viasna on patreon

Супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі ўзбудзілі новую крымінальную справу

2025 2025-03-27T09:57:12+0300 2025-03-27T10:50:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudalenko_leonid_1.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў чарговую крымінальную справу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" супраць праваабаронцы і былога палітвязня, асуджанага да пяці гадоў калоніі, Леаніда Судаленкі, паведамляе MAYDAY TEAM. 26 сакавіка па месцы рэгістрацыі ў Гомелі прыйшлі некалькі сілавікоў і пракурор, каб скласці акт аб яго адсутнасці дома. Гэта ўжо трэцяя крымінальная справа супраць праваабаронцы. 

Леанід Судаленка ў Еўрапарламенце. Фота з сацыяльных сетак
Леанід Судаленка ў Еўрапарламенце. Фота з сацыяльных сетак

У лістападзе 2021 года Леаніда асудзілі на тры гады зняволення паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Ён цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю ў 2023 годзе. Былы палітвязень эміграваў у Літву, аднак рэпрэсіі супраць яго не спыніліся. У 2024 годзе праваабаронцу завочна асудзілі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" да пяці гадоў калоніі.

Цяпер супраць Леаніда ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), аднак сутнасць абвінавачвання невядомая. Пра гэта паведаміў падчас апытання панятых следчы Гомельскага раённага аддзела СК Сямянцоў.

Праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што ягоны пераслед – гэта прыклад таго, як рэжым спрабуе прымусіць замоўкнуць тых, хто адстойвае свабоду і справядлівасць:

"Я буду працягваць працу на міжнароднай арэне і звяртацца да ўсяго свету ў змаганні з рэжымам, які парушае правы і свабоды беларусаў. Да тэрміна ў пяць гадоў мне хочуць дадаць яшчэ сем, а потым так і да 30 магчымых у Беларусі год пазбаўлення волі, але гэтым мяне ўжо не спыніць, бо мае перакананні ў праўдзе". 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства