Міжнародны дзень рома адзначаецца 8 красавіка
8 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень рома. Менавіта ў гэты дзень у 1971 годзе ў Лондане прайшоў Першы Сусветны ромскі кангрэс, на якім прысутнічалі ромскія дэлегаты з 30 дзяржаў. У тым жа годзе быў створаны Міжнародны саюз цыганоў. Адным з вынікаў кангрэса стала прыняцце нацыянальных сімвалаў — сцяга і гімна.
Якая сітуацыя з правамі рома ў Беларусі? Гэтая тэма, сярод іншага, уздымалася на 3 095 пасяджэнні Камітэта аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, падчас прэзентацыі справаздачы Беларуссю як дзяржавы-ўдзельніцы Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі. Беларускія ўлады давалі справаздачу ў Камітэце 15 і 16 жніўня 2024 года.
Тады судакладчык Камітэта Дзіабі закрануў пытанні супольнасці рома ў Беларусі: адукацыя, працаўладкаванне, сацыяльныя паслугі, ахова здароўя ды іх прафіляванне.
"У дзяржаве-ўдзельніцы маецца дыскрымінацыя з боку дзяржаўных органаў і з боку грамадства ў дачыненні да групаў супольнасці рома, — распавёў Дзіабі. — Рома па-ранейшаму сутыкаюцца з маргіналізацыяй, дыскрымінацыяй, высокім узроўнем беспрацоўя, нізкім узроўнем адукацыі ды адсутнасцю доступу да сацыяльных паслугаў.
Рома сутыкаюцца з паўсюднай адмовай у праходжанні медычна-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй медычных устаноў, у выніку чаго вялікая колькасць рома не ў стане атрымаць статус чалавека з інваліднасцю. Гэтая адмова пазбаўляе іх доступу да якаснага медычнага абслугоўвання і да дзяржаўных выплат".
Акрамя таго, судакладчык адзначыў, што Камітэт мае крыніцы інфармацыі, што паказваюць на захаванне дыскрымінацыі рома, якія асабліва пакутуюць ад маргіналізацыі, высокага ўзроўню беспрацоўя, нізкага ўзроўню адукацыі ды недастатковага доступу да сацыяльных паслугаў. Таму Камітэт хацеў атрымаць інфармацыю аб тых захадах, якія прымаюцца або плануюцца дзяржавай для таго, каб палепшыць доступ рома да занятасці, адукацыі ды сацыяльных паслугаў. Камітэт таксама хацеў атрымаць дадатковую інфармацыю аб захадах, якія прымаюцца для таго, каб спыніць этнічнае прафіляванне рома, у тым ліку наведванне іх месцаў пражывання, зняцце адбіткаў пальцаў і забор біялагічных узораў, напрыклад, слізістай рота, сіламі правапарадку. Гэтыя наведванні, як паведамлялася Камітэту, суправаджаюцца пагрозамі.
"Мэта такіх візітаў і ўзяцце біялагічных узораў не растлумачваюцца. З якой мэтай ажыццяўляюцца гэтыя наведванні месца пражывання і забор адбіткаў пальцаў ды біялагічных вадкасцяў (слізістай ротавай паражніны) яшчэ і пад пагрозай? Якія працэдуры існуюць для таго, каб паведамляць пра выпадкі расавага прафілявання супрацоўнікаў праваахоўных органаў? Падайце інфармацыю пра расследаванне такіх скаргаў, уключна з колькасцю выпадкаў, вынікамі расследаванняў, і якія сродкі прававой абароны ёсць у ахвяр?", — спытаў Дзіабі ў прадстаўнікоў беларускіх уладаў.
На гэта беларускія ўлады адказалі, што ў Беларусі рома карыстаюцца ўсімі правамі нароўні з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў.
"Ромскай дыяспары аказваецца дапамога за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў вырабе нацыянальных касцюмаў, а таксама ва ўмацаванні матэрыяльнай базы аб'яднання. А прадстаўнікі ромскай дыяспары прымалі актыўны ўдзел у 14 Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, — сказала беларуская дэлегацыя. — У Міністэрства адукацыі не паступалі звароты, што змяшчаюць факты на прадузятае стаўленне да дзяцей насельніцтва рома з боку настаўнікаў або праявы да іх нецярпімасці. Беларускія кампетэнтныя органы не валодаюць фактамі адмовы каму-небудзь у працаўладкаванні, абмежавання доступу да адукацыі і медычных паслуг, а таксама іншага ўціску ў правах з прычыны прыналежнасці да нацыянальнай меншасці рома".
![]()
Жыццё беларускіх ромаў: праўда без прыкрас
"Вясне" стала цікава, як жывуць ромы пасля трывожных падзей у Магілёве.
![]()
Беларусь: Масавыя аблавы супраць прадстаўнікоў рома павінны расследавацца
Сумесная заява Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончага цэнтра "Вясна"