viasna on patreon

У Бундэстагу адбыліся дэбаты па сьмяротным пакараньні ў Беларусі

2012 2012-03-23T11:34:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Дэпутаты Бундэстагу на сваім паседжаньні 22 сакавіка ўвечары аднагалосна асудзілі сьмяротнае пакараньне двух маладых беларусаў, абвінавачаных у зьдзяйсьненьні тэракту ў менскім мэтро.

 «Беларусь ёсьць часткай Эўропы, а ў Эўропе няма месца сьмяротнаму пакараньню», — заявіў кіраўнік ведамства канцлера Ангелы Мэркель Рональд Пафала (ХДС).

Пафала таксама падтрымаў шматлікія прапановы эўрапейскіх палітыкаў адносна пераносу месца правядзеньня чэмпіянату сьвету-2014 па хакеі зь Беларусі ў іншую краіну і выказаў спадзяваньне, што гэтае рашэньне будзе прынятае.

Пазыцыю Рональда Пафалы падтрымала дэпутатка Бундэстагу ад фракцыі «зялёных» Марылюіза Бэк.

Нямецкая парлямэнтарка таксама распаўсюдзіла заяву адносна Інтэрполу, адзначыўшы, што гэта арганізацыя «крочыць «пад руку з Лукашэнкам».

Марылюіза Бэк пракамэнтавала фрагмэнт інтэрвію прэзыдэнта Лукашэнкі тэлекампаніі Russia Today, калі размова зайшла пра сьмяротнае пакараньне Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Беларускі кіраўнік адзначыў, што расстрэлы былі непазьбежнымі, пакараньне справядлівым і спаслаўся на станоўчую ацэнку расьсьледаваньня справы з боку Інтэрполу.

У гэтай сувязі Марылюіза Бэк ставіць пытаньні ў сваёй заяве для прэсы:

«Што прывяло Генэральнага сакратара Інтэрполу Рональда Ноўбла 11 траўня 2011 года ў Менск, у той час як ЭЗ і Рада Эўропы спынілі ўсялякія кантакты на вышэйшым узроўні зь беларускім рэжымам?

Як прыйшоў Інтэрпол да таго, каб прыняць без дакладнай праверкі прадстаўленыя беларускім КДБ так званыя „доказы“, добра ўсьведамляючы, што Рада Эўропы ўжо ў 2004 годзе ўстанавіла, што сьляды чатырох зьніклых апанэнтаў рэжыму вядуць непасрэдна ў цэнтар рэжыму?

Як атрымалася, што ў студзені 2012 года кіраўнік МУС Беларусі Анатоль Куляшоў, нягледзячы на забарону на ўезд у краіны ЭЗ, быў запрошаны для падпісаньня дагавору ў штаб-кватэру Інтэрполу ў Ліёне?»

Падчас дэбатаў у нямецкім парлямэнце, прысьвечаных сьмяротнаму пакараньню ў Беларусі, прадстаўнік фракцыі левых Штэфан Лібіх, у цэлым асуджаючы расстрэлы Канавалава і Кавалёва, адзначыў, што ізалявацца ад Беларусі нельга; «Нам трэба працягваць дыялёг, і мы ня можам адмяніць кантактаў, нават у гэты цяжкі час».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства