viasna on patreon

Актывісты Бабруйску інфармуюць грамадскасць пра выкраданне Наталлі Шэлег (фота)

2013 2013-08-01T12:02:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babr-vykrad-akcija-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

30 ліпеня ў Бабруйску ў офісе ОГП адбыўся круглы стол з умоўнай назвай “Абаронім нашых дзяцей”. На ім праваабаронцы, сябры палітычных партый, грамадскіх арганізацый і проста неабыякавыя бабруйчане абмяркоўвалі сітуацыю з выкраданнем дачкі сябра БХД Вячаслава Шэлега. Нагадаем, на мінулых выходных бацька 16-гадовай дзяўчыны паведаміў пра яе знікненне, пазней Наталля знайшлася ў раёне Шчаткава з перапэцканымі фарбай тварам і адзеннем, без абутку і мабільнага тэлефона. Яна расказала, што невядомыя ўдарылі яе па галаве і потым, беспрытомную, вывезлі з горада. 

Зараз расследваннем гэтай справы займаецца Следчы камітэт: дзяўчыну, яе сваякоў, суседзяў і знаёмых апытваюць. Учора Наталлю вывозілі ў Шчаткава для правядзення следчага эксперымента. Па гэтай прычыне ні яна, ні яе родныя не змаглі прысутнічаць на круглым стале.

Сябры і калегі Вячаслава Шэлега кажуць, што не збіраюцца пакідаць гэтае надзвычайнае здарэнне без увагі. Напярэдадні яны раздрукавалі і расклеілі ў горадзе ўлёткі з кароткай інфармацыяй пра выкраданне Наталлі і запрашалі гараджан далучацца да ўдезелу ў круглым стале.

-Гэта тычыцца кожнага з нас, бо ва ўсіх ёсць дзеці, унукі, блізкія людзі. Магчыма, нехта скажа “мяне гэта не закране”, але гэта не так. Мы хочам да кожнага бабруйчаніна данесці інфармацыю пра гэты выпадак, каб узняць грамадскую дыскусію, каб такое болей не паўтаралася, - кажа лідэр мясцовай суполкі БХД Таісія Кабанчук.

-Нехта лічыць, што гэта палітычная справа, нехта – што на Шэлега ціснуць як на прадпрымальніка, іншыя, што тут не абыйшлося без нейкага “хлопчыка-кавалера” Наталлі. Але хто б гэта ні быў, гэта ненармальна, нармальныя людзі так не робяць. Вельмі важна зараз усім нам падтрымаць сям’ю Шэлегаў, каб яны не адчувалі сябе адзінокімі ў бядзе, - каментуе Галіна Смірнова, старшыня суполкі прафсаюза РЭП.

На круглым стале было вырашана стварыць грамадскі камітэт, які будзе адсочваць гэтую справу, патрабаваць ад следства, каб яны працавалі аператыўна і празрыста. Таксама ўдзельнікі абмеркавання склалі праект звароту, які ў бліжэйшым часе збіраюцца накіраваць у СМІ, міліцыю, чыноўнікам. У ім сем пунктаў. У першым аўтары выказалі глыбокае абурэнне выпадкам Наталлі Шэлег і нагадалі, што маральны ціск на мясцовых актывістаў не рэдкасць. Напрыклад, вінаватых у закідванні “паэтычнымі ўлёткамі” пад’езда Галіны Смірновай, ці аўтараў улётак і “графіці”, скіраваных на абразу Таісіі Кабанчук, дасюль не знайшлі. 

-Учора мы з Таісіяй завіталі у міліцыю, запрашалі на круглы стол  маёра Сяргея Рудзько, намесніка начальніка УУС і начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Аляксандра Сяргеева. Але яны не прыйшлі. Так вось, адным з пунктаў нашага зварота будзе патрабаванне, каб на наступным грамадскім абмеркаванні, якое запланавана на верасень, абавязкова прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі. Каб яны патлумачылі нам, супакоілі зрэшты, бо гэта іх праца, - адзначыла Галіна Смірнова.

Сярод іншых пунтаў звароту ёсць патрабаванне да кампетэнтных органаў, каб яны пастаянна інфармавалі бабруйчан аб ходзе следства. Таксама аўтары акцэнтавалі ўвагу на дакладным вызначэнні кваліфікацыі гэтай справы, бо не згодныя з кваліфікацыяй “хуліганства”.

 

Фота: напярэдадні правядзення круглага стала актывісты раздалі ўлёткі з інфармацыяй пра выпадак Наталлі Шэлег бабруйчанам

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства