viasna on patreon

Бабруйск: У кватэры Валянціны Каваленка прайшоў ператрус

2013 2013-07-19T13:35:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/peratrus1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У кватэры Валянціны Каваленка, актывісткі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, 19 ліпеня прайшоў ператрус. Як паведаміла жанчына праваабаронцам, супрацоўнікі міліцыі шукалі ў яе доме наркотыкі.

-Супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе ветліва, аформілі пратакол, з панятымі. Праводзіла ператрус, які цягнуўся каля 40 хвілін, старэйшы лейтэнант Ладзеева, з дапамогай трох міліцыянтаў: Барычонка, Зарубы, Кісялёва. Самі разумееце, гэтая працэдура была для мяне вельмі непрыемная. Нібыта па справе 2011 года нейкі затрыманы паказаў, што я прадала яму наркотыкі. Гэтая справа знаходзіцца ў архіве, а прыйшлі яны толькі сёння, хаця прайшло ўжо два гады. Хіба гэта не падазрона выглядае? Мяркую, гэты ператрус быў праведзены з мэтай запалохаць мяне і маю сям’ю, - мяркуе Валянціна Каваленка.

Натуральна, супрацоўнікі міліцыі нічога не знайшлі ў кватэры актывісткі. Яна ўпэўненая, што гэты ціск звязаны з тым, што яна з мужам дабіваюцца перагляду крымінальнай справы сына, пішуць скаргі, лісты ў розныя інстанцыі.

-Мой муж заступіўся за сына і таксама быў асуджаны, адсядзеў больш за тры гады, і толькі тады рэабілітаваны. Што тычыцца справы сына, то нават Генеральная пракуратура выносіла пратэст з нагоды судовага выраку, але Вярхоўны суд адхіліў яго. На нас ціснуць з усіх бакоў, але мы ніколі не здадзімся, будзем змагацца за сына, і нішто нас не спыніць.

Валянціна Каваленка кажа, што яшчэ восенню мінулага года ёй вынес папярэджанне намеснік начальніка гарадской міліцыі.

-Сказаў, што не маю права звяртацца ў Адміністрацыю прэзідэнта, зачытаў мне папярэджанне, але на рукі не даў. Ужо амаль год дабіваюся, каб гэтую паперу мне ўсё ж выдалі, каб абскардзіць яе змест у судзе, але безвынікова. Мой сын таксама адчувае ціск. За адзін год яго тры разы перакідвалі з калоніі ў калонію, я лічу, што гэта ненармальна і цяжка для яго, - адзначае Валянціна Каваленка.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства