У Брэсце зноў разглядалі справу грамадскага актывіста Віталя Каўша
У аўторак у Брэсцкім раённым судзе прайшло чарговае паседжанне па справе грамадскага актывіста Віталя Каўша. Нагадаем, 29-гадовы грамадскі актывіст амаль год як знаходзіцца за кратамі. За спрыянне незаконнай міграцыі яго асудзілі на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Брэсцкі абласны суд скасаваў прысуд. Цяпер справа пераглядаецца іншым складам суда. 13 жніўня разглядаліся банкаўскія дакументы за подпісам Віталя Каўша, тэлефанаванні, якія ён адкрыта рабіў са свайго мабільнага тэлефона з ліпеня па жнівень 2012 года. Таксама суд заслухаў паказанні дваіх беларускіх грамадзянаў індыйскага паходжання, якія былі перакладчыкамі ў справе "індусаў-канатаходцаў" цераз мяжу. Выступілі і іншыя сведкі: як з боку абвінавачання, так і з боку абароны.
Суд адхіліў хадайніцтва адваката Каўша аб праглядзе відэаролікаў з інтэрнэту, на якіх два з васьмі знятых з каната на беларуска-польскай мяжы ў траўні 2012 года індусаў сведчаць, што ў Брэсце іх прымусілі абгаварыць незнаёмых людзей.
Вось што гаворыць праваабаронца Раман Кісляк:
"З кожным днём тыя недакладнасці, на якія ўказваў Віталь Коўш, пацвярджаюцца паказаннямі сведкаў, перакладчыкаў, панятых. На мой погляд, відавочна, што доказы віны былі здабытыя ў ходзе следства з яўнымі парушэннямі закона".
Наступнае паседжанне прызначанае на 10-ю гадзіну 15 жніўня.