Тэма “круглага стала” - артыкул 193.1 і справа Аляксея Шчадрова
Круглы стол, прысвечаны ўзбуджэнню крымінальнай справы па артыкуле 193.1 супраць Аляксея Шчадрова, які ў сваёй весцы арганізаваў прытулак для бяздомных, пройдзе ў Менску 16 ліпеня.
Паводле пастановы начальніка ААПП Шчучынскага РАУС маёра міліцыі Сяргея Асовіка, які разглядаў матэрыялы праверкі, Аляксей Шчадроў “арганізаваў дзейнасць … незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі і забяспечыў умовы яе функцыянавання без рэгістрацыі ва ўсталяваным заканадаўствам парадку”.
Прыняць удзел у круглым стале мяркуюць юрысты, праваабаронцы, палітыкі і журналісты, а таксама Аляксей Шчадроў.
Падчас круглага стала прапануецца абмеркаваць сітуацыю вакол дадзенай справы, магчымыя захады палітыкаў і праваабронцаў, каб абараніць справу дапамогі людзям, якія нікому непатрэбныя ў цяжкі перыяд свайго жыцця.
Паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу Шчадрову зараз пагражае да двух гадоў турэмнага зняволення.
Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначае, што ў 2011 годзе выйшла Заключэнне Венецыянскай камісіі адносна артыкулу 193-1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. У Заключэнні, у прыватнасці, гаворыцца, што артыкул 193-1 парушае Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах і з’яўляецца патэнцыйным інструментам для дзяржавы ў стрымліванні грамадскіх актывістаў, дае ўладам шырокія паўнамоцтвы ўмешвацца ў фундаментальнае права на свабоду асацыяцый, свабоду думкі, перакананняў і іх выказвання.
Круглы стол адбудзецца ў аўторак, 16 ліпеня, па адрасе Чарнышэўскага 3. Пачатак у 11-00.