viasna on patreon

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці сустрэліся з дэпутатам парлямэнта

2013 2013-08-09T13:53:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/parlament.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

7 жніўня старшыня праўленьня Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова і юрыст Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі Юрый Чавусаў сустрэліся з прадстаўнікамі сталадзеючай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. З боку парлямэнту ў сустрэчы прымаў удзел дэпутат Валер Кокаш і прадстаўнік сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў.

Цягам сустрэчы былі абмеркаваныя пытаньні падрыхтоўкі да другога чытаньня праекта закона “Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях дзейнасьці палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”, які быў прыняты ў першым чытаньні 30 траўня 2013 году. Як чакаецца, другое чытаньне законапраекта адбудзецца цягам восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Нажаль, парлямэнт не выказаў зацікаўленасьці правесьці напярэдадні другога чытаньня законапраекта парлямэнцкія слуханьні па пытаньні ўдасканаленьня заканадаўства пра грамадзкія аб’яднаньні. Аднак сп. Кокаш заявіў пра адкрытасьць парлямэнта да канкрэтных заўвагаў і прапановаў па тэксьце законапраекта. Са свайго боку прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці выказалі намер такія дадатковыя заўвагі і прапановы прадставіць, а таксама запрасілі сябраў парлямэнцкай камісіі на грамадзкія слуханьні па законапраекце, якія мяркуецца правесьці напачатку кастрычніка.

Асобная ўвага ў часе сустрэчы была нададзеная пытаньню выкананьня Рэспублікай Беларусь сваіх абавязальніцтваў па правах чалавека ў межах Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду ААН. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці адзначылі неабходнасьць запрашэньня ў Беларусь спэцыяльных дакладчыкаў і іншых мандатарыяў ААН, а таксама мэтазгоднасьць ратыфікацыі міжнародных канвэнцыяў па правах чалавека і факультатыўных пратаколаў да іх.

Парлямэнтар праінфармаваў сп-ню Танкачву і сп. Чавусава пра тое, што профільнай камісіяй па праекце закона аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе, які рыхтуецца,  вызначаная сталадзеючая камсіія Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы.

Напрыканцы сустрэчы прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці выказалі пажаданьне, каб кансультацыі камісіі па правах чалавека з грамадзкасьцю набылі рэгулярны характар і не абмяжоўваліся разглядам пісьмовых прапановаў і прыёмаў наведвальнікаў. У прыватнасьці, добрай пляцоўкай для дыялёгу маглі б стаць сталыя нарады камісіі з прадстаўнікамі зацікаўленай грамадзянскай супольнасьці. 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства