viasna on patreon

"Яны гублялі прытомнасць, калі ехалі ў аўтазаку": як у Беларусі перавозяць зняволеных

2025 2025-03-26T16:10:00+0300 2025-03-26T17:17:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/etapavanne-1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Этап" – адзін з самых невядомых эпізодаў у жыцці палітвязняў. Мы шмат расказваем пра іх утрыманне ў СІЗА і калоніях, але што адбываецца паміж гэтымі этапамі — падчас перавозкі з ізалятараў на суды або ў калоніі, дзе яны будуць адбываць тэрмін, — вядома па-ранейшаму не так шмат. Больш за тое – гэта адно з самых уразлівых месцаў для зняволеных. Жудасныя ўмовы, схаваныя ад вачэй нават большасці супрацоўнікаў месцаў зняволення і саміх зняволеных, спрыяюць наймацнейшаму парушэння правоў чалавека.

etapavanne-1.png
Ілюстрацыя: Валанцёрская служба "Вясны"

Аўтазакі ды "сталыпіны"

Для перавозкі палітвязняў з СІЗА ў калоніі выкарыстоўваюцца аўтазакі, мікрааўтобусы ці цягнікі. У апошнім выпадку людзей перавозяць у спецыяльных вагонах, што прычапляюцца да звычайных цягнікоў – іх называюць "сталыпін".

Аляксандр Салжаніцын, раман "Архіпелаг Гулаг":

"Гісторыя вагона такая. Ён, сапраўды, пайшоў, па рэйках упершыню пры Сталыпіне: ён быў сканструяваны ў 1908 годзе, але — для перасяленцаў ва ўсходнія часткі краіны, калі развіўся моцны перасяленчы рух і не хапала рухомага складу. Гэты тып вагонаў быў ніжэй звычайнага пасажырскага, але шмат вышэй таварнага, ён меў падсобныя памяшканні для начыння ці птушкі (цяперашнія "палавінныя" купэ, карцары) — але ён, зразумела, не меў ніякіх кратак, ні ўнутры, ні на вокнах. Краты паставіла вынаходлівая думка, і я схіляюся, што бальшавіцкая. А называцца давялося вагону – сталыпінскім..."

Палітвязні часта апісваюць, што людзей у сродкі для перавозак змяшчаюць значна больш, чым хапае месца. Часам супрацоўнікам даводзіцца, калі зачыняюць дзверы аўтазакаў, прыціскаць іх плячом. Праз гэтае людзям не хапае паветра, праз кайданкі за спінай або спераду яны фактычна абезрухомленыя.

"Я вытрымаў, хоць быў на мяжы памутнення свядомасці. Але я ведаю, што там былі людзі больш сталага веку, якія гублялі прытомнасць, калі ехалі ў аўтазаку. Па адчуваннях цябе як быццам запіхваюць у труну. Мы марылі даехаць як мага хутчэй, гэтую гадзіну можна было не датрываць", — адзначае адзін з палітвязняў (з мэтаў бяспекі мы не называем ягонае імя).

Кайданкі, электрашокер і слезацечны газ: спосабы застрашвання і катаванняў

"Вясна" аналізуе адпаведнае заканадаўства і прыводзіць шматлікія факты яго парушэння з боку супрацоўнікаў МУС.

Вагоны палітвязні апісваюць як "звычайныя", што нагадваюць купэ. Часам замест дзвярэй там краты. У адным з выпадкаў у падобным "купэ" ехалі каля 14 чалавек. З кожнага боку было па тры ярусы –больш маладыя залазілі туды. Астатнія ўсаджваліся паўбокам. У такім стане людзі ехалі больш за тры гадзіны. Яшчэ адзін палітвязень апісвае, што ў "купэ" на шасцярых ехалі 17 чалавек, іншая палітзняволеная называе лічбу 12. У і без таго перапоўненых купэ зняволеным трэба прымудрыцца размясціць і торбы, якія яны вязуць з сабой. Многія са зняволеных паляць, часта – пры зачыненых вокнах, што таксама пагаршае ўмовы для іншых.

Кайданкі

Палітвязняў этапуюць у кайданках, якія не здымаюць цягам усяго шляху, уключна з часам на сон. Гэта прыносіць дадатковыя пакуты асуджаным. Адзін са сведак распавёў "Вясне", што яму давялося залазіць у кайданках на другі ярус у вагоне цягніка. Да прыкладу, асуджаныя за згвалтаванне не заўсёды мусілі ехаць у кайданках.

Былы палітвязень Віталь Жук падрабязна распавёў пра этапаванне ў кайданках і праблемы, якія ў сувязі з гэтым узнікаюць:

"У чарговы раз адкрываецца кармушка, зашчоўкваюцца на запясцях кайданкі, і ты са сваімі торбамі ідзеш на нагах, што заплятаюцца, праз падвал ІЧУ да аўтазака. Чаму на нагах, што заплятаюцца? Паспрабуйце звязаць сабе рукі спераду, узяць у іх дзве-тры торбы і паспрабаваць так ісці. Вы будзеце біцца каленамі аб свае ж торбы, а праз вагу не зможаце іх несці на выцягнутых руках. І вось так вы ідзяце, б'ецеся аб торбы каленкамі, спатыкаецеся, а ў спіну крычаць: "Хутчэй!"

"Адміністрацыя калоніі ламае тое, што не змаглі зламаць у ІЧУ ці СІЗА"

Вялікая гутарка з экс-палітвязнем бабруйскай калоніі.

Этапаванне з СІЗА № 7 горада Брэста ў СІЗА № 6 горада Баранавічы Віктар Панцялееў успамінаў так:

"Зашпільваюць кайданкі — і ў іх прымушаюць несці рэчы ў аўтазак. У ім ты і едзеш, у маленькіх "стаканах" гэтых ты стаіш, а ў цябе тры-чатыры торбы, нарыхтаваныя ў зону ўжо. І вось усе гэтыя торбы ты нясеш у кайданках. Калі мы прыехалі на цягнік, то з аўтазака трэба спусціцца ў кайданках са сваімі рэчамі — тады на цябе крычаць: "Хутчэй, хутчэй". Ты заходзіш у "сталыпінскія вагоны" і ў гэтым цягніку табе не здымаюць кайданкі — цябе закрываюць у гэтае купэ пад краты. Толькі палітычныя ў кайданках і перасоўваліся".

"ПК № 15 — гэта канцлагер"

Гісторыя экс-палітвязня Віктара Панцялеева.

Часта кайданкі зашпільваюць спераду — пры гэтым зняволеныя па-ранейшаму мусяць несці свае рэчы. Адзін з іх распавядае, што ўпаў назад некалькі разоў, калі паспрабаваў з рэчамі і зашпіленымі спераду кайданкамі падняцца ў вагон. Некаторыя палітвязні адзначаюць, што іх зацягваюць вельмі моцна, некаторыя — прыводзяць зваротныя сведчанні.

"Пасля транспарціроўкі я пару месяцаў не адчуваў вялікі палец на левай руцэ, — распавядае адзін з палітвязняў (з мэтаў бяспекі мы не называем яго імя). — Ён увесь час тузаўся, быў сіняга колеру. Мабыць, пераціснуўся нейкі нерв".

Канваір

Пры любым з тыпаў транспарціроўкі — будзь гэта аўтазак, аўтобус ці цягнік — зняволеных мусяць суправаджаць канваіры. На адзін "сталыпінскі" вагон іх можа быць сем чалавек, як узгадваў адзін са сведак.

Яны ставяцца да палітвязняў па-рознаму. Некаторыя выводзяць у прыбіральню па просьбе, даюць папіць "па раскладзе". Але здараецца і зусім іншае:

"Мы ехалі ў "купэ" ўсю ноч, але я не магла спаць, таму што ўсе палілі, было мала месца, — распавядала Наталля Кукішава. — Пры гэтым канваіры не давалі піць, не вадзілі ў туалет, з "купэ" нельга было выйсці ўсю ноч". Гэтыя словы пацвярджае яшчэ адна зняволеная, якую этапавалі ў гомельскае СІЗА (з мэтаў бяспекі мы не называем яе імя):

"Нас не выпускалі ў прыбіральню, але далі вады ў сухпайку — разам з гарохавым супам у пакеціку і лыжкамі. Але гарачай вады, каб яго заварыць, не далі! Апамяталіся толькі ў тры гадзіны ночы — абудзілі і далі гарачай вады, каб заварыць суп, каву ці гарбату. Я наўмысна нічога не чапала, бо ў прыбіральню нас не выпускалі. Тыя, хто папіў або паеў ноччу, а шостай раніцы пачалі прасіцца ў прыбіральню, але іх не пускалі. І ты едзеш, як сабака ў клетцы — перанаселенай, пракуранай, без права пайсці ў прыбіральню".

Іншыя зняволеныя адзначаюць, што ў сухпайку могуць быць таксама хлеб, цукар і аўсянка.

Як паводзяць сябе канваіры са зняволенымі таксама залежыць ад чалавечага фактару. Напрыклад, адзін з палітвязняў распавядае, што ў аўтазаку, які перавозіў людзей у віцебскую калонію, супрацоўнікі абражалі зняволеных і крычалі на іх. Некаторыя супрацоўнікі ігнаруюць пытанні зняволеных і не адказваюць, напрыклад, якая цяпер гадзіна. Таксама канвой могуць суправаджаць сабакі.

"Мы праходзім у аўтазак — а вакол брэшуць сабакі, людзі стаяць са зброяй. Мы прайшлі ў вагон, дзе нас замкнулі ў вальерах-клетках з кучай людзей. Было вельмі цесна", — узгадвае адзін з палітвязняў Анатоль Хіневіч.

"Гэта было свайго роду паказальным прыніжэннем"

Як супрацоўнікі парушаюць нормы ў месцах зняволення.

Некаторыя палітвязні адзначаюць асаблівую жорсткасць канваіраў:

"Праходзілі этапы досыць жорстка. Нас шантажавалі вадой, прыбіральнямі ды іншымі рэчамі. Канваіры паводзілі сябе неадэкватна: калі нейкі мужчына сталага веку ці чалавек з інваліднасцю павольна ішоў, то яны яго штурхалі і крычалі мацюкамі, пагрозамі. Ствараецца гнятлівая атмасфера, якую складана цяпер перадаць словамі. Нават калі ты проста на гэта ўсё глядзіш, гэта вельмі моцна цісне. Я калі пайшоў у прыбіральню, то не змог апаражніцца, таму што ззаду мяне стаяў канвойны, які кожную секунду крычаў, што трэба хутчэй. Гэта суправаджалася пагрозамі і нецэнзурнай лексікай. Галавой я быў дакладна не ў прыбіральні".

"Раўчук"

Калі зняволеныя нарэшце даязджаюць да месца прызначэння, іх пакуты не сканчаюцца. Напрыклад, вядома, што ў турме № 8 Жодзіна ў 2021 годзе супрацоўнікі практыкавалі "раўчук", вядомы яшчэ падчас пратэстаў 2020 года. Калі дзверы аўтазакаў адчыняюцца і людзей выпускаюць, супрацоўнікі турмы ў балаклавах становяцца па абодва бакі ад зняволеных, ствараючы "калідор", па якім яны павінны ісці. Пакуль зняволеныя ідуць праз іх у камеры, супрацоўнікі турмы збіваюць іх дручкамі і нагамі.

Юрыдычная служба "Вясны":

"Бесчалавечнае або прыніжальнае годнасць абыходжанне забараняецца нацыянальным і міжнародным правам. Паводзіць сябе з асуджанымі супрацоўнікі павінны ветліва (ч. 2 арт. 10 Крымінальна-выканаўчага кодэкса). Абразы, грубасці і прыніжэнне недапушчальныя, незалежна ад таго, якой цяжкасці злачынства было здзейсненае. Падчас этапавання мусяць быць створаныя належныя ўмовы. Гэта значыць, што павінны быць забяспечаныя базавыя чалавечыя патрэбы: ежа, паход у прыбіральню, асобнае месца для кожнага. Недапушчальна праз недахоп месца сядзець на падлозе або на каленях іншых асуджаных. Транспарт павінен добра вентылявацца (Правіла Нэльсана Мандэлы № 73 (2)). Усе гэтыя правілы кажуць, што падчас этапавання чалавек павінен адчуваць сябе камфортна.

Перавозіць чалавека ў кайданках дапушчальна, толькі калі ён уяўляе небяспеку для сябе, навакольных або можа нанесці матэрыяльны ўрон (Правіла Нэльсана Мандэлы № 47). У апісаных палітвязнямі гісторыях мы не бачым такой патрэбы.

Зыходзячы з практыкі, яшчэ адной праблемай з'яўляецца тое, што сваякі або адвакаты даведаюцца аб этапаванні па факце. Гэта значыць, яны прыязджаюць у СІЗА або папраўчую ўстанову, каб зрабіць перадачу або аказаць прававую дапамогу, але асуджанага ўжо там няма. Нацыянальнае заканадаўства не абавязвае адміністрацыю апавяшчаць блізкіх і адвакатаў аб этапаванні. У Беларусі перыяд этапавання — да 10 дзён з дня атрымання адміністрацыяй следчага ізалятара паведамлення аб тым, што прысуд набыў моц (ч.1 арт. 65 УВК). Атрымліваецца, у перыяд этапавання ў асуджанага няма сувязі з блізкімі, а ў сваякоў — няма інфармацыі пра яго месцазнаходжанне. Сваякоў апавяшчаюць цягам трох дзён з дня яго прыбыцця ў месца адбыцця пакарання і толькі на падставе пісьмовай заявы асуджанага (арт. 15 УВК).

Але ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі, апавяшчаць сваякоў аб этапаванні неабходна (арт. 18 Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. Беларусь не з'яўляецца ўдзельнікам Канвенцыі). Адпаведна, адмова дзяржавы ў інфармаванні пра месцазнаходжанне асуджанага можа трактавацца як гвалтоўнае знікненне і з'яўляцца падставай для звароту ў Працоўную групу па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях. У практыцы ёсць станоўчыя рашэнні, калі Камітэт ААН па гвалтоўных знікненнях (Э. Д. і А. дэль Вальа Іруста супраць Аргенціны) прызнаў гвалтоўным знікненнем, у тым ліку, адсутнасць сувязі з асуджаным і доступу да інфармацыі пра месцазнаходжанне асуджанага цягам сямі дзён падчас яго пераводу з адной пенітэнцыярнай ўстановы ў іншую. На жаль, беларусы не могуць звярнуцца ў Камітэт ААН па гвалтоўных знікненнях, аднак для звароту ў Працоўную групу па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях абмежаванняў няма".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства