Ян Мельнікаў усе святы правядзе за кратамі
Актывіста руху «За свабоду» Яна Мельнікава затрымалі ўвечары 2 траўня супрацоўнікі міліцыі. У парку імя М.Горкага ён трымаў расцяжку з надпісам "Анархізм не злачынства, Ігар Трухановіч не злачынца".
Ноч Мельнікаў правёў у пастарунку Першамайскага РУУС. А сёння актывіста абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі (ч.3 арт. 23.34, арт 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь).
Суд Цэнтральнага раёна Менска пакараў яго арыштам на 10 сутак, суддзя Вікторыя Шабуня. Справа разглядалася без адваката.
За апошні час гэта трэцяе затрыманне актывіста. 25 сакавіка. Мельнікава затрымалі за бел-чырвона-белы сцяг, з якім ён віншаваў мінчукоў з Днём Волі. Суддзя суду Савецкага раёна Менска Аксана Рэлява звінаваціла яго ў парушэнні часткі 2 арт. 23.34 КаАП (арганізацыя несанкцыянаванай акцыі) і прысудзіла да штрафу ў памеры 22 б.в.
26 красавіка ён быў затрыманы пад час дазволенага ўладамі “Чарнобыльскага шляху” і дастаўлены ў РУУС Савецкага раёна Менска, аднак праз некаторы час адпушчаны.