Дзьмітрый Макараў: Неабходна замацаваць статус “праваабаронцы” як асобай катэгорыі абаронцаў грамадзкага інтарэса
4 жніўня Дзьмітрый Макараў быў прызначаны Міжнароднай назіральнай місіяй Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Прадстаўніком па становішчы праваабаронцаў. Мы пагутарылі з Дзьмітрыем пра ягоныя пляны на пасадзе, сытуацыю з праваабаронцамі і НДА на постсавецкай прасторы, а таксама даведаліся, чаму ён не абыякавы да праблемаў у Беларусі.
Пасада была адмыслова ўведзеная для
таго, каб каардынаваць працу маніторынгавай групы па гэтай тэме, адказваць за
фармаваньне рэкамэндацыяў да ўладаў Беларусі і міжнародных міжурадавых
арганізацыяў і іншых актараў, а таксама дамагацца зьмены становішча праваабаронцаў у Беларусі.
Даведка: Дзьмітрый Макараў, расейскі праваабаронца, юрыст і палітоляг, адзін з лідэраў Моладзевага Праваабарончага Руху (МПД). Нарадзіўся ў расейскім горадзе Арол. Скончыў асьпірантуру ў МДУ. Праваабарончай дзейнасьцю сыстэматычна займаецца ад 2005 году.
- Дзьмітрый, чаму Вы не абыякавы да сытуацыі з правамі чалавека і праваабарончым рухам у Беларусі?
- Парушэньне правоў чалавека дзе б гэта не адбывалася - само па сабе ёсьць праблемай, бо размывае агульныя стандарты, робіць парушэньні больш верагоднымі і ў іншых месцах, падаючы небясьпечны прыклад суседнім краінам. Але, натуральна, Беларусь для мяне асабіста - асаблівы выпадак. Перш за ўсё таму, што ў грамадзянскім руху тут у нас багата шматгадовых партнэраў і добрых сяброў. Па-другое, таму што ўлады Беларусі пэрыядычна заяўляюць пра тое, што не зьбіраюцца выконваць свае міжнародныя абавязацельствы, падпарадкоўвацца агульным рашэньням і прытрымлівацца прынятых з іх жа ўдзелам стандартаў, падрываючы тым самым усю сыстэму міжнароднай абароны правоў чалавека.
У сьнежні 2010 году не было выбару рэагаваць ці не рэагаваць на масавы наступ на грамадзянскую супольнасьць. Але было разуменьне, што калі ўжо ўвязвацца, то сур'ёзна і надоўга - пакуль сытуацыя не зварухнецца ў лепшы бок. Так што, для мяне гэта не проста акт салідарнасьці перад калегамі, але і пэўныя абавязацельствы перад самім сабой.
- Якім чынам плянуеце забясьпечваць рэальны ўплыў на зьмены ў становішчы праваабаронцаў у Беларусі ва ўмовах абсалютнага нежаданьня і адсутнасьці зацікаўленасьці ў афіцыйных уладаў?
- Безумоўна, гэтая задача нялёгкая. Дагэтуль улады Беларусі так і не зразумелі, што праваабаронцы выконваюць унікальную функцыю абароны права. А права, у сваю чаргу – гэта гарант ад гвалту і свавольля, у тым ліку і такога, які раней ці пазьней будзе скіраваны і супраць тых, хто зараз знаходзіцца ва ўладзе. На жаль, відавочна і тое, што яшчэ большасьць насельніцтва Беларусі пакуль гэта не ўсьвядоміла. Праца з грамадзкім меркаваньнем па зьмяненьні гэтых установак, па павелічэньні колькасьці тых, хто разумее і падтрымлівае праваабарончую дзейнасьць – адна з магчымасьцяў нешта зьмяніць. Моцным інструмэнтам уплыву ёсьць таксама грамадзянскія сеткі салідарнасьці і ўзаемападтрымкі, у тым ліку і тыя, якія аб’ядноўваць высілкі праваабарончых арганізацыяў розных краінаў. Але і, натуральна, непасрэдна ў мой мандат уваходзіць праца з міжнароднымі няўрадавымі арганізацыямі, як адным з фактараў ўплыву на сытуацыю.
- Якія ставіце задачы самі для сябе на гэтай пасадзе? Як будзеце ацэньваць пасьпяховасьць працы?
- На сайце Камітэта міжнароднага кантролю па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму ідзе галасаваньне па тым, якімі пытаньнямі мусіць перадусім займацца Прадстаўнік па становішчы праваабаронцаў Міжнароднай назіральніцкай місіі (http://hrwatch-by.org/by-poll). Гэта і скасаваньне законаў, якія абмяжоўваюць праваабарончую дзейнасьць, і прыцягненьне асаблівай увагі міжнародных інстытутаў да становішча праваабаронцаў у Беларусі, і стварэньне агульнай сыстэмы абароны праваабаронцаў з асаблівым фокусам на сытуацыі ў Беларусі, і прызначэьне асобнага супрацоўніка ў апарат Спецдакладчыка ААН па становішчы праваабаронцаў з асобным фокусам на працу ў Беларусі, і мабілізацыя экстранай дапамогі для беларускіх праваабаронцаў, якіх перасьледаюць за іх дзейнасьць. І, натуральна, спрыяньне найхутчэйшаму вызваленьню з турмы праваабаронца Алеся Бяляцкага. Практычна ўсе задачы, якія я стаўлю перад сабой, там адлюстраваныя. І калі хоць бы ў адной з гэтых сфэраў мы здолеем дамагчыся істотных зьменаў, буду лічыць сваю працу пасьпяховай.
- Якія існуюць мэханізмы і рычагі ўплыву дзеля паляпшэньня сытуацыі? Якія плянуеце задзейнічаць?
- Кажуць, што ёсьць два спосабы негвалтоўнага зьмяненьня сьвету: слова і асабісты прыклад. Мэханізмаў няшмат, але нават тыя, якія ёсьць, як мне падаецца, не выкарыстоўваюцца ў поўнай меры. На мой погляд, міжнародныя няўрадавыя інстытуты недастаткова надаюць увагі становішчу праваабаронцаў у Беларусі – па-за межамі разовай рэакцыі на канкрэтныя выпадкі. Не хапае каардынацыі ў вылучэньні патрабаваньняў і рэкамэндацыяў па гэтай тэме, ва ўмацаваньні ўжо існуючых нормаў і стандартаў, у стварэньні і прасоўваньні новых. Магчымае ініцыяваньне новых інстытутаў (у тым ліку і грамадзкіх) па гэтай тэме і на нацыянальным, і на міжнародным узроўні. У рэшце рэшт, неабходная сыстэмная праца па замацаваньні статуса “праваабаронцы” як асобай катэгорыі абаронцаў грамадзкага інтарэса, падобна да таго, як зараз замацаваны статус журналіста і ўведзеныя асобныя гарантыі іх дзейнасьці. І ёсьць яшчэ дзьве дадатковыя дужа важныя магчымасьці ўплыву на сытуацыю. Гэта асьветніцкая праца і міжнародныя сеткі салідарнасьці і падтрымкі ўнутры праваабарончай і грамадзянскай супольнасьці.
- Куды будуць прадстаўляцца вынікі працы маніторынгавай групы?
- Як і ўсе заявы, даклады і іншыя дакумэнты Місіі, вынікі маніторынгавай працы будуць накіроўвацца ва ўсе міжнародныя інстытуты, у паўнамоцтвах якіх альбо абарона праваабаронцаў і ацэнка іх стану, альбо кантроль за сытуацыяй з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта і Спецдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі і па абароне праваабаронцаў, і Камісар па правах чалавека Савета Эўропы, Дакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Савета Эўропы па Беларусі і па стане праваабаронцаў, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ і іншыя зацікаўленыя інстытуты. Мы таксама будзем накіроўваць ўсе нашыя справаздачы ўладам Беларусі, а таксама ўсім іншым дзяржавам-удзельніцам АБСЭ, у чые агульныя абавязкі ўваходзіць кантроль за выкананьнем агульных абавязальніцтваў у сфэры чалавечага вымярэньня – то бок правоў чалавека, вяршынства права і г.д. Асобна варта вылучыць міжнародныя няўрадавыя арганізацыі, якія ставяць на мэце абарону і падтрымку праваабаронцаў і іх дзейнасьці. Зь імі я планую актыўна супрацоўнічаць у межах свайго мандату.
- Як Вы ацэньваеце ўмовы для дзейнасьці НДА ў параўнаньні з Беларусьсю і тым, што зараз адбываецца ў Расеі і агулам на поставецкай прасторы?
- У Беларусі зараз, бадай, не самая дрэнная сытуацыя з дзейнасьцю НДА на практыцы. Ва Ўзбекістане, а тым больш у Туркменістане, усё значна горш. Аднак у Беларусі існуе крымінальная адказнасьць за ўдзел у складзе незарэгістраванай арганізацыі, і створаныя досыць сур’ёзныя заканадаўчыя абмежаваньня для грамадзкай дзейнасьці. На жаль, гэта агульны трэнд для ўсяго рэгіёну. У Расеі сытуацыя значна пагоршылася за апошні год у зьвязку з прыняцьцём цэлага пакету рэпрэсіўных законаў, якія абмяжоўваць грамадзянскую супольнасьць і яе праявы: больш жорсткая адказнасьць за парушэньні на публічных мерапрыемствах, крыміналізацыя паклёпу, “чорныя сьпісы” інтэрнэт-сайтаў, заканадаўства “Аб замежных агентах” і Анты-Магніцкі закон ды іншыя. У гэтым сэнсе расейскія ўлады даганяюць, а ў нечым нават апярджваюць улады Беларусі.
З жалем варта канстатаваць, што міжнародныя мэханізмы ў іх бягучым стане ня вельмі здольныя эфэктыўна рэагаваць на такое разьвіцьцё падзяеяў. Яны сканструяваныя, перадусім, сыходзячы з таго, што дзяржавы зацікаўленыя ў выкананьні добраахвотна ўзятых на сябе абавязальніцтваў, гатовыя выконваць, так бы мовіць, “правілы клюбу”. Ва ўмовах актыўнага сабатажу гэтых правілаў патрэбныя дадатковыя высілкі з боку арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці па ўмацаваньні існуючых мэханізмаў, а магчыма і па стварэньні новых. Спадзяюся, што і нашая праца па сытуацыі ў Беларусі дазволіць прасунуцца ў гэтым накірунку. Іншага выбару ўсё адно няма, калі мы хочам рухацца па шляху зацьвярджэньня правоў чалавека і негвалтоўных сацыяльных зьменаў. Веру, што гэта магчыма.