Роберт Тышкевіч: Польшча салідарная з Алесем Бяляцкім
4-га жніўня спаўняецца другая гадавіна з дня зняволення кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэстаршыні Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека Алеся Бяляцкага. Фармальнай падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя пра ягоныя рахункі ў замежных банках, перададзеная ўладам Беларусі Міністэрствам юстыцыі Літвы ды Генпракуратурай Польшчы. Старшыня групы па справах Беларусі ў Польскім Сойме Роберт Тышкевіч адзначае, што ні ў Польшчы, ні ў Еўропе справа Алеся Бяляцкага не забыта:
- Памятаем увесь час пра Алеся Бяляцкага. Польшча салідарная з ім, з ягонай сям’ёй, ягонымі сябрамі і калегамі. Мы адчуваем сябе адказнымі за тое, каб у гэты вельмі складаны час яны маглі адчуваць сябе ў бяспецы і спакойна працаваць. Наша дапамога мнагамерная і будзе працягвацца да дня вызвалення Алеся Бяляцкага. Мы з Алесем, помнім пра яго, помятаем пра ягоных блізкіх і сяброў!
Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 гады зняволення паводле абвінавачання ва ўтойванні прыбыткаў. Палітвязень у судзе заяўляў, што ўсе атрыманыя з-за мяжы грошы ішлі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій. Бяляцкі адбывае пакаранне ў Бабруйскай калоніі.