viasna on patreon

Сёння ў Бруселі адбудзецца акцыя FIDH з нагоды візіту Уладзіміра Макея

2013 2013-07-22T11:51:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palitviazni-2013.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 ліпеня Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, у дачыненні да якога Еўрасаюз прыпыніў візавыя санкцыі, возьме ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краінаў Усходняга партнёрства. Тым часам Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) арганізуе акцыю, каб звярнуць увагу на тое, што ў Беларусі за кратамі знаходзяцца 12 палітычных вязняў.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Савета ЕС, сустрэча кіраўнікоў МЗС Усходняга партнёрства пачнецца ў Бруселі ў 17.00 па мясцовым часе (18.00 — па Мінску). Ёй будзе папярэднічаць пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў Еўрасаюза. Дэманстрацыя FIDH запланаваная на 12.00 (13.00 – па Мінску).

Беларускі міністр Уладзімір Макей удзельнічае ў сустрэчы па запрашэнні вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і еўракамісара па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыцы суседства Штэфана Фюле.

Як нагадвае БелаПАН, гэта першая паездка Макея ў Еўропу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У студзені 2011-га ён у ліку іншых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў быў унесены ў чорны спіс ЕС як асоба, што мае дачыненне да жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня і далейшага пераследу актывістаў апазіцыі. На той момант Макей узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта.

24 чэрвеня гэтага года Савет міністраў замежных спраў ЕС на пасяджэнні ў Люксембургу прыняў рашэнне аб прыпыненні візавых санкцый у дачыненні да Уладзіміра Макея. Санкцыі прыпыненыя на той час, пакуль ён займае пасаду міністра замежных спраў Беларусі. У той жа час Макей застаецца ў спісе асоб, на якіх распаўсюджваюцца фінансавыя санкцыі (рахункі і ўласнасць гэтых асоб на тэрыторыі ЕС павінны быць замарожаныя).

 

FIDH, абвяшчаючы пра сваю акцыю, адзначае, што “агульная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі нязменна выклікае трывогу”.

“ЕС павінен скарыстацца гэтай ключавой магчымасцю візіту сп. Макея, каб, між іншага, патрабаваць вызвалення палітычных зняволеных. Беларусь знаходзіцца ў сістэмным крызісе з пункту гледжання правоў чалавека, і ЕС павінен займаць цвёрдцю пазіцыю і настойваць на сістэмных зменах, што мусіць быць адлюстравана ў парадку дня сустрэчаў на самым высокім узроўні. Правы чалавека і палітычныя зняволеныя не ёсць козырам, якім можна гандляваць”, – гаворыцца ў заяве FIDH.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства