Пружаны: старшыня райвыканкаму адмовіўся ад тэледэбатаў
Пра гэта было паведамлена 30 жніўня на пазачарговым паседжанні акруговай камісіі Пружанскай выбарчай акругі № 9. На паседжанне камісіі на гэты раз не былі запрошаны назіральнікі.
З заявы кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Юркевіча - старшыні Пружанскага райвыканкама - вынікала, што адмаўляецца ён ад тэледэбатаў з кандыдатам ад АГП Аляксандрам Кабанавым, на якія пагадзіўся на паседжанні камісіі 22 жніўня (пазней згоду падцвердзіў пісьмова). Прычынай адмены сваёй згоды на тэледэбаты Юркевіч назваў інфармацыю з інтэрнэту, што кандыдаты ад АГП будуць здымацца з выбараў, а таксама тое, што Кабанаў адмовіўся ад радыёвыступу. Хаця, па словах Кабанава, ён усяго папрасіў камісію перанесці свой радыёвыступ. Кандыдат Аляксандр Кабанаў лічыць прычыну адмовы свайго суперніка ад тэледэбатаў надуманай: альбо Юркевічу забаранілі тэледэбаты зверху, альбо ён проста спалохаўся, лічыць Кабанаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”