафсаюзаў гуртаваліся некаторыя з кандыдатаў у прэзідэнты. Мы разышліся ў розныя бакі, каб паглядзець і паслухаць. Я падняўся па прыступках палацу з боку музэя вайны. Штосьці праз мегафон намагаліся прамаўляць арганізатары мітынгу. Вясёлыя мелодыі са “званкоў” на слупах глушылі іхнія прамовы. Нічога не было чуваць. На ганку палацу я апынуўся побач з Уладзімірам Кобецам, адным з кіраўнікоў выбарчага штабу Андрэя Саньнікава, маім даўнім знаёмым яшчэ па БНФ. Ён, як і я, быў зьдзіўлены шматлікасьцю людзей, якія прыйшлі на плошчу. Народу было ня меней чым у 2006-ым годзе, а можа нават і болей. Зьверху гэта было добра відаць. Частка людзей, ня маючы месца дзе стаяць, выйшла на каток. Па маіх суб’ектыўных прыкідках сабралася недзе дваццаць пяць тысяч чалавек. Было градусаў дзесяць марозу, мы ператупваліся з нагі на нагу.

Я мяркую, што ні арганізатары, ні ўлады не чакалі, што прыйдзе столькі багата людзей. Масавыя акцыі – рэч непрадказальная. Амаль ніколі нельга дакладна прадказаць колькі на абвешчаную акцыю прыйдзе чалавек. Ці палічаць людзі, што іхні асабісты ўдзел мае сэнс. У кожнага ўдзельніка акцыі ёсьць свая ўласная матывацыя ўдзелу, якая штурхае яго ісьці на дэманстрацыю ці мітынг, не зважаючы на забарону і магчымыя непрыемнасьці, а то і рэпрэсіі.

Чаму людзі прыйшлі на плошчу ўвечары 19 сьнежня 2010 году? Мабыць, ня столькі ў падтрымку канкрэтных кандыдатаў, колькі дзеля таго, каб выказаць сваё жаданьне пераменаў у краіне, сваю нязгоду з застоем і аўтарытарызмам. Выйшлі тыя, каму не ставала свабоды і справядлівасьці. Фальсіфікацыі падчас выбараў асабіста закранулі вялікую колькасьць людзей.

Людзі ўсё падыходзілі і падыходзілі на плошчу. Нехта сказаў, што на выхадзе са свайго штабу быў зьбіты кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. Зьбівалі невядомыя байцы ў масках. Ня трэба было мець багата фантазіі, каб зразумець хто іх паслаў. Някляева завезьлі ў бальніцу. Пачынаецца, сумна падумаў я.

Між тым мароз прыціскаў. Вялізная грамада людзей стаяла ў чаканьні. Грымела-залівалася бляшаным гукам, аж зьвінела ўвушшу, вясёлая музыка. Хтосьці спрабаваў штосьці сказаць, а хутчэй пракрычаць у мегафон. Я стаяў у пятнаццаці метрах побач і нічога ня чуў. “Які далейшы план?” – спытаўся я ў Кобеца. Ён няпэўна паціснуў плячыма. Калі план і быў, дык ён яго ня ведаў.

У свой час я сам арганізаваў і правёў не адзін мітынг і не адную дэманстрацыю. Відавочна было, што трэба было штосьці рабіць. Проста так стаяць на марозе, не чуючы адзін аднаго ад гукаў аглушальнай музыкі не было ніякага сэнсу. Трэба было ці распускаць людзей, ці арганізавана сыходзіць з гэтай плошчы. Трэцяга варыянту хіба што і не было. Уся ж безнадзейнасьць сітуацыі для арганізатараў заключалася ў тым, што весьці то дэманстрацыю асабліва і не было куды. Ніхто не замінаў рухацца ў якім-небудзь накірунку, але з гэтага паходу, куды б ён не ішоў, не праглядалася ніякага выйсьця. Людзей было забагата, каб вось так, узяць і распусьціць іх па хатах. І людзей было замала, каб яны маглі паўплываць на нешта істотным чынам. У такі мароз не было шанцаў і для таго, каб людзі прастаялі на вуліцы нават адную ноч.

Вось такія думкі мільгалі ў мяне ў галаве падчас стаяньня на ганку Палацу прафсаюзаў.

Але вось адзін з выступоўцаў сказаў штосьці такое ў мегафон, што зрушыла бліжэй стаячую грамаду. Пачалося нейкае варушэньне, хістаньне, лёгкая таўхатніна, затым збой людзей адштурхнуўся ад прыступак ганку, як хваля ад гранітнага берагу, і пакаціўся ў бок праспекту. Пачулася: “Ідзем! Ідзем!” І цяпер ужо маса людзей хістанулася і паплыла, усё бліжэй і бліжэй да праежджай часткі праспекту. Рэдкі ланцуг ДАІшнікаў ня мог ды і не спрабаваў стрымаць людзкое мора, якое выкацілася на праспект, заліло яго, спыняючы рух машынаў і аўтобусаў, і палілося скрозь па праспекце ў бок Дома ураду.

Колькі разоў, пачынаючы з Чарнобыльскага шляху 1989 году, быў пройдзены гэты шлях! Цэнтральны праспект Менску зручны ня толькі для транспарту і пешаходаў, ён вельмі выгодны і для дэманстрацыяў. Калі савецкія архітэктары планавалі яго пасьля вайны, пэўна што яны ўлічвалі і такую ягоную функцыю. Праўда, тады яны і падумаць не маглі, што па гэтым праспекце будуць хадзіць дэманстрацыі ў падтрымку дэмакратыі і свабоды.

Колькі за гэтыя дваццаць гадоў ногі мае выхадзілі ў калонах дэманстрантаў! Гэта былі і рэдзенькія шэрагі, і шматтысячныя людзкія рэкі. І з песьнямі, і з барабанамі, і з абразамі, і са званамі, і з куляньнем міліцэйскіх машынак, і з дубінкамі амапаўцаў, і з крывёю з разьсечаных галоваў. Колькі не хадзілі туды-сюды па праспекце мае ногі, але ж пакуль ані свабоды, ані дэмакратыі ня выхадзілі.

Пакуль грамада людзей, рухаючыся, выцягвалася ў калону, я знайшоў сваіх замежных сяброў. Мы вырушылі разам з дэманстрантамі, прайшлі ўніверсам Цэнтральны, Макдональдс, ГУМ, каля банку на дарозе стаяў, спынены плыньню людзей, жоўты грэйдэр. Вось нейкі хлопец заскочыў на дах кабіны і энэргічна замахаў бел-чырвона-белым сьцягам. Ужо пазьней, падчас суду над “дзекабрыстамі” калі прагучалі абвінавачваньні і эпізоды дзеяньняў, я даведаўся, што гэта быў Аляксандар Малчанаў. Кіроўца грэйдэра сядзеў за рулём, маркотна апусьціўшы галаву. Відаць, што зьмірыўся з такой нечаканай “акупацыяй”.

Калі мы азірнуліся назад – скрозь, увесь праспек быў запоўнены людзьмі. І вось людзкая плынь вылілася на плошчу Незалежнасьці. Мы дабраліся да яе, калі ўжо большая частка дэманстрантаў была там. Я адчуваў адказнасьць за бясьпеку сваіх замежных калегаў, таму прапанаваў спыніцца бліжэй да будынку Менгарсавету, там было вальней, і ў выпадку атакі амапаўцаў можна было адступіць у некалькіх накірунках.

На пастаменьце каля помніка Леніну наладзілі ўзмацняльную апаратуру і распачаўся мітынг. Мароз між тым прыціскаў. І практычна адразу пасьля таго, як людзкая калона ўцягнулася на плошчу і стала зразумела, што далей руху ня будзе, людзкія ручайкі пацяклі назад, з плошчы. І гэтыя ручайкі ўзмацніліся, калі каля Дому ўраду зьявіліся атрады амапаўцаў. Мітынг у гэты час ішоў. У цемры выступоўцаў не было бачна.

Цікава было б зараз пачытаць зьмест гэтых выступаў і ліхаманкава-узьнёслых, і строгіх палітычных, і хвалююча-лірычных. Натальля Каляда, адна з кіраўнічак “Свабоднага тэатру”, сказала мітынгоўцам, што акторы Галівуду з вамі. Штосьці сьмешна-сур’ёзнае сказаў таксама і Рыгор Костусеў. І гэтыя неабгабляваныя выказы, прамоўленыя ў стане звышчалавечай напругі фантаніруючых эмоцыяў, яшчэ болей падкрэсьлівалі незвычайнасьць і ўнікальнасьць сітуацыі. Вядучы добра вёў мітынг, даючы слова выступоўцам і адначасова імкнучыся каментаваць тое, што адбывалася на плошчы. З выступаў кандыдатаў у прэзідэнты стала зразумела, што яны дабіваюцца сустрэчы з міністрамі-сілавікамі. Я разумеў, што пры той сітуацыі, якая склалася на той момант, шанцаў на такую сустрэчу не было.

Тым часам мае сябры пачалі патроху замярзаць. Дзяўчыны дасталі з торбаў нейкія пакуначкі і паўсоўвалі іх ў абутак. Аказалася, што пры націску гэтыя пакуначкі выдзялялі цяпло.

А бліжэй да ўваходу ў Дом ураду пачаліся нейкія актыўныя рухі. Мы убачылі, як дзьве калоны “касманаўтаў”, як статкі зуброў, з левага і з правага флангаў фасаду хутка пабеглі насустрач адна адной. Усё, пачалося, падумаў я. Дзіўна яшчэ, што ад прыходу на плошчу і пачатку мітынгу была такая доўгая паўза. Ужо пазьней, паслухаўшы выступы высокіх чыноўнікаў, а таксама амапаўцаў, якія выступалі сьведкамі ў судох, стала зразумела, што пэўнае бязладзьдзе і разгубленасьць былі і ў кіраўнікоў АМАПу, сьцягнутага ў сталіцу з усяе краіны. Большая іхняя частка “абаранялі” адміністрацыю. І пакуль кіраўнікі зарыентаваліся, што дэманстранты сыйшлі, пакуль аддалі загад, пакуль АМАП зьняўся з раней занятых пазіцый, пагрузіўся ў аўтобусы, пераехаў да Дому ўраду, пакуль выгрузіўся, пашыхтаваўся – вось у гэты час прайшла дэманстрацыя-шэсьце і ладная частка мітынгу.

Мы са свайго месца ня бачылі і ня ведалі зусім пра тое, што рабілася каля ўваходу ў Дом ураду, што была спроба некаторых гарачых галоваў адчыніць уваходныя дзьверы, што былі выбітыя шыбы ў дзьвярах і бліжэйшых вокнах. Гэта быў нейкі адчайны парыў абражаных фальсіфікацыямі выбараў людзей, на які ніхто не аддаваў загад. Але мы ня бачылі гэтага. Было відаць толькі атрады амапацаў, якія рухаліся туды-сюды уздоўж фасаду Дому ўраду. Неўзабаве каля нас зьявіліся дэманстранты, якія адыходзілі адтуль, з першых радоў. Некаторыя з іх былі выкаўзаныя ў сьнезе, аднаго хлопца з разьбітай галавою валаклі пад рукі. Колькасьць людзей, якія сыходзілі з мітынгу, павялічылася. Сыходзілі ўжо вялікімі групамі па некалькі дзесяткаў чалавек. А вядучы мітынгу адчайна заклікаў людзей не разыходзіцца, тэлефанаваць сябрам і знаёмым, запрашаць стаяць уначы. Амапаўцы тым часам чамусьці адступілі ад фасаду Дома ураду, разьбегліся ў супрацьлеглыя бакі, адкуль былі і прыбеглі.

Пазьней ужо, аналізуючы падзеі, мы гаварылі, што надта дзіўна выглядалі дзеяньні амапу каля і ў Доме ўраду. Частка амапаўцаў сядзела ў сярэдзіне будынку, заваліўшы дзьверы і аконныя праёмы канцэлярскай мэбляю. А перад уваходам нікога не было. Як быццам бы спецыяльна запрашалі пайсьці ламануць уваходныя дзьверы. А людзі ж ішлі на плошчу, бо хацелі “людзьмі звацца” і “ня быць скотам”, і несьлі яны на вуліцы і плошчы Менску “сваю крыўду”.

Як распавядаў Уладзя Лабковіч, які разам са старшынёй Беларускага Хельсінскага камітэту Алегам Гулаком стаяў з левага боку фасаду Дома ўраду непадалёк ад чыноў у пагонах, пасьля спробы купкі гарачых галоваў з дэманстрантаў адчыніць уваходныя дзьверы, калі пасыпалася разьбітае шкло, на іхніх тварах назіральнікі ўбачылі задаволеныя пахмылкі. Як быццам бы ад удзельнікаў пратэсту толькі і чакалі чагосьці падобнага. Міжволі напрошваецца думка, можа таму і не было АМАПу каля ўваходу ў Дом ураду, каб справакаваць гэты “штурм” і пасьля як мага больш жаршчэй пакараць найперш “зарваўшыхся” кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама як мага большую колькасьць дэманстрантаў.

Між тым, пасьля адступленьня амапаўцаў голас вядучага павесялеў. Стаім, пакуль не адбудуцца перамовы з міністрамі-сілавікамі – гучала з мікрафону. Але сілавікі перамаўляцца не жадалі. Ізноў цёмныя калоны “касманаўтаў” пайшлі насустрач адна другой паўз Дом ураду, праз нейкія секунды ў цёмным марозным паветры замільгалі дубінкі. Амапаўцы, як завадныя механічныя лялькі, выбягалі і выбягалі з двух бакоў Дому ўраду. Людзі пачалі масава сыходзіць з плошчы. А дубінкі ўзьляталі і ўзьляталі, дзясяткі цапоў малацілі крывавы абмалот. Голас у мікрафоне з помніка Леніну набыў роспачнае гучаньне, вядучы заклікаў амапаўцаў не ўжываць супраць мірных дэманстрантаў гвалт, але вось замоўк і ён.

Прыйшоў час рэціравацца і нам. Я паказаў замежнікам у бок Ульянаўскай – адступайце туды, а сам застаўся яшчэ на некалькі хвілінаў. Падзеленыя на атрады амапаўцы займаліся сваёй працаю. Каля Дому ўраду былі бачныя вялізныя корабы МАЗаўскіх закаў, відаць, туды загружалі затрыманых дэманстрантаў. Іншыя ж атрады “касманаўтаў” вышыхтаваліся ў трайныя ланцугі і, падганяемыя афіцэрамі, выціскалі людзей, якія яшчэ заставаліся на плошчы, у розныя бакі. Па праежджай частцы праспекту стаялі калоны грузавікоў і ланцуг жаўнераў унутраных войскаў. Я адступаў адным з апошніх, гэтаксама ў бок Ульянаўскай, прайшоў скрозь ланцуг маладзенькіх жаўнераў. На іхніх тварах застыў выраз напружаньня і страху. За будынкам паштамту я зьвярнуў на Карла Маркса і дагнаў гурт маіх сяброў-замежнікаў.

Мы ішлі ў бок Кастрычніцкай плошчы, кожны з тэлефонам каля вуха, усе некуды тэлефанавалі, відаць, дзяліліся ўбачаным. Размаўляць нам паміж сабой не хацелася. І так усё было зразумела. Я тэлефанаваў сыну Адаму, ён таксама быў на плошчы. Ён адгукнуўся, быў ужо каля елкі на Кастрычніцкай плошчы. “Будзь асьцярожным”, — папрасіў я яго.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства