Касацыйная скарга выдаўца “Вольнага горада” будзе разгледжана 28 жніўня
Выдавец незалежнай крычаўскай газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў 6-га жніўня атрымаў паведамленне з суда Крычаўскага раёна. У дакуменце паведамляецца, што “суд Крычаўскага раёна накіроўвае грамадзянскую справу па прыватнай скарзе Кудраўцава Уладзіміра Віктаравіча на вызначэнне суда Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці ад 27.07.2013 года. Скарга прызначаная да разгляду ў судзе касацыйнай інстанцыі з 10 гадзін 28 жніўня 2013 года ў памяшканні Магілёўскага абласнога суда па адрасе: г. Магілёў, вул. Першамайская, д. 85”.
У паведамленні кажацца пра тое, што яўка ў суд касацыйнай інстанцыі не з’яўляецца абавязковай. Аналагічнае паведамленне з суда Крычаўскага раёна накіравана ў КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280”.
17 чэрвеня суд Крычаўскага раёна вынес рашэнне па пазову “аб абароне дзелавой рэпутацыі” з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК № 280” супраць незалежнай газеты “Вольны горад”. Суд прызнаў распаўсюджаныя ў газеце “Вольны горад” (№ 4 ад 3 лютага 2013 года) у артыкуле “Прыгонныя” звесткі адносна КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” не адпавядаючымі рэчаіснасці і абавязаў газету “Вольны горад” апублікаваць абвяржэнне.
Журналісты газеты “Вольны горад” падалі касацыйную скаргу на гэта рашэнне суда Крычаўскага раёна, аднак суддзя Аляксандр Курылін адмовіўся накіроўваць яе ў Магілёўскі абласны суд “бо былі парушаны тэрміны падачы касацыйнай скаргі”. Як сцвярджае рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны, затрымка з тэрмінамі падачы скаргі адбылася толькі таму, што той жа суддзя Аляксандр Курылін у прысутнасці шматлікіх сведкаў паабяцаў журналістам газеты даслаць матывацыйную частку рашэння суда. Пасля ж у адказе на пісьмовы запыт журналістаў газеты “Вольны горад” Аляксандр Курылін паведаміў, што матывацыйная частка ўжо ўтрымліваецца ў пастанове суда Крычаўскага раёна.
Таму выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў вымушаны быў падаць прыватную скаргу ў Магілёўскі абласны суд, у якой звярнууся да суда з просьбай аднавіць тэрміны падачы скаргі і разгледзець справу па сутнасці.
Уладзімір Кудраўцаў і яго прадстаўнікі збіраюцца асабіста прысутнічаць на паседжанні Магілёўскага абласнога суда 28 жніўня ў Магілёве. Журналісты “Вольнага горада” спадзяюцца на тое, што ў судзе касацыйнай інстанцыі будзе прынятае справядлівае рашэнне.