Горкі: дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў падалі тры прэтэндэнты
У акруговую камісію Горацкай выбарчай акругі № 82 дакументы на рэгістрацыю ў якасці кадыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пакуль падалі тры чалавекі. Пра гэта паведаміла незалежны назіральнік Галіна Будная.
Па словах Галіны Буднай, ужо падалі дакументы на рэгістрацыю вылучэнец Ліберальна-дэмакратычнай партыі кіроўца Горацкага райста Барыс Парчэўскі, а таксама два прэтэндэнты ў кандыдаты, ініцыятыўныя групы якіх збіралі подпісы выбаршчыкаў за іх вылучэнне – дэкан агранамічнага факультэта БДСГА Міхаіл Волкаў і галоўны спецыяліст па маркетынгу РУП “Вучгас БДСГА” Андрэй Юркоў. Абодва вылучэнцы здолелі сабраць подпісы ў сваю падтрымку з вялікім запасам.
Вядомы на Магілёўшчыне грамадскі актывіст Андрэй Юркоў адзе кандыдатам у дэпутаты, абапіраючыся на падтрымку Руху “За свабоду”, які ўзначальвае Аляксандр Мілінкевіч.
Галіна Будная кажа, што колькасны склад прэтэндэнтаў у кандыдаты ў Горацкай выбарчай акрузе № 82 яшчэ можа змяніцца.
“Заўтра зноў наведаю акруговую камісію, можа падасць дакументы на рэгістрацыю яшчэ хто з партыйных вылучэнцаў, - распавядае назіральніца. – Ведаю, што на з’ездзе Беларускай партыі “Зялёныя” вылучаны ў якасці кандыдата ў дэпутаты адзін з мясцовых жыхароў. Аднак пакуль што гэты прэтэндэнт ніякіх дакументаў у акруговую выбарчую камісію не прадстаўляў”.
Таксама Галіна Будная адзначыла, што на інтэрнэт-сайце Горацкага райвыканкама з’явілася інфармацыя аб вызначэнні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў і месцаў для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў кандыдатамі ў дэпутаты. Рашэнні райвыканкама носяць даволі ліберальны характар і ствараюць здавальняючыя ўмовы для правядзення перадвыбарчай агітацыі кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”