viasna on patreon

Кожны можа далучыцца да ратавання кляштара базыльянаў у Оршы

2013 2013-07-26T09:26:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/orsha-vustava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сябры аршанскай кааліцыі дэмакратычных сіл, куды ўваходзяць  наяўныя ў рэгіёны прадстаўніцтвы палітычных партый, рухаў і  шэрагу грамадскіх аб’яднанняў, набылі ўскладчыну карціну з дабрачыннай выставы Міколы Купавы. Мастак абвясціў, што сродкі ад продажу сваіх карцін ахвяруе на рэстаўрацыю будынка кляштара базыльянаў – помніка архітэктуры, які руйнуецца праз абыякавасць мясцовых уладаў.

Выстава “Сьвятло Бацькаўшчыны” эксапануецца ў Оршы з 10 ліпеня.  Праваабаронцы і дэмакратычныя актывісты, якія  былі на адкрыцці выставы, вырашылі падтрымаць ініцыятыву мастака.

Мікола Купава – ураджэнец Оршы,  на ягоных вачах у гады “ваяўнічага атэізму” была зруйнавана царква Апекі Маці Божай, якая была часткай комплексу  кляштара базыльянаў і гарадской архітэктурнай даміннантай.  Ацалеў толькі колішні жылы будынак: яшчэ 20 год таму ў ім былі памяшканні жыллёвага фонду, потым будынак аддалі пад мастацкія майстэрні, але пасля моцнага снегападу ў 2006 годзе ў будынка праваліўся дах. Гарадскія ўлады, замест таго, каб адрамантаваць пашкоджаны стыхіяй помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння, аддалі Віцебскай Епархіі праваслаўнай царквы.

Але замена гаспадара станоўчага выніку не мела: старажытны будынак  на беразе Аршыцы і дагэтуль стаіць без даху. 

Аршанскія грамадскія актывісты і краязнаўцы дзесяткі разоў звярталіся ў органы ўлады, у пракуратуру, у Міністэрства культуры і нават у прэзідэнцкую адміністрацыю. Адусюль прыходзілі адказы, што ў будынка ёсць уласнік, і менавіта з яго трэба спаганяць за парушэнне заканадаўства  аб ахове гістарычнай спадчыны. Паводле беларускага заканадаўства, дзяржава не можа даць грошы на рэстаўрацыю, калі ў будынка ёсць канкрэтны гаспадар, адказны за стан помніка архітэктуры.

Пасля скаргі ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ліст абураных абыякавым стаўленнем да помніка архітэктуры аршанцаў быў перанакіраваны ў Экзархат Беларускай праваслаўнай царквы. Але адказу адтуль няма ўжо некалькі месяцаў…

Гараджане, у меру сваіх фінансавых магчымасцяў, спрабуюць ратаваць помнік архітэктуры 18 стагоддзя самі, не чакаючы дапамогі адказных структур і асоб. У горадзе ўсталяваныя некалькі скрынак для ахвяраванняў, і адна з іх – у аршанскім краязнаўчым музеі, дзе экспануеца  дабрачынная выстава Міколы Купавы.  Кожны можа зрабіць свой фінансавы ўнёсак, каб супольна выкупіць  акварэль “Стары замак Альшанскі”, напісаную пад уплывам вядомага рамана пісьменніка-земляка Уладзіміра Караткевіча.

Гэтаксма кожны ахвотны можа набыць і любую іншую карціну. І такія людзі ўжо знайшліся.  Мецэнат, які прасіў пакуль што не называць ягонае прозвішча, адразу пасля адкрыцця выставы набыў карціну “Гетман Канстанцін Астрожскі”, прысвечаную герою гістарычнай бітвы пад Оршай. Гэтую карціну мецэнат-зямляк падарыў музейнаму комплексу “Гісторыя і культура Аршаншчыны”.

Лінарыт з радкамі Уладзіміра Караткевіча “Тут спрадвеку гучыць наша мова, булатны клінок” набылі і падарылі аршанскаму музею славутага пісьменніка мінскія прадстаўнікі кампаніі “Народны рэферэндум”, якія 23 ліпеня наведвалі Оршу.

Карціна “Маладая Беларусь”, прысвечаная творчасці  Янкі Купалы і набытая аршанскай кааліцыяй дэмакратычных сіл, некаторы час будзе аздабляць адзін з офісаў мясцовых дэмакратаў. А неўзабаве актывісты таксама перададуць яе ў дар адной з культурніцкіх установаў Аршаншчыны.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства