Суд па справе Някляева прызначаны на 25 ліпеня
Суд па справе экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева прызначаны на 25 ліпеня. Як паведаміў Някляеў, раніцай 16 ліпеня ён атрымаў позву. Пасяджэнне пачнецца ў 10 раніцы ў судзе Ленінскага раёна Мінска.
20 мая 2011 года Някляеў быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Рашэнне абвясціла суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Жанна Жукоўская. Някляеў быў прызнаны вінаватым па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел удзел у іх).
22 ліпеня 2011 года калегія Мінскага гарадскога суда пакінула вырак Фрунзенскага суда без зменаў.
***
10 ліпеня гэтага года суд Цэнтральнага раёна разглядаў заяву Някляева аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да асоб, якія напалі на экс-кандыдата 19 снежня 2010 года. У той жа дзень, падчас руху з калонай актывістаў апазіцыі на Кастрычніцкую плошчу, дзе планаваўся мітынг, на Някляева і яго прыхільнікаў напалі невядомыя ў чорным адзенні і масках. Ад удараў палітык страціў прытомнасць і быў дастаўлены ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі з чэрапна-мазгавой траўмай сярэдняй цяжару. З бальніцы яго адвезлі ў СІЗА.
Суд Цэнтральнага раёна Мінска не знайшоў падстаў для адмены пастановы пракуратуры аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы па факце нападу на Някляева.
Палітык мае намер абскардзіць гэта рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе.
Уладзімір Някляеў неаднаразова звяртаўся ў розныя інстанцыі з патрабаваннем распачаць крымінальную справу па факце збіванняў, аднак нідзе, у тым ліку ў пракуратуры, яго скарга не была падтрымана.