Бабруйск: шэраг парушэнняў на ўчастку ў аўтатранспартным каледжы
Незалежная назіральніца Данута Жлячэнка распавяла пра парушэнні, якія дапускаюцца на ўчастку № 28, што знаходзіцца ў будынку аўтатранспартнага каледжа.
- Сябры камісіі паводзяць сябе так, нібыта ўвесь час нешта хаваюць, размаўляюць пры мне толькі шэптам. Ужо які дзень я дабіваюся ад старшыні камісіі Аляксандра Русіна, каб мне паказалі выніковы пратакол, ён адмаўляецца. Кажа, што нічога мне не павінен, маўляў, глядзіце на копію, якую мы вывешваем, але на гэтую копію сябры камісіі нават подпісы не ставяць, яна выглядае як звычайная паперка. Я напісала яму заяву, у якой патлумачыла падрабязна, на што маю правы як назіральнік, патрабавала азнаёміць мяне з пэўнымі лічбамі і прасіла даць мне адказ. Але Аляксандр Русін пару дзён адмаўляўся нават рэгістраваць заяву, толькі сёння ён раптоўна пагадзіўся пазначыць яе ў сваіх паперах, але заявіў, што ніякага адказу мне не дасць, каб і не спадзявалася.
Таксама назіральніца адзначае, што дасюль не ведае дакладнай колькасці выбаршыкаў на гэтым участку. Бо раптоўна з яго “зніклі” 50 чалавек. Старшыня камісіі кажа, што гэтыя людзі “ад’ехалі”. Данута Жлячэнка не мае магчымасці азнаёміцца і з колькасцю галасуючых на даму.
Назіральніца адзначае, што ў дні датэрміновага галасавання звычайных выбаршчыкаў на ўчастак прыходзіла мала, затое было шмат навучэнцаў аўтатранспартнага каледжа - відавочна, не па сваім жаданні.
- Акрамя таго, што Аляксандр Русін маральна прыніжае мяне – паўтарае сваё “можа, у Еўропе станеце вядомай”, ён дэманстратыўна вылівае бруд і на іншых людзей. Так, напрыклад, ён гучна распавядаў сябрам камісіі, што на мінулых выбарах бачыў, як на гэтым участку перадавалі сябру БНФ даляры. А іншага “бэнээфаўца” нібыта партыйнае кіраўніцтва аблаяла за тое, што не назбіраў дастаткова кампрамату на сябраў камісіі, і гэтак далей. І гэта пры тым, што сябры БНФ на гэтым участку тады ўвогуле не назіралі! - абураецца Данута Жлячэнка.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”