Актывіст БСДП абскарджвае дзеянні супрацоўнікаў Магілёўскай пракуратуры
Адпаведную скаргу Мікалай Залозны накіраваў на імя пракурора Магілёўскай вобласці.
Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) незадаволены тым, што выкладзеныя ім факты карупцыі і злоўжыванняў службовым становішчам яго былым начальнікам інтэрнатаў “Магілёўаблсельбуда” Паўлам Шышовым, пакінуты без руху.
“Пракуратура Магілёўскай вобласці сваім лістом яшчэ 26 сакавіка 2013 года паведаміла мне, што мой зварот накіраваны пракурору Ленінскага раёна з даручэннем правесці праверку па майму звароту і паведаміць мне аб яго выніках. Дагэтуль я не атрымаў адтуль ніякага адказу – парушаны ўсе магчымыя тэрміны”, - кажа Мікалай Залозны.
Праз сваю скаргу актывіст БСДП хоча, каб вінаватыя ў ігнараванні ягонага звароту ў пракуратуру былі прыцягнуты да адказнасці, а таксама каб была далей праведзена праверка фактаў карупцыі і злоўжывання сваім службовым становішчам начальніка магілёўскіх інтэрнатаў “Магілёўаблсельбуда” Паўла Шышова.
Нагадаем, што Мікалай Залозны працаваў слесарам у адным з інтэрнатаў Магілёва. Пасля таго, як падчас выбарчай кампаніі ён увайшоў у склад ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты ад БСДП Леаніда Падбярэцкага, у яго пачаліся непрыемнасці на працы.
Ягоны начальнік Павел Шышоў прымусіў яго пісаць тлумачальную запіску з нагоды таго, у якой апазіцыйнай партыі ён знаходзіцца. Пасля гэтага Мікалая Залознага некалькі разоў дэпрэміравалі. На яго амаль штодзённа пісалі дакладныя. У выніку ў яго знялі ўсе даплаты і перавялі працаваць на іншае аб’ект. Падпісаць новы кантракт, які меў значна горшыя ўмовы працы, Залозны адмовіўся, пасля чаго быў звольнены. Праз суд актывіст не здолеў аднавіцца на працы. Зараз яго спрабуюць высяліць яшчэ і з інтэрната “Магілёўаблсельбуда”, у якім ён зарэгістраваны.