Заява аб прызнанні шасці чалавек палітычнымі зняволенымі
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
31 сакавіка 2025 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт.130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных групаў, што падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.
Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, што выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, што часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.
У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога высунутага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе з меркаванняў маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва мусіць быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не павінна, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асобаў. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі і прававой аргументацыяй, мусіць быць аддадзеная галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.
Нам вядома аб асуджэнні:
Алега Самародскага паводле арт. 130, 361, 361-1 КК, якога абвінавачвалі ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, закліках да санкцыяў ды ўдзелу ў экстрэмісцкім фармаванні — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Ірыны Стасенкі паводле арт. 130, 367, 368 КК, якая абвінавачвалася ў абразе А. Лукашэнкі ды паклёпе на яго, распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Ягора Барыскевіча паводле арт. 130 КК, які абвінавачваўся ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Паўла Мінчыка паводле артыкулаў 130 і 368 КК, які абвінавачваўся ў абразе А. Лукашэнкі ды распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Дзмітрыя Сідарэнкі паводле арт. 130 і 368 КК, які абвінавачваўся ў абразе А. Лукашэнкі ды распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Мы таксама нагадваем сваю пазіцыю, выказаную ў заяве праваабарончай супольнасці, пра тое, што парушэннем п. 3 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах будзе спасылка на законы аб дзяржаўнай здрадзе і аналагічныя акты, што тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю, з тым, каб утрымаць або схаваць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая мае законны грамадскі інтарэс ды не пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама, каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў, абаронцаў навакольнага асяроддзя, праваабаронцаў або іншых асоб за распаўсюд такой інфармацыі.
Нам вядома аб асуджэнні Дзмітрыя Скубілава паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса ў закрытым судовым пасяджэнні, які абвінавачваўся ў дзяржаўнай здрадзе — да пазбаўлення волі да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:
- a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Алега Самародскага, Ірыны Стасенкі, Ягора Барыскевіча, Паўла Мінчыка, Дзмітрыя Сідарэнкі, Дзмітрыя Скубілава з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і абраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, што паўплывалі на кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;
- вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя захады для забеспячэння іх яўкі ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі ПЭН;
Прававая ініцыятыва;
Respect-Protect-Fulfill;
Lawtrend.