viasna on patreon

Новыя "экстрэмісцкія фармаванні": хроніка рэпрэсій 8-9 красавіка Дапоўнена

2025 2025-04-09T09:44:48+0300 2025-04-10T10:21:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/henrykh-akalatovicz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 8-9 красавіка 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Дом Цапкалаў прадалі на аўкцыёне з чацвёртай спробы

Валерый Цапкала.
Валер Цапкала

Дом і зямельны ўчастак Валерыя і Веранікі Цапкалаў прадалі на аўкцыёне з чацвёртай спробы. На праведзеную здзелку па арыштаванай маёмасці звярнула ўвагу "Радыё Свабода".

У доме па завулку цяплічнага ў Мінску зарэгістраваны тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх. Яго ўжо спрабавалі прадаць у лістападзе 2024 года са стартавым коштам 2,1 млн рублёў, у студзені 2025 года са стартавым коштам 1,68 млн рублёў і ў лютым са стартавым коштам 1,26 млн рублёў. У выніку яго прадалі за 1 157 200 рублёў пры пачатковай цане ў 841,6 тысячы.

У лютым 2024 года суд па пазове пракуратуры Мінска прызнаў нікчэмнай здзелку па адчужэнню жылога дома на карысць лізінгавай кампаніі ў 2020 годзе. Імя адказчыка не называлася, але гаворка магла ісці пра Цапкала.

У красавіку 2024 года праз аўкцыён з другой спробы была прададзеная кватэра Цапкала. Вераніка Цапкала заяўляла, што кватэра належыць не толькі яе мужу, але і непаўналетнім дзецям, таму яе нельга адчужаць.

У ліпені 2024 года Вераніку Цапкала завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі па абвінавачванні ў "змове з мэтай захопу ўлады" і "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні". У 2023 годзе Валерыя Цапкала завочна асудзілі да 17 гадоў зняволення.


У Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі старонку ў «Х»

Трэцяга красавіка КДБ Беларусі дадаў у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» «інфамацыйны рэсурс чё ваще происходит» — гаворка пра старонку ў «Х». Паводле ведамства, дачыненне да яе мае 29-гадовая Юлія Касцючэнка.

Апошнія допісы на гэтай старонцы ў «Х» датаваныя пачаткам году. На яе былі падпісаныя ўсяго 47 чалавек.


У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні»

Гэта праекты «Магілёўцы abroad», «чё ваще происходит», «Палітвязынка», «БюроМедиа» і «Хрысціянская візія». Усе яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» па рашэнні КДБ і МУС.

Паводле ведамстваў, дачыненне да «Магілёўцы abroad» маюць Надзея Салаўёва, Дзмітрый Салаўёў, Уладзімір Лапцэвіч, да «Палітвязынка» — Ганна Крацько, Яўгенія Сцепусь (Доўгая), Анастасія Захарэвіч, да «БюроМедиа» — Аляксандр Ярашэвіч, Вольга Альхіменка, Аляксей Карпека, Ксенія Вязнікоўцава, да «Хрысціянская візія» — Наталля Васілевіч, Наталля Гарковіч, Дзмітрый Карняенка.


За апошнія пяць месяцаў у базу вышуку Расіі патрапілі больш за 1 200 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі

У спіс беларусы трапляюць на запыт Беларусі — гэта значыць, што іх шукаюць у абедзвюх краінах. Цяпер у ёй больш за 4 700 беларусаў.

За 5 месяцаў у вышуковую базу РФ дадалі сама меней 58 чалавек, асуджаных па палітычных справах. У спіс таксама патрапіў журналіст Аляксандр Буракоў, паэтка і тэлевядучая Валерыя Кустава, экспертка Беларускага Хельсінкскага Камітэта Кацярына Дзяйкала.

У спісе ёсць і два намеснікі старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў — Барыс Гарэцкі і Алег Агееў. Акрамя іх у вышуку вядучы праекта «Обычное утро» Канстанцін Місуно (Каверын) і былая вядучая праграмы Людміла Лабінская (Міласлаўская).

У абноўленым спісе ёсць сваякі як былых палітвязняў, так і беларускіх палітыкаў у эміграцыі. У базе ёсць дачка палітзняволенай Алены ГнаукАляксандра Семянюк.


У «спіс тэрарыстаў» дадалі 13 чалавек — сярод іх супрацоўнік дэлегацыі Еўрасаюза ў Беларусі

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы трынаццаці чалавек.

Сярод іх Хіла Мікалай, Маліноўская Карына, Качан Лілія, Шпакоўскі Аляксей, Казінцаў Павел, Дарагакупец Аляксандр, Елькіна Алена, Вевель Кірыл, Сімашковіч Ігар, Губар Вольга, Якімёнак Раман, Шпак Уладзімір, Урублеўскі Андрэй.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1268 чалавек, з іх 574 — беларусы.


У Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі" чарговыя кнігі

Гаворка пра друкаваныя выданні «Даведiк беларускага журналiста» (Фенрых Пшэмыслаў, Вячорка Вінцук), а таксама «Беларусь на разломе» (Яраслаў Раманчук, Леанід Зайко). Яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» судом Партызанскага раёну Мінска 4 красавіка.

Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі старонкі ў Facebook «Ольг’ерд Мамаєнко» і «Беларускi Моладзевы Хаб», Telegram-каналы і чаты «Диаспора Беларусов Мира», «Рабочы Рух чат», «Vladimir Pogosyan |Official», старонка ў «Аднакласніках» «Свободный Гомель FREE GOMEL», а таксама старонкі ў сацсетках Аляксандра Баля.


"Абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана". Ксёндз Генрых Акалатовіч адзначыў 65-годдзе і перадаў вестку з-за кратаў 

Ксёндз Генрых сказаў, што яго абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана», што з'яўляецца «грубай правакацыяй». Святар падкрэсліў, што ніколі не быў нічыім шпіёнам, што ён слуга Бога, а судзяць не яго, а «ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі».

Паводле святара, у ягонай справе «няма ні слова праўды, ні аднаго факту, які выкрывае яго ў шпіянажы, а ўсё абвінавачванне будуецца на хлусні, пагрозах і шантажы». Ксёндз падкрэсліў, што з дзясяткаў сведак, сярод якіх ёсць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто не даў супраць яго «выкрывальных паказанняў».

У яго паведамленні таксама ідзе гаворка аб няправільным перакладзе яго тэксту ў матэрыялах справы — верагодна, нейкага ліста на польскай мове. Таксама згадваюцца эксперты з Міністэрства абароны, з чаго можна зрабіць выснову, што святару маглі інкрымінаваць нібыта перадачу нейкіх звестак на ваенную тэматыку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства