Бялынічы: адміністрацыйная справа Валерыя Вусіка будзе разгледжана паўторна
Грамадскі актывіст з вёскі Лебедзянка Бялыніцкага раёна Валерый Вусік атрымаў позву з суда Бялыніцкага раёна. У ёй паведамляецца, што суд Бялыніцкага раёна выклікае яго ў якасці асобы, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, для разгляду справы ў судзе ў 11-00 16 жніўня.
Валерый Вусік кажа, што пасля атрымання позвы 15 жніўня ён патэлефанаваў у суд Бялыніцкага раёна і звярнуўся з просьбай, каб разгляд адміністрацыйнай справы перанеслі на нейкі іншы дзень пасля 22 жніўня.
“Я высветліў, што паўторна разглядаць справу аб нібыта маім адміністрацыйным правапарушэнні будзе суддзя суда Бялыніцкага раёна Аксана Загорская, і звярнуўся да яе з просьбай аб пераносе разгляду справы з 16 жніўня на нейкі іншы дзень пасля 22 жніўня, - распавядае Валерый Вусік. – Справа ў тым, што мой адвакат Наталля Мяцеліца будзе занятая да гэтай даты па іншых справах, а я б хацеў, каб яна абавязкова ўдзельнічала ў паўторным разглядзе маёй адміністрацыйнай справы. Суддзя адказала мне, што я абавязкова павінен быць у судзе 16 жніўня, я там змагу звярнуцца з адпаведным хадайніцтвам, і яна разгледзіць пытанне аб пераносе пасяджання на нейкі іншы дзень. Спадзяюся, што маё хадайніцтва ўсё ж будзе задаволена”.
Позву аб тым, што суд Бялыніцкага раёна выклікае яго ў якасці сведкі па адміністрацыйнай справе Вусіка к 11-00 16 жніўня ў панядзелак атрымаў і выдавец газеты “Магілёўскі Выбар” Барыс Вырвіч.
Праваабаронца Барыс Бухель выказвае спадзяванні, што суд Бялыніцкага раёна перанясе паўторны разгляд адміністрацыйнай справы Валерыя Вусіка, каб пры разглядзе змог прысутнічаць яго абаронца.
“Спадзяюся, што суд Бялыніцкага раёна перанясе разгляд адміністрацыйнай справы Валерыя Вусіка на больш позні тэрмін, - кажа Барыс Бухель. – Для гэтага ёсць усе падставы, бо інакш у адміністрацыйным працэсе не зможа прыняць удзел абаронца. Таксама мы хочам звярнуцца да суда з хадайніцтвам аб тым, каб у якасці сведкі пры разглядзе справы ў судзе быў выкліканы супрацоўнік міліцыі, які ажыццяўляў праверку фактаў парушэнняў у дзейнасці СВК “Лебедзянка”, выкладзеных у артыкуле Валерыя Вусіка ў газеце “Магілёўскі Выбар”.
Нагадаем, што 29 сакавіка 2013 года старшыня суда Бялыніцкага раёна Уладзімір Гуз пакараў Валерыя Вусік аштрафам у памеры 30 базавых велічынь за паклёп у адрас старшыні СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова і штрафам у памеры 20 базавых велічынь за парушэнне артыкула 17 Закона аб СМІ пры распаўсюдзе газеты “Магілёўскі Выбар”. Па сукупнасці канчатковы памер штрафу вызначаны ў памеры 50 базавых велічынь, што на сённяшні дзень складае 5 мільёнаў рублёў.
25 красавіка ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі Валерыя Вусіка на рашэнне суда Бялыніцкага раёна. Суддзя Магілёўскага абласнога суда Павел Клімаў прыняў рашэнне пакінуць пастанову суда Бялыніцкага раёна без зменаў, а касацыйную скаргу Валерыя Вусіка без задавальнення. Старшыня Магілёўскага абласнога суда Ігар Прашко 1 жніўня пастанавіў адмяніць рашэнне суда Бялыніцкага раёна ад 29 сакавіка 2013 года і рашэнне Магілёўскага абласнога суда ад 25 красавіка 2013 года і накіраваць справу на новы разгляд у суд Бялыніцкага раёна да іншага суддзі.