Дзяржвыданне распавяло пра “палітсалдата” Міхаіла Мускага
На інтэрнэт-сайце раённай газеты “Асіповіцкі край” 16 ліпеня з’явіўся артыкул Дзмітрыя Саўрыцкага “Белая варона” у камуфляжы”, у якім распавядаецца пра службу ў 36 дарожна-маставой брыгадзе актывіста “Маладога Фронта” Міхаіла Мускага.
Газета паведамляе, што служба ў радавога Міхаіла Мускага, якога яго “ідэйныя сатаварышы аб’явілі “палітсалдатам”, што на слэнгу нашых “змагатыроў” з’яўляецца сінонімам палітзняволенага з усімі выцякаючымі інфармацыйнымі нагодамі” зараз праходзіць нармальна.
Па словах аўтара артыкула, Міхаіл Мускі “па няпісанай армейскай іерархіі, ужо стаў “дзедам”. Як кажуць, нейкія каментары для высноў Дзмітрыя Саўрыцкага проста залішнія…
У артыкуле пішацца, што іншыя саслужыўцы да яго службы без прыняцця прысягі ставяцца нейтральна, і з выкананнем службовых абавязкаў і ўменнем знахадзіць агульную мову з саслужыўцамі праблем у Мускага няма.
Аўтар таксама паведамляе, што Міхаіл Мускі пастаянна змагаецца за свае правы. Так, пасля таго, як яго вызвалілі ад фізічнай нагрузкі праз зламаны палец, непасрэдны камандзір два разы паставіў яго ў нарад у выхадныя дні. Як піша газета “Асіповіцкі край”, Міхаіл Мускі агучыў інфармацыю праз інтэрнэт, і “было праведзена службовае расследванне, і ўсе, хто быў датычны парушэння правоў радавога, уключаючы і камандзіра брыгады, атрымалі сур’ёзныя дысцыплінарныя спагнанні”.
У артыкуле пішацца, што Міхаіл Мускі па-ранейшаму сцвярджае, што яго “у армію прызвалі незаконна, каб ізаляваць ад грамадства”. Ён не хавае, што пасля звальнення ў запас зноў стане байцом “Маладога Фронта”, чаго патрабуе яго “актыўная жыццёвая пазіцыя”.
Нагадаем, што Міхаіла Мускага 15 траўня 2012 года адправілі з ЦІП на вуліцы Акрэсціна ў Мінску пад канвоем у вайсковую частку для праходжання тэрміновай службы. Перад гэтым Міхаіл Мускі патрабаваў замены тэрміновай службы на альтэрнатыўную, як гэта дэкларуецца Канстытуцыяй Рэпублікі Беларусь.
Да гэтага часу закон аб альтэрнатыўнай службе ў нашай краіне так і не распрацаваны.
Спасылка на артыкул:
http://www.gzt-akray.by/2013/07/belaya-vorona-v-kamuflyazhe/