У Гомелі заяўлена вулічнае шэсце ў падтрымку Алеся Бяляцкага
15 ліпеня ў Гомельскі гарвыканкам пададзена калектыўная заяўка на правядзенне 4 жніўня ў абласным цэнтры вулічнага шэсця ў падтрымку палітычна зняволенага праваабаронцыАлеся Бяляцкага. Арганізатарамі выступаюць вядомы грамадскі ды палітычны дзеяч, кандыдат тэхнічных навук, народны экс-дэпутат, намеснік старшыні Вярхоўнага Савета СССР Юры Варонежцаў, а таксама калегі палітвязня - Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны.
"Шэсце з транспарантамі і лозунгамі па вуліцы Савецкай ад цэнтральнай Плошчы Леніна да універсітэта імя Ф. Скарыны, дзе правёў студэнтскія годы Алесь мы маем намер правесці 4 жніўня - два гады таму ў гэты дзень ён быў затрыманы. Масавае мерапрыемства запланавана з мэтаю звярнуць увагу грамадскасці на праблему палітычных вязняў у краіне, і не толькі Алеся Бяляцкага, якога, як мы лічым, асудзілі незаконна”, - заявіў адзін з арганізатараў вулічнага шэсця А.Паплаўны.
Ён адзначыў, што акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага - агульнарэспубліканская, праводзіцца па ініцыятыве праваабаронцаў.Заяўкі на масавыя мерапрыемствы падаюцца ва ўсіх абласных цэнтрах і іншых гарадах краіны.
Напамятаем, акцыі ў падтрымку палітвязняў ў Гомелі праходзяць рэгулярна. На сёняшні дзень у Камітэце па правах чалавека ААН зарэгістравана калектыўная скарга Анатоля Паплаўнага і Леаніда Судаленка аб забароне пікету, які планавалася правесці ў жніўні 2011 году з нагоды затрымання Алеся Бяляцкага. Таксама, на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН знаходзіцца калектыўная скарга праваабаронцаў і экс-мэра абласнога цэнтра Святланы Гальдадэ па факту забароны пікетаў ў гадавіну зняволення Бяляцкага - 4 жніўня 2012 году.
Акрамя таго, з ініцыятывы праваабаронцаў тут рэгулярна праводзяцца іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на падтрымку палітычных вязняў – “Павіншуй Бяляцкага з Днём народзінаў”, “Павіншуй палітвязня з Днём Незалежнасці”. Зараз гамяльчукі далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Тыдзень палітвязня”, падчас якой любы жадаючы мае магчымасць падпісаць паштоўку.
30 сакавіка бягучага года ў Гомелі адбылася прэзентацыя кніг "Справа Бяляцкага" і "Асвечаныя беларушчынай".