viasna on patreon

На Лябедзьку і Бузінаева завялі адміністрацыйную справу

2013 2013-08-15T09:14:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Лідэра АГП Анатоля Лябедзьку і ягонага паплечніка з Бабруйску Віктара Бузінаева абвінавацілі ў нелегальным распаўсюдзе бюлетэня «Голас розуму».

На затрыманых 14 жніўня ў Бабруйску Анатоля Лябедзькуі Віктара Бузінаева ў міліцыі склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні і выдалі позвы зьявіцца ў міліцыю 20 жніўня.

Пра гэта Свабодзе паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька пасьля таго, як яго адпусьцілі з пастарунку.

Палітыкаў затрымалі каля прахадной «Белшыны», дзе цягам гадзіны яны раздавалі інфармацыйны бюлетэнь «Голас розуму», у якім былі артыкулы пра прыхватызацыю і карупцыю ў Беларусі. Яны пасьпелі раздаць больш за тысячу асобнікаў, міліцыянты сканфіскавалі 305. Але ў выходных дадзеных бюлетэня значыцца наклад у 295 асобнікаў. Вось за гэта і зачапіліся міліцыянты, абвінаваціўшы Лябедзьку і Бузінаева ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі зь несапраўднымі выходнымі зьвесткамі.

Міліцыянты пры гэтым цікавіліся, як выданьне даставілі ў Бабруйск, дзе яно выдрукавана й колькі раздалі людзям.

Асабліва ўлады непакояць тэмы карупцыі і прыхватызацыі, пра якія піша бюлетэнь


«Нашае затрыманьне — гэта рэакцыя на такую форму працы зь людзьмі. Асабліва ўлады непакояць тэмы карупцыі і прыхватызацыі, пра якія піша бюлетэнь. „Голас розуму“ не зарэгістраваны як СМІ, яго выдаюць прыхільнікі АГП, а мы ім карыстаемся», — зазначыў Свабодзе Анатоль Лябедзька.

Палітыкаў абвінавацілі паводле артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу: «Парушэньне ўсталяванага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў пэрыядычных друкаваных выданьняў, распаўсюду эратычных выданьняў, апублікаваньня сродкам масавай інфармацыі абвяржэньня, а роўна незаконны выраб і (або) распаўсюджваньне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі».

Палітыкам пагражае штраф у памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь — ад 2 да 5 мільёнаў рублёў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства