За здымку дома чыноўніка блогеру пагражае адказнасьць
За відэаролік пра дом старшыні Сьветлагорскага райвыканкаму
міліцыя канфіскавала ў блогера Генадзя Жулегі кампутар. Кампутар быў канфіскаваны падчас агляду кватэры актывіста,
праведзенага 17 жніўня з санкцыі пракурора.
6 жніўня Жулега зьняў відэа аб доме старшыні Сьветлагорскага
райвыканкаму і разьмясьціў яго на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Пасьля
гэтага хтосьці разьмясьціў ролік на некалькіх навінавых сайтах, паведаміў
актывіст карэспандэнту БелаПАН.
Жулега і раней здымаў ролікі пра жыцьцё ў райцэнтры, нявырашаныя сацыяльныя
праблемы гораду, да прыкладу, пра адсутнасьць сьветлафораў, пра запусьценьне ў
мясцовым парку, разьбітыя дарогі. «Дом старшыні райвыканкаму я здымаў, не
адмаўляю. На ўсе пытаньні, на ўсе нявырашаныя праблемы ў горадзе ўлады
адказваюць: няма грошай. Я гэтым ролікам паказаў, што грошы ёсьць, толькі вось
выдаткоўваюцца яны на будаўніцтва дамоў для начальства, а не на вырашэньне
праблем грамадзян», – патлумачыў блогер.
Міліцыя прыйшла з пастановай аб правядзеньні агляду жыльля. «Міліцыянты мне
растлумачылі, што жонка старшыні райвыканкаму напісала на мяне заяву, што
ролікам, разьмешчаным у інтэрнэце, я зганьбіў гонар і годнасьць яе сям'і, а
інфармацыя на відэа носіць паклёпніцкі характар. Я лічу, што паклёпу, гэта
значыць загадзя ілжывай інфармацыі, у роліку няма», – сказаў Жулега.
З пастановы міліцыі таксама вынікае, што жонка старшыні райвыканкаму просіць
прыцягнуць актывіста да ўстаноўленай законам адказнасьці.
Паводле папярэдніх зьвестак, крымінальная справа ў дачыненьні да блогера не
ўзбуджалася і не складаўся пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.
Міліцыянты паведамілі Генадзю Жулегу, што яго кампутар будуць правяраць, а
потым будзе вырашацца пытаньне аб прыцягненьні яго да адказнасьці.