"Калі вы скажаце каму, што тут з вамі адбывалася, то мы ўбачымся зноў"
Былы палітзняволены жыхар Мінска Міхаіл (імя змененае ў мэтах бяспекі) – адзін з фігурантаў масавага крымінальнага пераследу па "справе Зельцэра". Нагадаем, 29 і 30 верасня 2021 года па Беларусі пракацілася хваля затрыманняў за каментары ў сацыяльных сетках пра забойствы IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. У хуткім часе Следчы камітэт заявіў, што супраць 136 затрыманых былі ўзбуджаныя крымінальныя справы паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса.
Першая думка была: "Ну вось яно і здарылася"
Міхаіла, які на той час працаваў у культурна-турыстычнай сферы, затрымалі на працоўным месцы пад Мінскам першага кастрычніка 2021 года. Ён пагадзіўся распавесці “Вясне” пра падзеі, якія наклалі незабыўны адбітак на ягонае далейшае жыццё.
– З нас пачынаўся той канвеер затрыманняў за каментары па справе Зельцара. Перад гэтым затрымалі з дзесятак чалавек, а потым пайшла суцэльная лавіна, недзе паўтары сотні. Я, напрыклад, спачатку нават не верыў, што за каментары будуць судзіць па крыміналцы, думаў, патрымаюць, паздзекваюцца крыху і адпусцяць. Лічыў, максімум, што можа быць, гэта ну 15 сутак арышту.
Мяне затрымлівалі на працы пад Мінскам чатыры чалавекі ў цывільным. Гэта былі супрацоўнікі КДБ. Паказалі пасведчанні і загадалі ехаць з імі. Сказалі, што за каментары. Першая думка была: “Ну вось яно і здарылася”. Я разумеў пасля падзеяў 2020 года, што калі не за адно, дык за іншае, але ўсё адно затрымаюць.
На галаву мне насунулі нейкую торбу, рукі за спіною моцна счапілі кайданкамі і адвялі ў аўтамабіль. Па дарозе пачаліся запалохванні, пры гэтым білі па галаве, па тулаве, прыгаворвалі: “А ты ведаеш, што мы з табой зробім? Ведаеш куды мы цябе павязем?”. Карацей, намякалі пра не вельмі добрыя перспектывы, якія чакаюць мяне. Думаю, гэта каб быў псіхалагічны эфект, каб напалохаць мяне.
Зразумела, я спалохаўся, стаў думаць, што ў лес ці ў падвал вязуць, але прывезлі ў Мінск, ва упраўленне КДБ. Там дапыталі, далі азнаёміцца з паперамі аб затрыманні, казалі, каб падпісваў хутчэй, а там будзе бачна, – распавядае ён.
Праз некалькі гадзін Міхаіла адвезлі на Акрэсціна ў камеру, у якой змяшчалася каля 30 чалавек, амаль усе былі палітычныя. Там былі людзі з Магілёва, Гомельшчыны, Віцебска. Праз трое сутак пасля прад’яўлення абвінавачання яго і яшчэ некалькі чалавек павезлі ў Жодзіна.
![]()
"Справа Зельцэра": больш за сотню асуджаных, 99 з якіх — да пазбаўлення волі
“Карны корпус” і ніякай сувязі са знешнім светам
У Жодзінскім следчым ізалятары падазраваных па "справе Зельцэра" змясцілі ў асобны корпус, нібыта на каранцін, дзе трымалі паўтара месяца.
– Самае цікавае, што нас, “зельцэраўскіх” адразу змясцілі ў “карны корпус”, як мы яго называлі паміж сабой. Гэта першы корпус следчай турмы. Тут былі створаныя для нас ”асаблівыя” ўмовы, якія моцна адрозніваліся ад звычайных. У камеры на 10 чалавек нас было 20 і нават болей. Святло гарэла ўсю ноч. Там я правёў паўтара месяца ў поўным вакууме. Ніякай сувязі са знешнім светам не было. Было такое адчуванне, што ўсе супрацоўнікі тут “адбітыя” на галаву, было адчуванне, што тут сабралі з усёй краіны самых ідэйна апрацаваных, якія проста ненавідзелі ўсіх нас.
Было вельмі цяжка псіхалагічна, мы не ведалі, што робіцца дома, што адбываецца за сценамі турмы. Я перажываў за маці з бабуляй, за астатніх родзічаў – як яны, што з імі? Мы не ведалі, што будзе з намі і чым гэта ўсё скончыцца.
Найболей уражвалі бесчалавечыя зняважлівыя адносіны. У гэтым корпусе адбывалася расчалавечванне ўсіх, нам так прамым тэкстам і казалі: “Вы не людзі”. Нам нельга было глядзець на надзіральнікаў, толькі ў падлогу, а супрацоўнікі насілі балаклавы і было часам такое адчуванне, што яны свае галасы змяняюць.
У “карным корпусе” нам ладзілі па 6 па 7 праверак на дзень, і штодня праводзіўся жорсткі шмон, хаця там і рэчаў не было, што там было шукаць! Мы ж з чым заехалі туды, з тым і сядзелі, нават адзенне было дзе працёртае, дзе падранае.
Але ўсё роўна ўсіх выганялі на калідор, ставілі тварам да сцяны на расцяжку, выварочвалі рукі ў ненатуральную пазіцыю і калі ахоўнікам нешта не спадабавалася, пачыналі біць па нагах: “Што ты стаіш па-еўрапейскі, трэба па-беларуску!”. І гэтая працэдура расцягвалася па часе як мага болей, – узгадвае перажытае Міхаіл.
Надзіральнікі папярэджвалі ўвесь час: “Калі вы скажаце каму, што тут з вамі адбывалася, то мы з вамі ўбачымся зноў”.
"Стараўся знайсці нейкі занятак, вучыў ангельскую і гішпанскую мовы"
Праз паўтара месяца, недзе 15 лістапада, падазраваных па справе "справе Зельцэра" перавялі ў звычайны корпус, які называўся “Тытанік”. Умовы ўтрымання у гэты корпусе былі больш чалавечыя, хаця таксама праблем хапала. Тут Міхаіл даведаўся, што існуюць прагулкі, прыходзяць лісты і прымаюць перадачы.
– У Жодзіна я стараўся знайсці нейкі занятак, вучыў ангельскую і гішпанскую мовы. Я знайшоў спосаб, каб здабыць падручнікі і “зацягнуць” іх у турму. Проста так перадаць падручнікі афіцыйна нельга, але калі даслаць у пасылцы, то іх адпраўлюць на склад, а адтуль ужо можна дамовіцца, каб іх табе перадалі ў камеру за некую паслугу. І то не наўпрост, паколькі ў мяне быў палітычны артыкул, а праз іншых людзей.
Чым яшчэ займаліся? Гулялі ў нарды, размаўлялі, намагаліся нават жартаваць. Калі было вельмі цяжка, напрыклад у “карным корпусе”, дзе ўвогуле нічога не было, адныя здзекі, мы шукалі нагоду для жартаў. Гэта дзейнічала, як нейкая псіхалагічная абарона. Бо калі сядзець і пастаянна думаць аб тым, што адбываецца, то можна звар’яцець.
Яшчэ можна было ўзяць нешта з бібліятэчных кніг. На “хату” выдавалася пяць кніг на тыдзень, ці болей, потым прыязджала “бібліятэка” і тое, што прачыталі – можна было здаць і ўзяць нешта новае, з таго што прапануюць. Але гэта працэс рандомны. Здараецца, што траплялі нармальныя кнігі, але часцей давалі рознае чытво. Карацей, працэс нагадваў нейкі буккросінг. Здаралася, што некаму ўдавалася прывезці кнігу з сабой, асабліва калі чалавек на Жодзіна трапляў з якога раённага ІЧУ.
Можна было таксама нешта выпісаць з перыёдыкі. Памятаю, што мне выпісалі часопіс “Планета”, у якім публікавалася раз пораз нейтральная аналітыка. Памятаю, перад Новым годам, чытаў артыкул, дзе сцвярджалася, што неўзабаве можа ўспыхнуць вайна паміж Расіяй і Украінай, Не паверыў тады, думаў для хайпа напісалі, але праз два месяцы ўсё і пачалося. Гэтая інфармацыя хутка разляцелася праз турэмнае радыё. Раздавалі нам яшчэ і Саўбелку”, мы чыталі і выпадалі ў асадак, асабліва ад артыкулаў Мукавозчыка.
Таксама вучыліся шукаць інфармацыю паміж радкоў, звычайна калі пра нешта шмат пішуць і хваляць, то насамрэч усё зусім не так, што ёсць праблемы.
- Следчы ізалятар у Жодзіна.
"Хоць прывязвайце яго анучамі, але каб не ляжаў на нарах"
Амаль год Міхаіл правёў у следчай турме ў Жодзіна. За гэты час у яго пагоршыўся стан здароўя, пачалі крышыцца і выпадаць зубы. Але ён лічыць, што іншым сядзельцам было яшчэ горш. Ён зразумеў, што трэба перагледзець сваё стаўленне да ўласнага здароўя, бо ніхто тут у гэтым усур’ёз не дапаможа.
– Быў выпадак, калі ў “карным корпусе” аднаму з нашых хлопцаў па "справе Зельцэра” стала вельмі дрэнна, ён ледзьве не памёр, страціў прытомнасць, але яму ніякай дапамогі не аказвалі. Ён зваліўся побач са мной. Нас усіх вывелі з камеры ў душавы пакой, пакуль яго прыводзілі ў прытомнасць, давалі нейкія лекі і ўсё адно пакінулі ў камеры. Мы потым ледзве выпрасілі, каб яму дазволілі легчы на нары і паляжаць. Прасілі і на другі дзень, А нам адказвалі, што ім усё роўна, што ён не можа стаяць, казалі: “Хоць прывязвайце яго анучамі, але каб не ляжаў на нарах”. Дзякуй Богу, што ён змог выкараскацца з гэтай сітуацыі.
І я зразумеў, што трэба разлічваць на сябе і клапаціцца пра сваё здароўе. Але за гэты час у мяне выпалі-пакрышыліся чатыры зубы, відаць ад недахопу вітамінаў і пастаяннага нервовага напружання, – кажа былы палітвязень.
Следства цягнулася 10 месяцаў, за гэты час ч. 3 арт 130 перакваліфікавалі на першую частку і дадалі артыкул за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Суд над Міхаілам пачаўся 19 кастрычніка 2022 года. Яму далі год і восем месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 100 базавых велічыняў. Пасля прысуду Міхаіл амаль адразу выйшаў на волю, так і не патрапіўшы ў калонію, паколькі спрацаваў кафіцыент, па якім дзень у СІЗА залічваецца за паўтара.
– Перад судом перавялі на Валадарку. На судзе запомніліся выступы пракурора, які гадзінамі задаваў пытанні, прычым часта адны і тыя ж. Склалася ўражанне, што ён хоча мяне падлавіць на чым-небудзь.
"Як вызваліўся – баяўся, што магу пайсці па другім коле"
– Пасля вызвалення ўвесь час думаў з’ехаць, бо разумеў, што нічога добрага ў Беларусі са мной не будзе, разумеў, у якой краіне мы жывем, што гэта рэальная антыўтопія. Не бачыў я тут сваёй будучыні. Ну і вакол была дэпрэсіўная абстаноўка. Адно шкадаваў, што не зрабіў гэта да свайго затрымання.
Як вызваліўся – баяўся, што магу пайсці па другім коле і разумеў, што не дарую сабе гэтага. У знаёмых, якія адсядзелі, з’явіліся ў каго панічныя атакі, а нехта прымае антыдэпрэсанты, хтосьці сыходзіць у запой. Канечне, калі б пасля вызвалення я патрапіў у нармальную, вольную Беларусь, то ўсё было б файна, – кажа ён.
Працэс ад’езду ў Міхаіла зацягнуўся, бо ён меў забарону на выезд і не ведаў, якім чынам можна пакінуць краіну. Але ўрэшце ўсё атрымалася.
– Я і дагэтуль не магу дараваць гэтай сістэме за адчуванне бездапаможнасці, калі адчуваеш сябе бяздомнай жывёлай, якая трапіла ў рукі садыстаў, і ніхто цябе не зможа абараніць і ты сам сябе не абароніш. І за тое, што ў мяне скралі радзіму, – завяршае размову Міхаіл.
![]()
"Пра гэта казаць цяжка, але людзі забываюць", — палітвязень па "справе Зельцэра" ў гадавіну затрымання