“Вясна” супраць забароны і цэнзуравання выступаў беларускіх музыкаў і творцаў
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Заява
Мінск, 18.03.2011 г.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” пратэстуе супраць аднаўлення ў Беларусі антыканстытуцыйнай практыкі забароны і цэнзуравання выступаў музычных гуртоў і выканаўцаў
2 сакавіка 2011 г. у сродках масавай інфармацыі з’явіўся дакумент пад назвай “Спіс дзеячаў мастацтва і творчых калектываў", у якім былі ўказаныя назвы айчынных і замежных музычных гуртоў, прозвішчы выканаўцаў і іншых творчых асобаў. Згодна з дадзеным дакументам, які з’яўляўся ананімным і не ўтрымліваў назвы канкрэтнага дзяржаўнага органа ці прозвішча якой-небудзь службовай асобы, забараняецца згадваць якім-небудзь чынам фігурантаў спісу ў СМІ. Сярод фігурантаў спісу - вядомыя і любімыя тысячамі грамадзянаў Беларусі гурты: NRM, “Крама”, “Нейрадзюбель”, “Крамбамбуля”, “Палац”, “Ляпіс Трубяцкі”, выканаўца Зміцер Вайцюшкевіч, калектыў “Свабоднага тэатру” і іншыя дзеячы мастацтва.
Нягледзячы на адмаўленне міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алегам Праляскоўскім датычнасці яго ведамства да стварэння дадзенага дакумента, забарона шэрагу канцэртаў, трансляцыі музычных твораў у эфіры FM-станцыяў гуртоў і выканаўцаў, чые імёны і прозвішчы ўказаныя ў пазначаным вышэй дакуменце, указвае на аднаўленне ў краіне гэтак званых “чорных спісаў” - спісаў забароненых музыкаў.
Варта адзначыць, што падобная практыка забароны канцэртаў, радыё- і тэлеэфіру ў дачыненні да шэрагу беларускіх гуртоў і выканаўцаў выкарыстоўвалася ўладамі краіны ў перыяд 2004 -2007 гг. Прычым у “чорны спіс” таго часу ўваходзілі фактычна тыя ж самыя беларускія гурты і выканаўцы, што і ўказаныя ў “Спісе дзеячаў мастацтва і творчых калектываў" у 2011 г. Удзельнікі гэтых гуртоў, дзеячы і выканаўцы вядомыя ў краіне і па-за яе межамі не толькі творчасцю, але і сваёй грамадзянскай пазіцыяй, адрознай ад афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі. Менавіта гэтая акалічнасць, на нашую думку, і з’яўляецца прычынай такой забароны з боку ўладаў.
У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” заяўляе наступнае:
Культурны плюралізм, разнастайнасць меркаванняў і ідэалогіяў з’яўляюцца адным з падмуркаў дэмакратыі, павінны шанавацца і ахоўвацца дзяржавай як безумоўныя каштоўнасці.
Наяўнасць падобных “чорных спісаў”, практыка забароны выступаў, радыё- і тэлетрансляцыі музычных і іншых твораў мастацтва з’яўляецца нічым іншым як праявай цемрашальства, якая вяртае Беларусь у часы камуністычнага мінулага.
Дадзеныя спісы яскрава сведчаць аб наяўнасці ў краіне цэнзуры, якая наўпрост забаронена Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, аб недапушчальным абмежаванні свабоды выказвання свайго меркавання, мастацкага самавыяўлення і творчасці. Праваабарончы цэнр “Вясна” лічыць такую практыку недапушчальнай і заклікае ўлады Беларусі да яе неадкладнага спынення.
Праваабрончы цэнтр “Вясна” выказвае гатоўнасць у аказанні дапамогі забароненым творцам у адстойванні канстытуцыйных правоў.