viasna on patreon

Паэт Строцаў просіць расстраляць яго разам з Кавалёвым і Канавалавым

2011 2011-12-02T10:11:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў звярнуўся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з вынясеннем смяротнага прысуду абвінавачаным у выбуху ў мінскім метро.

«Хрыстос Уваскрэсе! Аляксандр Рыгоравіч, паспешлівасць Вас выкрывае. Пакарайце смерцю і мяне Вашай уладай разам з асуджанымі на смерць па абвінавачанні ва ўчыненні тэрактаў у Віцебску і Мінску або — па волі Бога Ісуса Хрыста, Чыю міласэрнасць Вы ведаеце — загадайце адмяніць смяротны прысуд і пачаць добрасумленны судовы разгляд справы маладых грамадзян Беларусі Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава. Гэтыя дзеці Жывога Бога не лішнія на зямлі» — такі тэкст адозвы размясціў Строцаў на сваёй старонцы ў «Жывым журнале».

«Напісаць гэты ліст мяне падштурхнула крайняя трывога за жыццё асуджаных на смерць. У нашай краіне амаль усё залежыць ад волі аднаго чалавека, да яго і звяртаюся. Я вернік. Мая задача — даць дзейнічаць Хрысту. Для Бога ўсё магчыма. Я хрысціянін, веру ў сілу асабістага пакаяння. Публічнае пакаранне смерцю не выпраўляе ні ахвяру, ні грамадства», — заявіў Строцаў.

Ён лічыць, што мэта правасуддзя заключаецца не ў тым, каб даць публіцы вінаватых для найхутчэйшага лінчавання, а ў тым, каб максімальна дастаткова адказаць грамадству на ўсе пытанні, звязаныя з трагічным здарэннем такога маштабу.

«Калі застаецца хоць адно пытанне да правасуддзя, яно, як адданы слуга грамадства, павінна цярпліва і добрасумленна адказваць, пакуль грамадства не задаволіцца адказам.

Бо гаворка ідзе пра жыццё і годнасць чалавека», — растлумачыў паэт.

** *

Дзмітрый Строцаў нарадзіўся 12 красавіка 1963 года ў Мінску, дзе жыве зараз. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, па прафесіі архітэктар. Аўтар шасці кніг паэзіі. Піша па-расейску. З сярэдзіны 1990-х займаецца выдавецкай справай, заснавальнік мінскага выдавецтва «Вінаград», які выпускае кнігі вершаў і рэлігійную літаратуру.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства