У Магілёве забаронены пікет Свабоднага прафсаюза металістаў
Мерапрыемства мусіла адбыцца 9 жніўня ў вызначаным гарвыканкамам месцы.
Актывісты Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) мелі намер пратэставаць супраць таго, што Міністэрства юстыцый Рэспублікі Беларусь затрымлівае выдачу кіраўніку прафсаюза Аляксандру Бухвостава Статута прафсаюза і пячаткі.
Сваю адмову мясцовыя ўлады патлумачылі тым, што міліцыя не можа забяспечыць ахову правапарадку падчас масавага мерапрыемства.
Кіраўнік магілёўскага аддзялення СПМ Галіна Лісіцына падкрэслівае, што заяўка на пікет была пададзена ў адпаведнасці з законам за два тыдні да плануемага мерапрыемства і што ў пікеце мусіла прыняць удзел 10 чалавек.
"Мы вельмі здзіўлены і абураны тым, што нам забаранілі правядзенне пікета. Тым больш, што ён мусіў адбыцца ў дазволеным уладамі месцы на пляцоўцы стадыёна "Хімік" па вуліцы Чалюскінцаў, 64В. Зараз мы праводзім кансультацыі з нагоды таго, што нам рабіць далей і ці абскарджваць гэтае рашэнне", - гаворыць Галіна Лісіцына.
Трэба адзначыць, што не так даўно у Магілёве быў забароне пікет супраць расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Яе ініцыятарам выступіў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў. Ён таксама прасіў дазвол у мясцовых уладаў на правядзенне мерапрыемства ў вызначаным для гэтых мэтаў месцы. Зараз адмову ў правядзенні пікета Шанцаў абскарджвае праз суд.