viasna on patreon

У справе Мілавідскага фэсту супрацоўнікі Баранавіцкага райвыканкама заблыталіся

2013 2013-08-10T23:33:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/syryca-shubich-sud-nash-kraj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 9 жніўня адбыўся другі разгляд зыскавай заявы актывіста Руху “За свабоду” Віктара Сырыцы на дзеянні афіцыйнай газеты Баранавіцкага райвыканкама “Наш край”. Разглядала гэтую грамадзянскую справу суддзя Вольга Апановіч, якая вяла весь судовы працэс на беларускай мове.

Віктар Сырыца падаў зыскавую заяву ў суд на газету “Наш край”. Справа ў тым, што 30 мая 2013 года яна надрукавала інфармацыю пра культурніцкае мерапрыемства ў гонар паўстанцаў 1863 года ля Мілавідскіх помнікаў, якое павінна адбыцца 2 чэрвеня а 12.30. Прачытаўшы пра гэтае афіцыйнае мерапрыемства, Віктар Сырыца замовіў аўтобус і арганізаваў 2 чэрвеня паездку аматараў гісторыі на анансаваны культурніцкі фэст. Аднак 2 чэрвеня ў 12.30 ля Мілавідскіх помнікаў нікога не было. Таму грамадскі актывіст і звярнуўся ў суд.

І на другім пасяджэнні суда Віктар Сырыца даводзіў, што рэдакцыя газеты “Наш край” парушыла закон “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы РБ па пытанням рэкламы” ад 3 студзеня 2013 года. Напрыклад, у згаданай інфармацыі ў газеце пра Мілавідскі фэст не былі ўказаны звесткі пра арганізатара гэтага культурніцкага мерапрыемства, адсутнічала інфармацыя, як патрабуе закон, пра спецыфіку запланаванага мерапрыемства, няма назвы і месцазнаходжання юрыдычнай асобы і г.д. Віктар Сырыца падкрэсліў, што, прыехаўшыя да Мілавідскіх помнікаў, людзі панеслі не толькі матэрыялгныя страты, але адчувалі сябе ў Мілавідах абманутымі і пакрыўджанымі. Таму ён патрабаваў, каб суд абавязаў рэдакцыю газеты “Наш край” надрукаваць абвяржэнне, што 30 мая 2013 года была пададзена несапраўдная інфармацыя пра мерапрыемства ў гонар паўстанцаў 1863 года, чым фактычна былі ўведзены ў зман чытачы газеты “Наш край”. Акрамя гэтага грамадскі актывіст імкнуўся, каб суд спагнаў з газеты “Наш край” панесеныя ім страты, звязаныя з арэндай аўтобуса, у памеры 2 млн. 300 тыс. рублёў, а таксама спагнаў з рэдакцыі газеты “Наш край” выдаткі па ўплаце дзяржпошліны за падачу зыскавай заявы.

Адказчык, галоўны рэдактар газеты “Наш край”, Міхаіл Шубіч прызнаў у судзе, што ён парушыў “Закон аб рэкламе” і ў будучым паабяцаў не дапускаць больш такіх парушэнняў. Ён таксама паведаміў суду, што газета надрукавала тую інфармацыю, якую атрымала ад аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама. Прадстаўнікі райвыканкама Дзмітрый Варвашэня і Таццяна Еўмянкова таксама прызналі ў судзе, што не паспелі надрукаваць у афіцыйнай газеце інфармацыю аб тым, што запланавае мерапрыемства было перанесена з-за магчымага дажджу на 2 гадзіны раней і адбылося а 10 гадзіне ля Мілавідскіх помнікаў. Дзмітрый Варвашэня нават папрасіў прыкласці да гэтай грамадзянскай справы фота з праведзенага афіцыйнага мерапрыемства 2 чэрвеня, праўда, на якім відаць ўсяго толькі 2-х чалавек. Прадстаўнікі райвыканкама адзначылі, што праз школу і сельскі клуб мясцовыя жыхары былі праінфармаваны аб нечаканым пераносе часу мерапрыемства ў гонар паўстанцаў 1863 года, але, як гэта рабілася, яны не патлумачылі.

 – На заканчэнні суда я зачытаў вытрымку з пастановы гарадскога суда ад 31 ліпеня аб прыцягненні мяне да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 2 млн. рублёў. У матывіровачнай частцы гэтай пастановы паведамляецца, што аддзел культуры райвыканкама накіраваў РАУС 30 мая афіцыйны ліст аб адмене запланаванага райвыканкамам мерапрыемства ля Мілавідскіх помнікаў 2 чэрвеня. Думаю, суду стала зразумела, што супрацоўнікі райвыканкама не толькі самі заблыталіся ў сваіх тлумачэннях, але імкнуцца ўвесці ў зман і суд. Атрымоўваецца, што райвыканкам спачатку абвясціў 30 мая ў газеце пра запланаваны фэст, а ў гэты ж дзень і адмяніў сваё свята ля Мілавідаў, але чамусьці 2 чэрвеня асобныя чыноўнікі ўсё ж такі правялі (!!!) адмененае мерапрыемства ў гонар паўстанцаў 1863 года. Цырк нейкі ды і толькі, – адзначыў Віктар Сырыца.

Таму грамадскі актывіст падаў афіцыйнае хадайніцтва, каб суд зрабіў запыт у РАУС: ці атрымала раённая міліцыя рашэнне аддзела культуры райвыканкама 30 мая аб адмене 2 чэрвеня афіцыйнага мерапрыемства ў Мілавідах?

Суддзя Вольга Апанасік прыняла хадайніцтва Віктара Сырыцы і вырашыла перанесці судовае пасяджэнне на 26 жніўня.

 

Фота: Віктар Сырыца і галоўны рэдактар газеты “Наш край” Міхась Шубіч у судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства