viasna on patreon

Правы чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2013

2013 2013-07-10T10:05:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logo-ahliad-hronika1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Чэрвень адзначыўся відавочнай тэндэнцыяй да пагаршэння становішча з правамі чалавека ў Беларусі. За кратамі па-ранейшаму заставаліся палітвязні, спіс якіх папоўніўся яшчэ адным прозвішчам: да году і шасці месяцаў пазбаўлення волі быў асуджаны 23-гадовы жыхар Наваполацка Андрэй Гайдукоў. Такім чынам, у чэрвені ў месцах пазбаўлення і абмежавання волі ўтрымліваліся 12 палітычных зняволеных: Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Дзмітрый Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Павел Севярынец, Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч і Андрэй Гайдукоў.

На працягу месяца былі таксама ўзбуджаны 2 крымінальныя справы па палітычных матывах: супраць Аляксея Шчадрова паводле артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу – дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, а таксама супраць былога палітвязня Васіля Парфянкова па артыкуле 421 Крымінальнага кодэкса ( парушэнне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду). Калі дадзеныя крымінальныя справы будуць даведзеныя да суда, у выніку чаго дадзеныя асобы будуць пазбаўлены волі, то яны будуць лічыцца новымі палітычнымі вязнямі.

Дадзеныя фактары не паўплывалі на адыход да гэтага часу трывала дэкларуемай пазіцыі Еўрапейскага Саюза адносна ўзнаўлення кантактаў з беларускім афіцыйным бокам выключна пасля вызвалення палітвязняў. Так, 24 чэрвеня на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў ЕС у Люксембургу было прынята рашэнне аб прыпыненні візавых санкцый у дачыненні да міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Нягледзячы на тое, што ў дакуменце па выніках паседжання ўказвалася, што гэтая мера прынятая для спрашчэння дыпламатычных кантактаў паміж Еўрасаюзам і Беларуссю, дадзены крок праваабарончай супольнасцю быў успрыняты як змена прынцыповай пазіцыі ЕС па вызваленні палітвязняў як перадумова наладжвання кантактаў з беларускімі ўладамі. Гэта звязана з тым, што Уладзімір Макей быў унесены ў “чорны спіс” ЕС у студзені 2011 года ў асабістай якасці, як кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, які мае дачыненне да жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежні 2010 года і наступным пераследам актывістаў апазіцыі.

Сур’ёзнае пагаршэнне зафіксавана ў сферы ўжывання смяротнага пакарання. Толькі за чэрвень былі вынесены два смяротныя прысуды: 12 чэрвеня Гродзенскім абласным судом 23-гадоваму жыхару Вілейкі і 14 чэрвеня Гомельскім абласным судом 25-гадоваму жыхару абласнога цэнтру Аляксандру Грунову. Дадзеныя прысуды былі вынесены на фоне актывізацыі кантактаў афіцыйнага Мінска са структурамі Савета Еўропы па пытанні магчымасці ўвядзення мараторыю ці адмены дадзенага віду пакарання ў Беларусі. 21 чэрвеня ў Мінску адбыўся круглы стол «Рэлігія і смяротнае пакаранне», арганізаваны Радай Еўропы ў супрацоўніцтве з беларускай дзяржавай, а 27 чэрвеня ўжо ў Страсбургу дэпутаты Палаты прадстаўнікоў бралі ўдзел у паседжанні Камітэта ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі па абмеркаванні пытання пра смяротнае пакаранне ў Беларусі. Вынясенне смяротных прысудаў падчас дыскусіяў на дадзеную тэму з міжнароднымі структурамі паказвае, што беларускія ўлады не гатовы ісці далей абмеркавання, і на дадзены момант не гатовыя да вырашэння праблемы па сутнасці.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі была ў цэнтры ўвагі Савета па правах чалавека ААН, дзе 4 чэрвеня ў межах 23-й Сесіі адбылося абмеркаванне дакладу краінавага спецдакладчыка Міклаша Харашці. У дакуменце была дадзена ацэнка становішча з правамі чалавека ў Беларусі ў перыяд з 5 ліпеня 2012 года па 31 сакавіка 2013 года і адлюстраваны сістэматычны характар іх парушэнняў. З рэзкай крытыкай як самога дакладу, так і наяўнасці інстытуту спецдакладчыка выступіў прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў. Ён заявіў, што даклад выкарыстоўваеца для таго, каб аказаць палітычны і эканамічны ціск на Беларусь. "Беларускі народ не мае патрэбы ў спецдакладчыку. Мы ведаем, якія ў нас ёсць праблемы, і гатовы іх вырашаць. У нас ёсць свая мадэль, якая заснавана на нацыянальным суверэнітэце, бяспецы і вяршэнстве закона. Мы адхіляем усе абвінавачанні, якія ўтрымліваюцца ў дакладзе, і заяўляем, што высновы даклада для нас непрымальныя".

У сваю чаргу праваабарончая супольнасць адзначыла аб'ектыўны характар дакладу і заклікала ў чарговы раз беларускія ўлады да супрацоўніцтва з праваабарончымі інструментамі ААН. Так, намеснік кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясны” Валянцін Стэфановіч падчас інтэрактыўнага дыялогу вакол справаздачы спецыяльнага дакладчыка заклікаў беларускія ўлады запрасіць у краіну тэматычных дакладчыкаў ААН, у тым ліку дакладчыкаў па катаваннях, абароне праваабаронцаў, незалежнасці судовай сістэмы і адвакатуры, свабодзе асацыяцый і Працоўную групу па адвольных затрыманнях. “Мы таксама заклікаем дапусціць у краіну Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, як ён неаднаразова прасіў, каб ён мог атрымаць інфармацыю пра становішча ў краіне як ад незалежных НДА, так і ад дзяржаўных органаў”, -- адзначыў В. Стэфановіч.

13 чэрвеня ў межах 23-й сесіі Савета па правах чалавека ААН адбылося галасаванне па рэзалюцыі аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якая ўтрымлівала палажэнне аб падаўжэнні мандата спецдакладчыка. За яе прыняцце аддалі свае галасы дэлегацыі 26 краін, супраць выступілі 3, 18 - устрымаліся. Такім чынам, мандат спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі быў працягнуты яшчэ на адзін год. Гэтае рашэнне вельмі станоўча было ацэнена праваабаронцамі краіны, якія успрымаюць дадзены інструмент як магчымасць наладжвання дыялогу па праблемах правоў чалавека паміж беларускімі ўладамі і міжнароднай супольнасцю, што можа прывесці да сістэмнага паляпшэння становішча ў дадзенай галіне.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

1 чэрвеня Марына Адамовіч, жонка зняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, паведаміла, што палітвязень з турмы рыхтуе кнігу «Шлях волі» -- зборнік артыкулаў і эсэ, напісаных за мінулае дзесяцігоддзе. 20 чэрвеня, перад пачаткам старшынства Літвы ў Еўрапейскім Саюзе, быў абнародаваны зварот М. Статкевіча

да прэм'ер-міністра Літвы Альгірдаса Буткявічуса з нагоды абмеркавання магчымасці запрашэння вышэйшых службовых асоб Беларусі на саміт Усходняга Партнёрства ў Вільні, у якім сярод іншага адзначалася: "Тыя, хто змагаецца за свабоду нашай краіны, разглядаюць любыя прамыя кантакты кіраўніцтва дэмакратычных краін з верхаводамі беларускага рэжыму як здраду ідэалам дэмакратыі і спробу легітымізацыі дыктатуры. Я звяртаюся да Вас з заклікам адмовіцца ад сустрэч з кіраўніцтвам беларускага рэжыму да таго часу, пакуль у нашай краіне не застанецца ні аднаго палітвязня”.

6 чэрвеня стала вядома, што палітвязень Дзмітрый Дашкевіч атрымаў адказ на сваю скаргу ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС РБ адносна прыніжэнняў, з якімі вымушаныя сутыкацца зняволеныя штодня - у прыватнасці, у турмах не дазваляюць карыстацца звычайнымі лыжкамі, акрамя прыёмаў ежы па раскладзе. А гэта значыць, што зняволеныя не могуць ні размяшаць цукар у гарбаце, ні з'есці ўласную ежу з перадач, а вымушаныя рабіць гэта футлярам ад зубной шчоткі. Дз.Дашкевіч прасіў праверыць законнасць гэтага правіла. Як вынікае з адказу ДВП, такое правіла ёсць, але прадстаўнікі МУС не ўказалі, які дакумент прадугледжвае такую ​​норму, што паставіла пад сумнеў існаванне такога дакумента. 25 чэрвеня Наста Дашкевіч, жонка Дз. Дашкевіча, паведаміла, што ёй і яе бацьку тэлефанавалі супрацоўнікі Першамайскага РУУС г. Мінска і пыталіся, ці яны не супраць, каб палітвязень пасля вызвалення жыў у іх. Жонка Дз. Дашкевіча не выключыла, што рыхтуюцца дакументы для ўстанаўлення прэвентыўнага нагляду за яе мужам пасля выхаду на волю, мяркуемага 28 жніўня. 

7 чэрвеня намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч атрымаў з МЗС Беларусі адказ на свой зварот адносна невыканання дзяржавай рашэння Працоўнай групы па адвольных затрыманнях ААН па справе зняволенага кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага. У звароце на імя міністра Уладзіміра Макея праваабаронца нагадваў, што ў задачы МЗС уваходзіць і кантроль за выкананнем міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь і аказанне садзейнічання ў выкананні міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь. “Беларусь не мае магчымасці прыняць да разгляду меркаванні працоўнай групы, аб чым Рада ААН па правах чалавека і Працоўная група па адвольных затрыманнях праінфармаваны” – так падвынікоўваецца адказ МЗС, датаваны 31 траўня і падпісаны намеснікам міністра Валянцінам Рыбаковым. У якасці аргументацыі прадстаўнік міністэрства адзначыў наступнае: “Выкананне меркаванняў Працоўнай групы па адвольных затрыманнях не падпадае пад міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь”. Гэтым абзацам МЗС толькі дэманстратыўна пацвердзіў адмову беларускай дзяржавы ад выканання рашэння Працоўнай групы,  адмову ад супрацоўніцтва, паколькі ў сваім звароце Валянцін Стэфановіч якраз зрабіў акцэнт на тым, што “спецыяльныя працэдуры ААН (у тым ліку Працоўная група па адвольных затрыманнях) з’яўляюцца дапаможнымі органамі ААН. Яны былі створаны Саветам па правах чалавека ААН і падсправаздачныя яму. Сябры ПГАЗ абіраюцца Кансультатыўнай групай, якая прызначаецца Саветам па правах чалавека ААН, на падставе ведаў і досведу ў галіне іх мандата, добрасумленнасці, незалежнасці і бесстароннасці. Іх юрыдычныя заключэнні, такія як вышэйзгаданае рашэнне па справе Алеся Бяляцкага, з’яўляюцца рашэннямі ААН. Рэспубліка Беларусь як дзяржава-сябар ААН мае абавязак супрацоўнічаць з усімі органамі і механізмамі ААН (як гэта прадугледжана артыкулам 56 Статута ААН), а таксама звязана дамовамі, у прыватнасці МПГПП, які Беларусь ратыфікавала ў 1973 г.” Відавочна, прадстаўнікі знешнепалітычнага ведамства не пажадалі пачуць довады праваабаронцы.

7 чэрвеня Таццяна Францкевіч, маці зняволенага актывіста анархісцкага руху Аляксандра Францкевіча, які адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі, паведаміла, што да яе сына не прапусцілі бандэроль з кнігамі Сяргея Даўлатава і Франца Кафкі. Бандэроль была адасланая назад без указання прычын, хаця перад гэтым у калоніі адвакату сказалі, што можна дасылаць мастацкую літаратуру. Папярэджвалі, каб не дасылалі толькі філасофскія і палітычныя кнігі, але забаранілі і мастацкія.

У першай палове чэрвеня палітвязень Мікалай Дзядок быў змешчаны на 10 сутак у штрафны ізалятар магілёўскай турмы №4, дзе ён адбывае пакаранне. Прычыну змяшчэння ў ШЫЗА жонцы зняволенага актывіста анархісцкага руху Валерыі Хоцінай не паведамілі.

12 чэрвеня ў Віцебскім абласным судзе пачаўся разгляд справы Андрэя Гайдукова, 23-гадовага навапалачаніна, па абвінавачанні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці). Суд над А. Гайдуковым праходзіў у закрытым рэжыме, нягледзячы на ​​просьбы праваабаронцаў зрабіць працэс адкрытым. У ходзе судовага разбіральніцтва абвінавачванні  былі перакваліфікаваны на частку 1 артыкула 14 і артыкул 356-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (замах на ўстанаўленне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы). 1 ліпеня суддзя Галіна Урбановіч вынесла  прысуд - 1,5 гадоў пазбаўлення волі. У гэты ж дзень Праваабарончы цэнтр "Вясна" і РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" заявілі, што паколькі папярэдняе следства і суд былі цалкам закрытыя, “можна выказаць здагадку, што неабходнасць у разглядзе дадзенай справы ў закрытым судовым разглядзе была выклікана жаданнем схаваць ад грамадскасці незаконныя метады расследавання і правакаванне абвінавачанага да здзяйснення больш цяжкага злачынства. Такая кваліфікацыя зробленага судом паказвае, што КДБ увёў у зман грамадскасць у той час, як супрацоўнікамі КДБ не было выяўлена факту ўстанаўлення грамадзянінам Рэспублікі Беларусь супрацьпраўнага супрацоўніцтва з органамі замежнай дзяржавы. Пры устаноўленых абставінах супрацоўнікі КДБ працягвалі схіляць Гайдукова да здзяйснення больш цяжкага злачынства, гэта значыць, здзейснілі правакацыю”. Ацэньваючы ў сукупнасці названыя абставіны, характар ​​прад'яўленага абвінавачвання, дапушчаныя падчас папярэдняга расследавання працэсуальныя парушэнні, а таксама закрыты рэжым разгляду справы ў судзе, зыходзячы з наяўнай у праваабаронцаў інфармацыі аб дзеяннях Гайдукова, якія паслужылі фармальнай падставай для яго затрымання, Праваабарончы цэнтр "Вясна" і РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" прыйшлі да высновы, што “асуджэнне А. Гайдукова з'яўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным, паколькі яно ў значнай ступені мела на мэце павышэнне ролі і значнасці КДБ у дзяржаве непрымальнымі ў дэмакратычным грамадстве метадамі”.

14 чэрвеня палітзняволены Эдуард Лобаў паведаміў сваёй маці Марыне Лобавай у тэлефоннай размове, што пракуратура паўторна разгледзіць ягоную скаргу на шэраг парушэнняў пры разглядзе ягонай справы ў судзе ў 2011 годзе, а таксама пра допыты ў КДБ без адваката. 25 чэрвеня ў Івацэвіцкай калоніі адбылося кароткатэрміновае двухгадзіннае спатканне Э. Лобава з маці. Зняволены паведаміў, што, нягледзячы на летні сезон, садавіны, ягад ці свежай гародніны вязням не даюць, з усёй гародніны -- кіслая капуста ці салёныя гуркі. Нават у турэмнай краме садавіна бывае крайне рэдка ўвосень.

20 чэрвеня стала вядома, што ў Шчучынскім раёне распачатая крымінальная справа паводле артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу – дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Справа ўзбуджана супраць жыхара вёскі Аляксандраўк, каталіцкага верніка Аляксея Шчадрова, які арганізаваў у вёсцы прытулак для бяздомных. Паводле пастановы начальніка ААПП Шчучынскага РАУС маёра міліцыі Сяргея Асовіка, які разглядаў матэрыялы праверкі, Аляксей Шчадроў “арганізаваў дзейнасць … незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі і забяспечыў умовы яе функцыянавання без рэгістрацыі ва ўсталяваным заканадаўствам парадку”. Аляксей Шчадроў сцвярджае, што ён не ствараў ніякіх арганізацый, а проста займаецца дабрачыннасцю, стварыўшы прытулак для бяздомных. З гэтымі асобамі ён разам маліўся, але ніякай секты не ствараў. Антоні Грэмза, віцэ-канцлер Гарадзенскай рымска-каталіцкай курыі, да якой фармальна прыналежыць вернік Аляксей Шчадроў, таксама назваў дзеянні верніка прыватнай ініцыятывай, а не стварэннем нейкага сектанцкага руху. Паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу, А. Шчадрову пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

21 чэрвеня актывіста анархісцкага руху, палітвязня Арцема Пракапенку, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі, пазбавілі прадуктовых перадач падчас доўгатэрміновага спаткання з маці – Віялетай Пракапенка. Начальства калоніі забараніла яму браць прадукты на вынас, паколькі ён па-ранейшаму з'яўляецца «злосным парушальнікам рэжыму». Арцём Пракапенка працуе ў калоніі памочнікам зваршчыка.

28 чэрвеня бацькі палітзняволенага Ігара Аліневіча, паведамілі, што мелі з сынам працяглае спатканне ў калоніі № 10 горада Наваполацка. Па словах маці зняволенага, Валянціны Аліневіч, сустрэча працягвалася адны суткі ў пакоі, які быў не большы за 10–12 квадратных метраў, без дазволу яго пакідаць, што ва ўмовах спёкі было цяжкім выпрабаваннем. Па назіраннях І. Аліневіча, тыя людзі, з якімі ён размаўляе, потым падвяргаюцца пераследу. У гэты ж дзень стала вядома, што з Валянцінай Аліневіч адмовіліся працягнуць працоўны кантракт. Маці палітвязня больш за 30 гадоў адпрацавала ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Адміністрацыя казала, што яна запатрабаваны спецыяліст высокага ўзроўню, аднак спецслужбы настаялі на тым, каб працоўныя адносіны з В.Аліневіч былі скасаваныя. Па словах маці палітвязня, увесь гэты час яна ніякім чынам не дэманстравала свае палітычныя перакананні на працы, і да апошняга года ў яе не было праблем з кіраўніцтвам ВНУ.

28 чэрвеня ў Першамайскім РУУС Мінска былому палітвязню Васілю Парфянкову паведамілі, што супраць яго ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 421 Крымінальнага кодэкса за парушэнне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду. Гэта ўжо другая крымінальная справа па дадзеным артыкуле пасля вызвалення яго згодна з указам прэзідэнта аб памілаванні ў жніўні 2011 года пасля асуджэння да чатырох гадоў пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 293 КК РБ за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Першы раз  актывіст быў асуджаны судом Першамайскага раёна г. Мінска паводле артыкулу 421 Крымінальнага кодэкса 29 траўня 2012 г. і пакараны 6 месяцамі турэмнага арышту. Тэрмін нагляду, прызначаны Васілю Парфянкову, павінен скончыцца 30 чэрвеня. На момант абвяшчэння аб узбуджэнні крымінальнай справы ў В. Парфянкова былі толькі два парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду.

 

Смяротнае пакаранне

10 чэрвеня маці абвінавачанага ў здзяйсненні тэракту ў мінскім метро і расстралянага Уладзіслава Кавалёва -- Любоў Кавалёва і ягоная сястра Таццяна Казяр накіравалі скаргу ў Міністэрства ўнутраных спраў на адмову Дэпартамента па выкананні пакаранняў паведаміць ягонае месца пахавання. Родныя Уладзіслава Кавалёва звярталіся ў ДПВ з такой просьбай 25 красавіка, але ўжо 8 траўня атрымалі адмову. Першы намеснік начальніка ДВП МУС Рэспублікі Беларусь С.І. Працэнка паведаміў, што «парадак выканання смяротнага пакарання строга рэгламентаваны артыкулам 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якім прысуд да смяротнага пакарання, які ўступіў у законную сілу, выконваецца пасля атрымання афіцыйнага паведамлення аб адхіленні скаргаў, накіраваных у парадку нагляду і хадайніцтва аб памілаванні. Смяротнае пакаранне выконваецца непублічна шляхам расстрэлу. Цела для пахавання не выдаецца, аб месцы пахавання не паведамляецца ". У сваім звароце ў МУС Л. Кавалёва і Т. Казяр настойваюць на тым, што норма “пра месца пахавання не паведамляецца”, прадугледжаная ч. 55 арт 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, на якую спасылаецца ДВП, з’яўляецца нікчэмнай, паколькі супярэчыць арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзяскіх і палітычных правах.  Сваю пазіцыю яны абгрунтоўваюць меркаваннем Камітэту па правах чалавека ААН па справе Уладзіслава Кавалёва, згодна з якім «поўная сакрэтнасць вакол даты экзэкуцыі і месца пахавання, а таксама адмова ў выдачы цела для пахавання ў адпаведнасці з рэлігійнымі перакананнямі і звычаямі сям'і пакаранага зняволенага стварылі эфект запалохвання і пакарання сям'і шляхам наўмыснага пакідання іх у стане невядомасці і псіхічнага стрэсу. У сілу гэтых абставінаў Камітэт вырашыў, што гэтыя элементы ў сукупнасці, а таксама наступная ўпартая адмова дзяржавы-ўдзельніка ў інфармаванні аўтараў пра месца пахавання Кавалёва ўяўляюць сабой бесчалавечнае абыходжанне з аўтарамі ў парушэнне артыкула 7 Пакта »(пункт 11.10 меркаванняў).

12 чэрвеня Гродзенскі абласны суд вынес смяротнае пакаранне 23-гадоваму жыхару Вілейкі, прызнаўшы яго вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт.139 ч.2 пункты 1 і 6 (забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю); арт.205 ч.1 (крадзёж); ст.347 ч.1 (здзек над трупамі), ст.378 (крадзёж асабістых дакументаў). Працэс вёў суддзя Анатоль Заяц. 5-га жніўня 2102 года асуджаны з рэўнасці забіў у адной з кватэр маласямейнага інтэрната ў Гродна сваю жонку, жыхарку Жлобіна, і яе знаёмага гродзенца. Злачынства лічыцца «побытавым», абвінавачваны прызнаны свядомым.

 12-15 чэрвеня ў Мадрыдзе ўдзел у працы V Сусветнага Кангрэса супраць смяротнага пакарання ўзялі  прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Кангрэс быў арганізаваны асацыяцыяй “Разам супраць смяротнага пакарання” (Ensemble Contre la Peine de Mort (ECPM)) пры сумеснай падтрымцы ўрадаў Іспаніі, Нарвегіі і Швейцарыі.

14 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе быў вынесены смяротны прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні 25-гадовага жыхара абласнога цэнтру Аляксандра Грунова па абвінавачаннні ў забойстве студэнткі ГДУ ім.Ф.Скарыны Наталлі Емельянчыкавай. Забойства з асобай жорсткасцю адбылося 19 верасня 2012 года, ахвяры былі нанесены 102 нажавыя раненні. Дзяўчына загінула, не дайшоўшы некалькі метраў да свайго пад'езду. У судзе Аляксандр Груноў віну прызнаў цалкам. У 2005 годзе Аляксандр Груноў быў асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на 8 гадоў за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці - ён да смерці збіў сужыцеля сваёй маці. Забойства дзяўчыны ён здзейсніў, прабыўшы толькі год на волі пасля адбыцця пакарання.

18 чэрвеня намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч звярнуўся да старшыні Белтэлерадыёкампаніі ў сувязі з паказаным 1 чэрвеня на тэлеканале "Беларусь-1" у праграме "Таямніцы следства"сюжэту, у якім распавядаецца пра забойства ў Магілёўскай турме. У дадзеным сюжэце, пра акалічнасці здзейсненага Рыгорам Юзэпчуком і яго саўдзельнікам забойства сукамерніка ў кантэксце адмоўных характарыстык асобы некалькі разоў указваецца яго нацыянальная прыналежнасць. У сюжэце выкарыстоўваюцца словазлучэнні “з цыганам Юзэпчуком было ўсё зразумела”, “з малаадукаваным цыганам Юзэпчуком”, “са словаў цыгана”, “асуджаны цыган Юзэпчук” і г.д. Пры гэтым нацыянальнасці саўдзельніка Паўла Петракова і пацярпелага Ігара Ходанава, якія таксама маюць скрайне адмоўныя характырыстыкі асобаў, у дадзеным сюжэце не ўказваюцца. Па меркаванні Валянціна Стэфановіча, падобнае ўказанне на нацыянальную прыналежнасць злачынцы  можа спрыяць праявам ксенафобіі і дыскрымінацыйным паводзінам у грамадстве, а таксама фармаванню выключна негатыўных ацэнак у дачыненні да прадстаўнікоў усёй цыганскай нацыянальнай меншасці ў нашай краіне. Праваабаронца звярнуўся з просьбай да Генадзя Давыдзькі правесці праверку ўказаных фактаў, а таксама тлумачальную працу з аўтарамі праграмы аб недапушчальнасці падобных фактаў у будучыні.

 19 чэрвеня генеральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк выказаў незадаволенасць пазіцыяй медыяў і праваабаронцаў адносна вынесеных за апошнія дні ў краіне двух смяротных прысудаў — у Гомелі і Гродна. «Зноў пачаўся лямант у СМІ. Пра што яны лямантуюць? Лямантуюць пра лёс чалавека, які загубіў некалькі жыццяў. Але ніхто не пагаварыў з маці 22-гадовай забітай дзяўчыны, ніхто не пацікавіўся, як далей будуць жыць блізкія ахвяраў», — заявіў генпракурор, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў. Паводле Канюка, «сёння ёсць зрух у тым, што мы больш клапоцімся пра злачынцаў, а не пра ахвяры». «Лямант пачаўся, але як злачынцу выправіць, калі ён адрэзаў галаву і ездзіў з ёй у сумцы па рэспубліцы? Што рабіць з нягоднікам, які нанёс 122 нажавых раненняў сваёй ахвяры?» — адзначыў генпракурор.

21 чэрвеня ў Доме міласэрнасці ў Мінску адбыўся круглы стол «Рэлігія і смяротнае пакаранне», арганізаваны Радай Еўропы ў супрацоўніцтве з беларускай дзяржавай. У круглым стале прынялі ўдзел прадстаўнікі Праваслаўнай і Рыма-Каталіцкай Цэркваў, заканадаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь, дэлегаты Рады Еўропы, дыпламаты, праваабаронцы. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Філарэт накіраваў удзельнікам круглага стала прывітальнае слова: «Беларуская Праваслаўная Царква настойліва звяртала ўвагу грамадскасці на праблему смяротнага пакарання яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. У 1996 годзе напярэдадні ўсенароднага рэферэндуму, на якім, сярод іншага, абмяркоўвалася пытанне аб смяротнай кары, мы заклікалі беларускі народ адмовіцца ад такой меры пакарання."Мы, хрысціяне, не можам апраўдваць смяротнае пакаранне, бо гэта грэх забойства ... Жыццё любога чалавека належыць яго Творцы, Богу. Не мы, грэшныя людзі, даравалі быццё чалавеку, - не нам і пазбаўляць чалавека існавання. Бо за жыццё кожнага з нас Гасподзь Ісус Хрыстос аддаў сваё жыццё, зведаўшы пакуты, знявагі, здзекі і смерць на Крыжы ... Дзяржава, спапяляў сваіх грамадзян, кожны раз нанова распінае Хрыста ". Такой была наша пазіцыя ў год рэферэндуму. На сёння яна засталася нязменнай».

27 чэрвеня ў Страсбургу на паседжанні Камітэта ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі абмяркоўвалася пытанне пра смяротнае пакаранне ў Беларусі. Беларускі афіцыйны бок прадстаўлялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка і Аляксандр Зазуля. Па выніках свайго ўдзелу ў паседжанні Мікалай Самасейка адзначыў, што галоўнае пытанне было ў тым, каб у Беларусі ўвялі мараторый на смяротнае пакаранне. Па словах М.Самасейкі, ён патлумачыў дэпутатам Савета Еўропы, што пытанне аб смяротным пакаранні ў Беларусі вырашалася не кімсці з чыноўнікаў, а па выніках рэферэндуму, падчас якога большасць беларусаў выказалася за ўжыванне дадзенай меры пакарання. Таму адмяніць вынікі рэферэндуму не так проста. Разам з тым, Мікалай Самасейка сказаў, што ў грамадстве ёсць розныя думкі наконт смяротнага пакарання, як і ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў: адны выступаюць за адмену смяротнага пакараньня, іншыя лічаць, што яго трэба пакідаць. «Таму», — сказаў спадар Самасейка, — «мы абяцалі не рабіць рэзкіх рухаў у гэтым пытанні, а вырашаць яго, як кажуць англічане, step by step (крок за крокам)».

 

Актывізацыя ціску спецслужб на грамадска і палітычна актыўных грамадзян

6 чэрвеня, пасля заканчэння прызыву ва ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь, была прадпрынята спроба гвалтоўна прызваць у войска актывіста «Гавары праўду!» Арцёма Свіршчыка. Актывіст быў дастаўлены ў гарадскі ваенкамат, дзе супрацоўнікі адмовіліся прадастаўляць яму дакументы, паводле якіх яго прызываюць, спасылаючыся на тое, што гэта дакументы для службовага карыстання. Пасля некалькіх гадзін знаходжанння ў ваенкамаце Арцёму Свішчыку выдалі позву з'явіцца праз некалькі дзён і адпусцілі. За тыдзень да гэтага здарэння актывіст адмовіўся ад супрацоўніцтва з КДБ.

12 чэрвеня Алег Аксёнаў падаў скаргу на незаконную дзейнасць упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці ў суд Ленінскага раёна Магілёва. Праз суд актывіст аркамітэта партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя просіць адмяніць вынесенае яму папярэджанне КДБ, а таксама прызнаць незаконнай і неабгрунтаванай праведзенную з ім супрацоўнікам спецслужбы прафілактычную размову. Таксама Алег Аксёнаў дамагаецца абавязаць начальніка УКДБ па Магілёўскай вобласці  прынесці яму пісьмовыя прабачэнні, а супрацоўніка УКДБ Махунова -- вусныя за іх незаконныя дзеянні. Справа датычыць падзеяў 29 красавіка, калі супрацоўнік КДБ Махуноў выклікаў па позве ў будынак КДБ Алега Аксёнава для прафілактычнай размовы.  Падчас “размовы” Махуноў паведаміў, што актывісту вынесена папярэджанне нібыта за дзейнасць ад імя незарэгістраванай партыі – аргкамітэта Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, а таксама за ўдзел у дзейнасці двух незарэгістраваных у вызначыным парадку арганізацый – грамадзянскай кампаніі “За справядлівыя выбары-2012” і Магілёўскай рэгіянальнай кааліцыі дэмакратычных сіл. На прафілактычным уліку КДБ Алег Аксёнаў знаходзіцца ўжо болей за год. У Магілёве на такім уліку стаяць таксама актывістка БХД Тацяна Шамбалава і лідар Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў.

 

Прымяненне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

20 чэрвеня стала вядома, што крычаўскія міліцыянеры жорстка збілі чалавека, па выніках праверкі заведзена крымінальная справа паводле прыкмет складу злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў). Падчас папярэдняга расследавання былі ўстаноўлены асобы супрацоўнікаў, якія, наўмысна перавышаючы свае службовыя паўнамоцтвы, нанеслі жыхару горада Крычава цяжкія цялесныя пашкоджанні. Аднаму з супрацоўнікаў выстаўлена абвінавачанне і абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Збітага грамадзяніна затрымалі ў снежні 2012 года, ён праходзіў у якасці падазраванага ў крадзяжы у Крычаўскім УКПП «Камунальнік». Супрацоўнікі міліцыі прымянілі меры фізічнага ўздзеяння к падазраванаму, у выніку гэтага ён атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. Пасля вызвалення грамадзянін звярнуўся з заявай у Крычаўскі міжрайаддзел КДБ.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

3 чэрвеня стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН выявіў парушэнні права на свабоду і асабістую недатыкальнасць у адносінах да брэсцкай актывісткі руху “За Свабоду” Жаны Коўш. Актывістка звярнулася ў Камітэт па правах чалавека ААН яшчэ ў 2008-м годзе са скаргай на тое, што яе двойчы затрымлівалі ў Брэсце па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальных злачынстваў (кожная з гэтых спраў пасля была спынена) і змяшчалі ў ізалятар часовага ўтрымання. У першым выпадку Ж.Коўш знаходзілася там у чаканні суда 61 гадзіну, у другім - 72. Актывістка лічыць, што ўтрыманне пад вартай звыш 48 гадзін без дастаўлення да суддзі з'яўляецца парушэннем яе права на свабоду і асабістую недатыкальнасць згодна Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Камітэт ААН у абодвух выпадках прызнаў парушэнні Пакта. Важна адзначыць, што да гэтага часу ніхто не ставіў перад гэтым міжнародным органам пытанне аб парушэнні Пакта пры больш кароткім, чым 72 гадзіны, тэрміне ўтрымання пад вартай без дастаўкі да суддзі. Камітэт у справе Жанны Коўш усталёўвае новы стандарт ААН. Высновы Камітэта па справе Жанны Коўш павінны прывесці  да перагляду заканадаўства аб затрыманні і заключэнні пад варту як у Беларусі, так і ў іншых дзяржавах - удзельніцах Пакта, якія пакуль яшчэ не ўвялі 48-гадзінны максімальны тэрмін для дастаўлення да суддзі затрыманага.

4 чэрвеня позна ўвечары, падчас распаўсюду ўлётак супраць прызыўнога рабства, быў затрыманы член аргкамітэта па стварэнні Нацыянал-бальшавіцкай партыі Дзмітрый Паліенка. Пасля затрымання ён быў дастаўлены ў РАУС Маскоўскага раёна, дзе быў падвергнуты збіцьцю з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. 5 чэрвеня суд Маскоўскага раёна Мінска асудзіў Дз. Паліенку на пяць сутак арышту па артыкуле 17.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства).

10 чэрвеня міліцыя г. Шчучын склала пратакол адміністрацыйнага правапарушэння, якое нібыта здзейсніла пенсіянерка Вераніка Себасцьяновіч, сябра незарэгістраванага “Саюзу палякаў на Беларусі”. 82-гадовай жанчыне праз пошту быў высланы ліст з копіяй пратакола адміністрацыйнага правапарушэння – правядзенне несанкцыянаванага мітынгу. В.Себасьцяновіч у траўні была адной з удзельніц усталявання памятнага крыжа на хутары ў Рачкаўшчыне, што непадалёк Бакштаў (Шчучынскі раён) у памяць жаўнера Арміі Краёвай Анатоля Радзівоніка, які быў забіты супрацоўнікамі НКВД. Крыж усталёўваўся на прыватнай тэрыторыі. 13 чэрвеня аналагічны пратакол быў складзены на старшыню “Саюзу палякаў на Беларусі” Мечыслава Яськевіча. 19 чэрвеня Шчучынскі раённы суд разгледзеў адміністрацыйныя справы ў дачыненні да Мечыслава Яськевіча і Веранікі Себасьцьяновіч. Разгляд справы з перапынкамі доўжыўся больш пяці гадзін. У выніку працэсу абодва актывісты былі прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і аштрафаваны: Мечыслаў Яськевіч -- на 40 базавых велічынь, Вераніка Себасьцяновіч – на 25 базавых велічынь.

12 чэрвеня грамадскага актывіста Віктара Сырыцу, арганізатара Мілавідскага фэсту ў гонар 150-х угодкаў Мілавідскай бітвы 1863 года, выклікалі ў Баранавіцкі РАУС. 13 чэрвеня ўчастковы інспектар Баранавіцкага РАУС ст. лейтэнант Дзяніс Майсеня ў прысутнасці начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і прафілактыкі маёра міліцыі Віталя Куляшова прапанаваў Віктару Сырыцу і яго адвакату Зоі Гаўдзей азнаёміцца і падпісаць адміністрацыйны пратакол. Супрацоўнік міліцыі паведаміў, што грамадскі актывіст абвінавачваецца ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага ч. 2 арт. 23.34 КаАП РБ – арганізацыя і правядзенне 2 чэрвеня несанкцыянаванага мерапрыемства ў памяць касінераў 1863 года. 19 чэрвеня старшыня суда Баранавіцкага раёна і г.Баранавічы Мікалай Кміта адправіў адміністрацыйны пратакол, складзены на Віктара Сырыцу, назад у міліцыю для выпраўлення недахопаў. Гэта стала вядома з ліста, які спадар Сырыца атрымаў з суда.

27 чэрвеня ў Мінску каля 12 гадзін супрацоўнікі міліцыі затрымалі лідэра прадпрымальніцкага руху «Перспектыва» Анатоля Шумчанку і журналістаў Аляксандра Сівога («Народная Воля»), Ігара Карнея (Радыё Свабода), Касцюкевіч Наталлю, якія накіроўваліся ў гандлёвы цэнтр «Паркінг», дзе страйкавалі прадпрымальнікі. Усе яны былі дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС Мінска. Анатоль Шумчанка разам з прадпрымальнікамі планаваў перадаць патрабаванні дробнага бізнесу ў Дэпартамент прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі. Праз 2 гадзіны журналісты былі адпушчаны, на Анатоля Шумчанку – складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння – арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, і ў гэты ж дзень суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў яго на пяць сутак арышту.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

У чэрвені адбылася падзея, якога незалежная газета «Барысаўскія навіны» дамагалася восем гадоў. З мая 2005 года па распараджэнні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ўсе незалежныя газеты вобласці былі выключаныя з падпісных каталогаў Белпошты і пазбаўлены магчымасці рэалізацыі праз кіёскі Белсаюздруку. Ніякія довады і эканамічныя выкладкі не дапамагалі ў супрацьстаянні «БН» і гэтых двух дзяржструктур. І вось нарэшце чытачы зноў могуць атрымліваць «Барысаўскія навіны» па пошце. Засталася справа за «малым» - дамагчыся вяртання газеты ў кіёскі Белсаюздруку. У канцы чэрвеня, падчас падпісной кампаніі, у паштовых аддзяленнях Барысава прыбралі інфармацыйныя плакаты «Борисовских новостей». Зроблена гэта было з падачы ідэолагаў райвыканкама.

3-5 чэрвеня ў Беларусі з афіцыйным візітам знаходзілася прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч. Яна сустрэлася з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, чыноўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства інфармацыі, Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру, Міністэрства замежных спраў, а таксама рэдактарамі буйных дзяржаўных медыяў, сябрамі БАЖ і БСЖ. Дунья Міятавіч адзначыла найбольш праблемныя моманты, з якімі сутыкаюцца беларускія прадстаўнікі СМІ: адвольныя кароткатэрміновыя затрыманні, адміністратыўныя і крымінальныя справы супраць журналістаў. Па яе меркаванні, гэтыя праблемы павінны вырашацца ў бліжэйшы час. "Падчас сустрэчы з парламентарыямі і чыноўнікамі высокага рангу я пачула словы ўпэўненасці, што з затрыманнямі і крымінальнымі справамі будзе скончана", - адзначыла яна. "Я пераканана, што Беларусь мае патрэбу ў заканадаўчых рэформах у сферы СМІ. Інтэрнэт павінен быць больш свабодным. Баланс паміж дзяржаўнымі і камерцыйнымі СМІ павінен быць большым. Я таксама хацела б убачыць у будучыні грамадскае радыё і тэлебачанне ў Беларусі", - адзначыла спадарыня Міятавіч. Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ лічыць, што ў Беларусі надыйшоў час для радыкальных зменаў па свабодзе слова. "Улады павінны дазволіць крытыку, адрозныя меркаванні ў грамадстве. Гэта цана, якую любая краіна мусіць сплаціць за дэмакратыю".

5 чэрвеня ў Мінску за распаўсюд газеты «Наш дом» была затрымана Наталля Лявонава. Яна была дастаўлена ў аддзяленне міліцыі Фрунзенскага раёна. Праз дзве гадзіны, пасля напісання тлумачэння, дзяўчыну выпусцілі з пастарунку.

7 чэрвеня ў Брэсце незалежным журналістам перашкаджалі выконваць прафесійныя абавязкі. Інцыдэнт здарыўся на тэрыторыі брэсцкага рынку «Аўтазапчасткі» у той час, калі яго наведвалі ініцыятары кампаніі «Народны рэферэндум», каб паразмаўляць з прадпрымальнікамі і іншымі жыхарамі горада. Рэпартаж з гэтай сустрэчы рабілі незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава, да якіх падыйшоў загадчык рынку Алег Дзенісюк і заявіў, што нельга здымаць без дазволу, бо тэрыторыя рынку - гэта прыватная ўласнасць. Акрамя таго, па словах Ляўчука, загадчыка цікавіла, як будуць выкарыстаныя зробленыя здымкі. Неўзабаве на рынку з’явіўся прадстаўнікі праваахоўных органаў, якія перапісалі асабістыя дадзеныя Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай і папярэдзілі, што ў далейшым іх могуць выклікаць у міліцэйскі пастарунак для апытання.

 7 чэрвеня журналіст Алесь Сіліч атрымаў пісьмовае папярэджанне ад пракуратуры Смалявіцкага раёну за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». Некалькі тыдняў да гэтага карэспандэнты тэлеканалу «Белсат» Вольга Чайчыц і Алесь Сіліч атрымалі позвы з патрабаваннем з’явіцца ў Смалявіцкую раённую пракуратуру, каб даць тлумачэнні адносна іх прысутнасці на грамадскім абмеркаванні праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку пад Смалявічамі, што праходзіла ў красавіку. Тады прысутны на абмеркаванні супрацоўнік міліцыі перапісаў пашпартныя дадзеныя журналістаў і паабяцаў «разабрацца». Пасля гэтага папярэджанне спачатку атрымала Вольга Чайчыц, а зараз і Алесь Сіліч.

11 чэрвеня журналісту «Еўрапейскага радыё для Беларусі» Дзмітрыю Лукашуку адмовілі ў акрэдытацыі на прэс-канферэнцыю ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага  сходу. Пра гэта  паведаміў начальнік упраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы ПП НС Мікалай Ліс. Ён патлумачыў, што журналіста не акрэдытавалі з-за таго, што няма гадавой акрэдытацыі пры парламенце. На прэс-канферэнцыю з нагоды разгляду дэпутатамі законапраекта аб канфіскацыі аўтамабіляў у нецвярозых кіроўцаў журналіст «Еўрарадыё» спрабаваў акрэдытавацца на працягу тыдня. Атрымаць гадавую акрэдытацыю пры Палаце прадстаўнікоў «Еўрарадыё» безвынікова спрабавала цягам двух папярэдніх гадоў.

16 чэрвеня быў затрыманы незалежны тэлежурналіст Міхась Янчук падчас здымкаў у Стаўбцоўскім раёне, дзе, паводле некаторых звестак, заўважаны падазроны мор свінняў. Журналіста даставілі ў Стаўбцоўскі РАУС, адкуль пасля складання пратаколу даставілі міліцэйскай машынай наўпрост на чыгуначную станцыю. У журналіста нічога не забралі.

24 чэрвеня Гродзенскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу па справе фотаальбому «Belarus Press Photo — 2011». У красавіку суд Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці прызнаў фотаальбом Belarus Press Photo 2011 экстрэмісцкім. Касацыйная скарга арганізатараў конкурсу не была задаволена. 41 асобнік альбома канфіскавалі ў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча 2 лістапада 2012 года на памежным пераходзе «Каменны Лог».

26 чэрвеня ў  рагачоўскага актывіста Дзяніса Дашкевіча ўзялі тлумачэнні наконт публікацыі на незалежным сайце vrogacheve.ru. Міліцыянтаў цікавілі падрабязнасці, якія маюць дачыненне да публікацыі пра праслед рагачоўскага паэта Юрыя Арэстава.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

11 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля ў асобе Марыны Дамненка разгледзеў скаргу Гомельскай арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» на дзеянні гарвыканкаму па забароне мітынгу 1 траўня. Камунальныя службы заключылі з заўнікамі дамову перад мітынгам, але міліцыя і «хуткая» адмовілася зрабіць гэта.  Каб правесці мітынг ці пікет, трэба мець дазвол ад гарвыканкаму, а каб атрымаць дазвол, трэба папярэдне заключыць платныя дамовы з камунальнымі службамі, міліцыяй і «хуткай дапамогай». Міліцыя і «хуткая», у сваю чаргу, адмаўляюцца заключаць дамовы на той падставе, што няма дазволу з гарвыканкаму. Нягледзячы на такое «замкнёнае кола», суд не задаволіў скаргу і прызнаў правамоцным рашэнне гарвыканкаму аб забароне масавага мерапрыемства.

14 чэрвен, суд Ленінскага раёна Магілёва разгледзеў скаргу актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіла Шарамета на адмову ў правядзенні пікета ў цэнтры горада. Суддзя Юлія Трапыніна палічыла, што рашэнне гарвыканкама было цалкам законным, і праводзіць масавые мерапрыемствы можна толькі ў спецыяльна вызначаных для гэтых мэтаў гарвыканкамам месцах. Пікет планавалася правесці 7-га траўня, у дзень знікнення генерала Юрыя Захаранкі.

18 чэрвеня слонімцы Іван Бедка і Віктар Марчык атрымалі адмову са Слонімскага райвыканкаму на заяву аб правядзенні пікета 27 чэрвеня ў падтрымку доктара-траўматолага Івана Шэгі. У адмове за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Віктара Ката паведамлялася, што “згодна з планам работы аддзела па справах моладзі і ГА “БРСМ” не маем магчымасці прадставіць Вам месца ў гарадскім парку па вуліцы Оперная ў патрабуемы час, паколькі ў 11.00 ч. 27 чэрвеня 2013 г. пачатак крос-віктарыны “Знай свой край”.

20 чэрвеня актывіст грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Вячаслаў Болбат падаў скаргу ў суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы на дзеянні райвыканкама, які двойчы забараніў адукацыйна-культурніцкае мерапрыемства “Мілавідскі фэст – памяці касінераў 1863 года”. У скарзе ўказваецца, што грамадскія актывісты Вячаслаў Болбат, Віктар Сырыца і Тэрэса Селівончык 19 красавіка падалі заяву ў райвыканкам на правядзенне масавага мерапрыемства 2 чэрвеня 2013 года, да якой яны прыклалі свае абавязацельствы арганізатараў масавага мерапрыемства аб забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі падчас правядзення мерапрыемства. У сваёй скарзе Вячаслаў Болбат адзначае, што арганізатары культурніцкага фэста гарантавалі аплату выдаткаў, звязаных з правядзеннем масавага мерапрыемства, у падцвярджэнне чаго 29.04.2013 г. на імя старшыні райвыканкама яны даслалі копіі дамоў з КУМВП “Баранавіцкая раённая ЖКГ”, аддзелам унутранных спраў Баранавіцкага райвыканкама, установай аховы здароў`я “Баранавіцкая цэнтральная паліклініка”. Такім чынам арганізатары мерапрыемства выканалі ўсе патрабаванні Закона “Аб масавых мерапрыемствах у РБ”. Аднак сваім рашэннем ад 03.05.2013 г. Баранавіцкі раённы выканаўчы камітэт забараніў правядзенне фэсту з той прычыны, што быццам бы ў гэты дзень і ў гэтую гадзіну на тым жа месцы аддзел культуры райвыканкама запланаваў сваё культурніцкае мерапрыемства. Арганізатары мерапрыемства накіравалі другую заяву аб правядзенні запланаванай адукацыйна-культурніцкай акцыі на 09.06.2013 г. Нягледзячы на тое, што правядзенню фэсту 09.06.2013г. не перашкаджалі аніякія афіцыйныя мерапрыемствы, Баранавіцкі райвыканкам сваім рашэннем ад 20.05.2013 г. зноў жа забараніў яго правядзенне. Падставай для адмовы цяпер стала тое, што заяўнікі быццам бы не выканалі п. 5 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у РБ”. Што менавіта было парушана з боку заяўнікаў, у рашэнні выканкама не згадвалася.

26 чэрвеня стала вядома, што на тры заяўкі на адзіночныя пікеты ва ўсіх трох раёнах Віцебска жыхар гораду Віктар Жаркоў атрымаў тры забароны. В. Жаркоў падчас пікетаў хацеў праінфармаваць пра парушэнне ягоных правоў з боку міліцыі. Заяўнік падаў скаргі на дзеянні адміністрацый раёнаў Віцебска ў тры раённыя суды адпаведна.

26 чэрвеня сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, якія сёлета 25 сакавіка адзначалі Дзень Волі, паведамілі, што іх працягваюцца выклікаць у міліцыю і пракуратуру ў сувязі нібыта з правядзеннем несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Кіраўнік слонімскай суполкі БХД Іван Бедка атрымаў позву за подпісам пракурора Слонімскага раёна, старэйшага дарадцы юстыцыі Анатоля Яўлаша  з’явіцца ў пракуратуру «па факце правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, прысвечаных гадавіне ўзнікнення БНР».

 

Абмежаванне свабоды асацыяцый

2 чэрвеня з'езд сябраў аргкамітэта па стварэнню партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віцебшчыны быў фактычна сарваны ў выніку таго, што прадстаўнікоў з вобласці выклікалі на працу ў выходны дзень. У прыватнасці, на працу тэрмінова і без папярэджання былі выкліканыя сябры БХД з Наваполацку і Лепеля. Па словах сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, на актывістаў аказваюць ціск рэгіянальныя супрацоўнікі КДБ, якія пагражаюць "праблемамі" пры ўдзеле ў падобных з'ездах хрысціянскіх дэмакратаў.

10 чэрвеня Генеральная пракуратура адмовіла ў задавальненні скаргі праваабаронцы Тамары Сяргей на дзеянні намесніка Генпракурора Аляксандра Лашына, які 23 красавіка вынес ёй афіцыйнае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці па артыкуле 193.1 КК РБ за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб'яднання - Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры. Выконваючы абавязкі генпракурора Мікалай Кукліс афіцыйнае папярэджанне пакінуў у сіле.

17 чэрвеня Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовілася зарэгістраваць рэспубліканскае даследча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Гавары праўду». Устаноўчы сход аб’яднання быў праведзены 13 красавіка, а 8 траўня -- пададзены дакументы на рэгістрацыю. Адказ павінен быў прыйсці да 8 чэрвеня, але ліст з Мін’юста датаваны 12 чэрвеня, чым міністэрства парушыла тэрміны, якія прадугледжаны законам на рэгістрацыю ці матываваную адмову ў рэгістрацыі. Адмова матывавана дзвюма прычынамі: па-першае, чыноўнікі палічылі, што тэрмін дзеяння гарантыйнага ліста (а ён быў да 31 траўня) на юрыдычны адрас скончыўся; другой прычынай названа тое, што нібыта не вызначаны колькасны склад праўлення. Гэта была ўжо трэцяя спроба рэгістрацыі аб’яднання.

18 чэрвеня Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі маладзёжнаму грамадскаму аб'яднанню «Маладыя дэмакраты». У сваёй адмове чыноўнікі спаслаліся на дрэнны почырк ў рукапісных спісах заснавальнікаў, а таксама ўказалі, што дакумент павінен быў быць набраны асаблівым шрыфтам. Таксама Міністэрства юстыцыі абвінаваціла «Маладых дэмакратаў» у тым, што яны падалі «недакладныя і няпоўныя звесткі пра заснавальнікаў аб'яднання».

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства