“Назіраньне: не хаваць і не падмалёўваць”
Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”.
19 траўня 2013, Бабруйск
Пісаць пра падзеі 2010-11 і лёгка, бо яны, здаецца, добра такі адбіліся ў маёй памяці, і цяжка, бо ўсё ж час няўмольна зьядае сьвежыню эмоцыяў, сотні і тысячы дробных дэталяў, якія ствараюць шматфарбную карціну жыцьця. Набягаюць новыя падзеі, новыя ўражаньні, якія адцясьняюць і заціраюць старыя.
Нагадаю, што грамадзкае назіраньне ў 2006 годзе скончылася для яго арганізатараў вельмі няўдала. Запрацаваў тады толькі як прыняты новы ў Крымінальным кодэксе артыкул 193.1.
У наступныя парламенцкія выбары ў 2008 годзе праваабаронцы ўтварылі грамадзянскую ініцыятыву “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і пастараліся правесьці назіраньне з аднаго боку максімальна адкрыта і празрыста, з другога боку вельмі асьцярожна, не разгортваючы шырокую сетку кароткатэрміновых назіральнікаў, аб’ектыўна ацэньваючы і хаду выбарчай кампаніі, і яе вынікі. І абыйшліся, можна сказаць, мінімальнымі стратамі.
З самага пачатку абвяшчэньня выбарчай кампаніі, у верасьні 2010 году, мы правялі першую прэс-канферэнцыю, дзе абвясьцілі пра тое, што мы зьбіраемся назіраць і будзем праводзіць кампанію назіраньня ізноў жа адкрыта і празрыста, ня будзем умешвацца ў хаду выбараў. Нашая задача – аб’ектыўна паказваць усе станоўчыя бакі і ўсе хібы выбарчага працэсу. Што ёсьць, тое і паказаць, нічога не хаваючы і не падмалёўваючы. Пад сотню праваабаронцаў пачалі назіраць з першага дня выбарчай кампаніі, а ў пяць дзён папярэдняга галасаваньня і ў асноўны дзень выбараў да іх меркавалі далучыцца яшчэ пяцьсот назіральнікаў. Такім чынам, пры двух назіральніках на кожным участку мы планавалі праназіраць прыкладна на трохстах выбарчых участках у розных рэгіёнах краіны, як у гарадах, так і ў мястэчках і вёсках. У нас не было спецыяльна падрыхтаванай сацыялагічнай выбаркі ўчасткаў, але іх раўнамернае разьмеркаваньне па ўсёй тэрыторыі Беларусі пэўна што дало б даволі аб’ектыўную карціну праходжаньня выбараў па ўсёй краіне.
Доўгатэрміновыя назіральнікі рыхтавалі справаздачы па кожным з этапаў выбараў. Кароткатэрміновым назіральнікам трэба было штодзённа ў апошнія шэсьць дзён выбараў запаўняць форму назіральніка з пытаньнямі, якія нас цікавілі. Дарэчы, пра характар выбараў, іхнюю празрыстасьць і аб’ектыўнасьць можна вельмі дакладна зрабіць высновы яшчэ да галасаваньня. Гэта дазваляе методыка назіраньня, якую мы ўжывалі. Паводле таго, як сфармаваныя выбарчыя камісіі, як ішла рэгістрацыя кандыдатаў, у якой атмасферы праходзіла агітацыя, ці быў роўны доступ кандыдатаў да сродкаў масавай інфармацыі, можна ўжо вызначыць характар выбараў і адказаць: будуць яны аб’ектыўнымі ці не. А падлік галасоў, лічбы ў пратаколе, калі дакладна, да дробязяў не прапісаная працэдура падліку галасоў, гэта ўжо справа фармальная. Таму так важна было аб’ектыўна адсачыць і прааналізаваць папярэднія этапы выбарчай кампаніі. Гэтым мы і займаліся падчас выбараў.
Бабруйск (21.05.2013 па штэмпелю)
Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” была цікаваю тым, што дзякуючы нашым актывістам-назіральнікам нам удавалася атрымаць эксклюзіўныя факты аб выбарчай кампаніі. Яны былі разнастайнымі, як станоўчымі – мы аздначылі большыя магчымасьці кандыдатаў пры правядзеньні агітацыйнай кампаніі. Таксама агульная атмасфера ў грамадзтве была больш спакойнай. Не было такіх хапуноў грамадзкіх актывістаў і прадстаўнікоў выбарчых штабоў, як у 2006 годзе. Але было багата і адмоўных фактаў і тэндэнцыяў. На некаторыя, агучаныя намі выпадкі, рэагавала Цэнтральная выбарчая камісія ці тэрытарыяльныя камісіі. Яны тэрмінова выпраўлялі недахопы. Як сказаў адзін з сяброў ЦВК, дзень для яго пачынаўся з прагляду сайту “Вясны”. Думаю, што ня толькі для яго. Але заставалася самае істотнае. Няроўныя ўмовы для правядзеньня агітацыі і вал парушэньняў падчас датэрміновага галасаваньня казаў пра несуцяшальныя вынікі ўсёй кампаніі.
Праўда, пры ўсім разнагалосьсі і какафоніі выбарчай кампаніі нечакана пры яе завяршэньні зьявілася адзіная агульная нота, якая раптам аб’яднала амаль усіх кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў кампаніі. Гэта быў заклік прыйсьці на Плошчу. І якія ня былі рознымі кандыдаты, якія яны ня меліі адрозныя праграмы і амбіцыі, але заклік атрымаўся адзіным. Ён прагучаў і па тэлевізары падчас выступленьня кандыдатаў, і на іхніх сустрэчах з выбаршчыкамі, і ў рэдкіх агітацыйных матэрыялах.
Напачатку гэтаму не надалі сур’ёзнай увагі. Ну гавораць і гавораць, ну заклікаюць і заклікаюць. Ці ж багата людзей пачуюць іх узімку, у сьнег і мароз, і з такой “дохлай” выбарчай кампаніяй гэтых шматлікіх, але нераскручаных і таму малавыразных кандыдатаў.
Падчас выбараў нам на сайт самыя розныя людзі дасылалі паведамленьні і розныя факты пра папярэдняе галасаваньне, і нават некалькі відэасюжэтаў, зробленых сотавымі тэлефонамі. Адзін з такіх сюжэтаў з менскага ліцэю даслала нам ліцэістка, які затым у тэлешоў “Выбар” паказаў журналіст Дарафееў. Сюжэт быў вельмі простым. Дзяўчына сфільмавала, як куратарка па сьпісе групы правярае, ці ўсе навучэнкі прагаласавалі датэрмінова, ці не.
Мяне найбольш уразіў ня гэты факт, такое ж рабілася скрозь. А тая атмасфера паўсядзённасьці і звычайнасьці, якая была ў аўдыторыі.
Калектыўная псіхалогія ў нашым грамадзтве – рэч мала вывучаная. І чаму гэта паўсюль праходзіла вось так абыдзенна і звычайна – я ня маю адказу.
Напярэдадні выбараў на нашым офісе адбыўся дзіўны выпадак. Неяк зранку да мяне падыйшла адная з вясновак і сказала, што хтосьці ўзламаў яе шуфлядку у стале, якая запіралася на ключ. У ёй ляжалі паперы, датычныя дзейнасьці “Вясны”. “Ці зьнікла што?” – спытаўся я. “Не, усё на месцы”, – адказала яна. Мы паглядзелі яе шуфлядку. Сапраўды, на фаніроўцы каля замочку былі відныя драпіны, а сам замочак быў зламаны, як бы яго падчапілі і ламанулі нейкай стамескаю ці нажом, а назад зачыніць ужо не змаглі. Мы абгледзелі іншыя шуфлядкі. На ўсіх каля замочкаў былі падобныя драпіны, але замкі былі пазачыняныя. Дарэчы, ва ўсіх іншых шуфлядках, апроч першай, валялася ўсялякая неістотная дробязь, якая звычайна зьбіраецца ў шуфлядках гадамі. Падзея гэтая, па ўсім відаць, адбылася ўначы. Быў канец лістападу.