Жлобінскія ўлады патлумачылі, чаму ссеклі стогадовыя сосны
Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Жлобінскага райвыканкама Людміла Іванчыкава на старонках раённай газеты “Новы дзень” патлумачыла прычыну высечкі стогадовых сосен, што выклікала адпаведную рэакцыю мясцовых жыхароў і абаронцаў прыроды.
У матэрыяле пад назвай “Сосны по-прежнему шумят” сцвярждаецца, што высечка дрэваў была зроблена ў адпаведнасці з Генеральным планам развіцця Жлобіна, паколькі на гэтай тэрыторыі плануецца размяшчэнне парка і заапарка. Па словах начальніка аддзела архітэктуры, усяго было зрэзана не больш за 5 дрэваў.
–Эўрыка! У Жлобіне высеклі больш за поўсотні стогадовых сосен, а яны па-ранейшаму працягваюць шумець, – абураецца былы кіраўнік Жлобінскага гарвыканкама (1987-2001 гг.) Уладзімір Ерефееў, які падрыхтаваў адпаведны ліст у Адміністрацыю прэзідэнта. – Толькі за такі загаловак я гатовы сняць капялюш перад журналістамі газеты “Новы дзень”. А калі па-сур’ёзнаму, то гэта проста падман, які накіраваны на тое, каб супакоіць жыхароў нашага горада пасля шуміхі і СМІ. Але каго супакойваць, калі дрэвы ўжо не вярнуць?
Нагадаем, ссекчы стогадовыя сосны у паркавай зоне, як лічыцца, даў загад старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік у рамках падрыхтоўкі Жлобіна да “Дажынак”, паколькі дрэвы перашкаджаюць аглядаць з боку трасы М5 новыя шматпавярховыя дамы, пабудаваныя ў новых мікрараёнах.