Сілавікі прыходзілі ў Беларусі да родных актывістаў у выгнанні: хроніка рэпрэсій 10-11 красавіка Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10-11 красавіка 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 27 прозвішчаў — цяпер у ім 5142 чалавек
11 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Латвіі Юрыйса Ганінса, лясніка Вітольда Шалкевіча, а таксама былых сілавікоў з Жодзіна Дзмітрыя Удовіна, Андрэя Дарошку, Вячаслава Ільіча, Ігара Кісляка і Віталя Папроцкага, якія ў жніўні 2020-га запісалі моцны зварот да сілавікоў.
Сілавікі прыходзілі да родных журналіста і блогера Валера Руселіка, а таксама актывісткі Марыны Касінеравай
Пра гэта яны напісалі на сваіх старонках у Facebook.
"Ну што ж. учора пад вечар да маёй мамы ў горадні зноўку прыходзілі два гаўнюкі - штопраўда, гэтым разам не ў пагонах, апранутыя ў цывільнае. зноўку пыталі пра мяне: дзе жыву, ці зьбіраюся вяртацца, ці кантактуе мама са мною і г.д. з новага - ці ёсьць у мяне татуіроўкі і шнары, а таксама які ў мяне рост. зноўку перапісалі дадзеныя маіх блізкіх сваякоў", — напісаў Валер.
"Да мяне па прапісцы (дзе я не жыву больш за 13 гадоў) ходзяць як на працу нават у непрацоўны час (уначы, калі людзі спяць), каб запытацца ці дакладна я не ў Беларусі і калі прыеду. Вось зноў прыходзілі ўчора, перад гэтым у снежні аж два разы, дагэтуль у студзені КДБ зайшлі з вобшукам за подпісам Шведа, маці адвезлі на допыт, забралі 35 еўра і дагэтуль не вярнулі, бо ідзе следства", — напісала Марына.
Да родных актывіста Дзмітрыя Карняенкі прыходзілі сілавікі
Пра гэта мужчына паведаміў у сваім Facebook.
"Мой "экстрэмісцкі" статус павялічыўся. Цяпер як чалец Хрысціянскай візіі прызнаны датычным да "экстрэмісцкага фармавання".
Разам з тым павялічыліся і візіты міліцыянтаў да родных. Учора наведвалі бацьку ў Воршы, нават бралі ў яго біяматэрыял. Бацька збянтэжыўся і не дужа распытваў, навошта.А сёння міліцыянты ўжо пабылі ў цёшчы ў Віцебску.
Так-та з рознай перыядычнасцю наведваюць (то следчыя, то міліцыянты), але гэтыя дні крыху пашырылі свой расклад візітаў».
Учора стала вядома, што праект «Хрысціянская візія» трапіў у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў", — паводле сілавікоў, дачыненне да яго мае і Дзмітрый Карняенка.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» сайт адукацыйнай платформы «Васьміног»
Таксама «экстрэмісцкай» прызналі і Facebook-старонку платформы. Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Драгічынскага раёну 8 красавіка.
Праграма «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» накіраваная на адукацыйныя праекты для беларускіх школьнікаў, стварэнне інавацыйнай навучальнай анлайн-платформы для транспамежнай беларускаарыентаванай адукацыі і працу некалькіх каманд даследчыкаў.
Таксама ў «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі:
- Telegram-канал «Mengele conf»;
- Старонка ў Instagram «tatiana.04.04_fotograf»;
- Сацсеткі медыя «adu.placе»;
- Старонка ва «Укантакце» «Bielaruski Nastup»;
- Facebook-старонкі «BGmedia», «Belarus News Headlines»;
- TikTok-старонкі «belarusupdatehub», «svaboda_news», «Сябр», «dorogavaad», «volnaya.belarus», «Lizaveta».