viasna on patreon

"Цябе не існуе ў Беларусі". Як улады кантралююць памілаваных палітвязняў

2025 2025-03-21T16:56:00+0300 2025-03-21T17:29:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/iljustracyja_khatnjaja-khimija_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З ліпеня 2024 года ў Беларусі па памілаванні вызвалілі 258 палітвязняў, сярод якіх 187 мужчынаў і 71 жанчына. Пры гэтым па стане на 20 студзеня 2025 года за кратамі працягваюць знаходзіцца як мінімум 282 палітвязня з цяжкімі захворваннямі. Адміністрацыя калоніі пад пагрозай узмацнення рэпрэсій пастаянна цісне на палітвязняў і змушае іх падпісваць прашэнне аб памілаванні. Па вызваленні былыя зняволеныя не могуць вярнуцца да звычайнага паўнавартаснага жыцця. Замест дапамогі ад уладаў у працэсе сацыялізацыі яны сутыкаюцца з шматлікімі абмежаваннямі і кантролем з боку міліцыі і іншых кантралюючых органаў, з забаронай на працу і на выезд з месца пражывання. Некаторыя экс-палітвязні ў выніку вырашаюць з’язджаць з краіны, каб мець паўнавартаснае жыццё.

Узгадваем, каго з палітвязняў памілавалі за апошнія гады і ў якіх умовах адбываўся працэс. А таксама разам з юрыдычнай службай "Вясны" распавядаем, як у Беларусі кантралююць былых палітвязняў пасля памілавання.

iljustracyja_khatnjaja-khimija_1.jpg
Ілюстрацыя: spring96.org

Варта адзначыць, што нягледзячы на памілаванне рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Па стане на 21 сакавіка ў Беларусі знаходзяцца 1203 палітвязня. У нашай краіне працягваюць адвольна затрымліваць апанентаў рэжыму за публічнае выказванне меркавання, дагэтуль пазбаўляюць волі за ўдзел у пратэстах 2020 года, а ў турмах і ізалятарах зняволеныя зазнаюць катаванні і жорсткае абыходжанне.

Як раней каментаваў працэс памілавання палітвязняў юрыст "Вясны" Павел Сапелка, "нягледзячы на пазітыўны характар самой падзеі, яна не сведчыць пра сур'ёзныя або стратэгічныя змены ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі".

Пачынаючы з 2022 года ў Беларусі адбыліся першыя выпадкі памілавання палітычных зняволеных, затрыманых пасля падзей 2020 года. Тады вызвалілі палітзняволенага журналіста "Радыё Свабода" Алега Груздзіловіча, у 2023 годзе – былых палітвязняў Рамана Пратасевіча і яго былую сяброўку Сафію Сапегу. У 2024 годзе беларускі рэжым распачаў ужо больш актыўны працэс вызвалення палітвязняў па памілаванні ці амністыі. З гэтага часу ў нашай краіне прайшлі некалькі хваляў памілаванняў. Звычайна гэтыя вызваленні прымеркаваныя да розных дзяржаўных святаў. Так, першая хваля супала з дзяржаўным Днём незалежнасці. Другога ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб амністыі у сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Тады на волю выйшлі як мінімум 18 палітвязняў. У тым ліку вызвалілі палітзняволенага палітыка Рыгора Кастусёва, які мае анкалагічнае захворванне. Кастусёва асудзілі нібы за намер захапіць уладу (арт. 357 КК) на 10 гадоў калоніі. За кратамі ён правёў больш за тры гады. Тады ж вызвалілі палітзняволеных Дар’ю Лосік і былога журналіста Дзмітрыя Лукшу.

Праваабаронцам вядома, што адміністрацыя калонія ў якасці ціску на палітвязняў масава прымушала іх пісаць прашэнне аб памілаванні. Некаторых – на імя Аляксандра Лукашэнкі. Як паведамляецца ў адным з загадаў аб памілаванні, абавязковымі ўмовамі для вызвалення з’яўляюцца падача хадайніцтва аб памілаванні, прызнанне віны і раскаянне, а таксама "абяцанне весці правапаслухмяны лад жыцця".

Як распавядаў у інтэрв’ю Дзмітрый Лукша, у калонію прыехаў прадстаўнік Генпракуратуры, які даў падпісаць прашэнне аб памілаванні. Але нават ён сам не ведаў, ці Дзмітрыя ўрэшце памілуюць. Па вызваленні былы журналіст увесь час адчуваў, трывогу, неабароненасць і няпэўнасць у заўтрашнім дні, што прымусіла яго з сям’ёй з’ехаць з Беларусі.

Напярэдані так званага Дня народнага адзінства, 16 верасня 2024 года, прайшла чарговая хваля вызвалення палітвязняў. Тады Лукашэнка падпісаў загад аб памілаванні яшчэ 37 чалавек, "асуджаных за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці".

Сёлета ў студзені прайшлі дзве хвалі памілаванняў, падчас якіх вызвалілі 31 чалавека. Як паведамляла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, "дадзенае рашэнне прынятае з прынцыпаў гуманізму", а памілаваным "даецца шанец на нармальнае жыццё".

Але насамрэч жыццё былых палітвязняў па вызваленні далёкае ад паўнавартаснага. Ім вельмі цяжка сацыялізавацца. Як распавядала ў інтэрв’ю "Зеркалу" экс-палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна, якую восенню 2022 году з пухлінаю мозгу асудзілі на восем гадоў калоніі нібы намер захапіць уладу (арт. 357 КК), да жанчыны пасля памілавання летам 2024 года штодзень прыходзілі з праверкамі супрацоўнікі міліцыі. А выехаць з горада можна было толькі з іх дазволу.

"На справе гэта змена рэжыму, а не паўнавартасная свабода", – падзялілася Ксенія.

Якія віды кантролю над памілаванымі палітвязнямі прымяняюць улады

Памілаваныя палітвязні сутыкаюцца не толькі з адсутнасцю дапамогі ў сацыялізацыі з боку дзяржавы. Рэжым усталёўвае над былымі зняволенымі строгі кантроль іх дзейнасці і перасоўванняў.

Непагашаная судзімасць

Судзімасць — гэта афіцыйнае пацверджанне таго, што чалавек асуджаны за злачынства, якое цягнецца ў асобных выпадках пасля адбыцця пакарання. Яна з’яўляецца пасля вынясення прысуду.

Як кажа юрыстка "Вясны" Вікторыя Рудзянкова, арт. 96 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае зняцце судзімасці і ў рамках працэдуры памілавання. У такім выпадку гэта мусіць быць асобна прапісана ў акце памілавання. Паводле практыкі правабаронцаў, да палітчных палітзняволеных у выпадку прымянення амністыі, судзімасць не здымаецца.

"Робіцца гэта для таго, каб працягваць кантраляваць людзей на законных падставах — а менавіта ў рамках прафілактыкі правапарушэння або прэвентыўнага нагляду", — адзначае юрыстка.

Паводле закону, судзімасць можа быць знятая раней па рашэнні суда. Калі такога рашэння не вынесена, судзімаць пагашаецца аўтаматычна праз пэўны час пасля адбыцця пакарання.

Напрыклад за наўмыснае менш цяжкае злачынства (калі магчымае пакаранне па артыкулу да 6 гадоў пазбаўлення волі) — па заканчэнні двух гадоў пасля адбыцця пакарання. За цяжкае злачынства (калі магчымае пакаранне па артыкулу ад 6 да 12 гадоў пазбаўлення волі) — па заканчэнні пяці гадоў пасля адбыцця пакарання.

Так, у палітвязняў, асуджаных паводле самага распаўсюджанага "народнага" артыкула (арт. 342 КК) за ўдзел у пратэстах судзімасць здымаецца пасля двух гадоў пасля адбыцця пакарання.

Спісы "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў"

З 2022 года беларускія ўлады складаюць "спіс экстрэмістаў", куды ўключаюць асобаў, асуджаных паводле палітычных крымінальных артыкулаў "экстрэмісцкай накіраванасці".

Грамадзянам, уключаным у гэты спіс, да пагашэння судзімасці і цягам пяці гадоў пасля пагашэння забараняецца займацца шэрагам дзейнасці, сярод якой педагагічная і выдавецкая. А таксама займаць дзяржаўныя і вайсковыя пасады. Таксама на асаблівым кантролі ўладаў усе фінансавыя аперацыя такіх грамадзянаў.

Як раней тлумачыў праваабаронца Леанід Судаленка, нават пасля пагашэння судзімасці міліцыя будзе кантраляваць былых палітвязняў цягам яшчэ пяці гадоў.

Летась у верасні праўладны актывіст Юрый Васкрасенскі заявіў, што ўсіх памілаваных выключаць з "экстрэмісцкіх" і "тэрарыстычных" спісаў. Аднак улады не апублічваюць загады аб памілаванні, таму дакладна невядома, на якіх умовах вызваляюць палітвязняў. Ды і сама працэдура памілавання застаецца да канца невядомай.

Унясенне асобы ў "спіс тэрарыстаў" азначанае забарону на адкрыццё і выкарыстанне банкаўскага рахунка, а таксама здзяйсненне фінансавых угодаў.

Прафілактычнае назіранне і прэвентыўны нагляд: у чым розніца?

Беларускія ўлады прымяняюць абодва гэтыя спосабы кантролю над вызваленымі палітвязнямі. Прэвентыўны ныгляд мае больш жорсткія абавязкі і забароны. Распавядаем, чым яны адрозніваюцца.

Прафілактычнае назіранне за людзьмі, якія адбылі пакаранне і маюць судзімасць, а таксама за тымі, хто быў вызвалены датэрмінова на падставе памілавання, ажыццяўляецца цягам тэрміну судзімасці і часу неадбыдатага пакарання, калі такое ёсць. Яно не ажыццяўляецца за асобамі без пастаяннага віду на жыхарства ў Беларусі або без грамадзянства.

Як напісана ў арт. 81 Крымінальнага кодэкса, асоба пад прафілактычным назіраннем абавязана загадзя паведамляць органу ўнутраных справаў аб змяненні месца жыхарства, аб выездзе па асабістых справах у другую мясцовасць на тэрмін больш за адзін месяц, а таксама з’яўляцца ў дадзены орган па выкліках ва ўстаноўлены тэрмін і пры неабходнасці даваць тлумачэнні адносна сваіх паводзінаў і ладу жыцця. Асобна суд можа абавязаць чалавека ў такім статусе паступіць на працу або вучобу або займацца іншай дзейнасцю, якая адносіцца да занятасці насельніцтва, напрыклад, індывідуальнай дзейнасцю.

Але, як тлумачыць юрыстка "Вясны" Вікторыя Рудзянкова, закон мае тут абмежаванні: абавязак пайсці працаваць або вучыцца не можа быць накладзены на асобаў, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, цяжарных жанчын або якія даглядаюць дзіця да трох гадоў, дзіця з інваліднасцю або з ВІЧ/СНІД да 18 гадоў, для людзей з інваліднасцю 1 і 2 груп, для людзей, якія хварэюць на актыўныя формы сухотаў.

Прэвентыўны нагляд – асаблівае назіранне за чалавекам, якое ўводзіцца пасля вызвалення з турмы. Яго абавязкова прызначаюць, калі чалавек быў прызнаны асабліва небяспечным рэцыдывістам; калі ён быў асуджаны за злачынства ў складзе арганізаванай групы або злачыннай арганізацыі.Таксама – калі першапачаткова было смяротнае пакаранне, а потым яму змянілі на пажыццёвае зняволенне, а потым на пазбаўленне волі. Або калі асоба здзейсніла злачынства супраць дзіцяці (напрыклад, гвалт або выраб парнаграфіі з удзелам дзяцей).

Варта адзначыць, што таксама прэвентыўны нагляд прызначаюць тым, хто быў асуджаны за цяжкае і асабліва цяжкае злачынства альбо быў асуджаны два разы за любое наўмыснае злачынства і падчас адбыцця пакарання быў прызнаны злосным парушальнікам. Цяпер улады актыўна выкарыстоўваюць практыку паўторнага асуджэння па надуманых прычынах паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі) для дадатковага ціску на палітвязняў падчас адбывання імі турэмнага тэрміну.

Гэты від кантролю прызначаюць на ўвесь час, пакуль не будзе знятая або пагашаная судзімасць.

Асоба пад прэвентыўным наглядам абавязаная адразу стаць на улік у міліцыю, ад аднаго да чатырох разоў на месяц рэгістравацца там жа. Таксама супрацоўнікі міліцыі ў любы момант могуць выклікаць былога вязня да сябе па тлумачэнні. У выпадку пераезду на новае месца жыхарства трэба ў той жа дзень пісьмова паведамляць у міліцыю аб гэтым.

Акрамя вышэй згаданых абавязковых умоваў існуе шэраг дадатковых: не пакідаць Беларусь, не выязджаць за межы раёну або гораду без дазволу, не наведваць пэўныя месцы і не пакідаць жыллё ў пэўны час сутак.

Асобна варта адзначыць, што для асобаў пад прэвентыўным наглядам існуе абавязак працаўладкавацца. Калі чалавек не працуе і не вучыцца, яму даецца 15 сутак з моманту вызвалення на тое, каб самастойна знайсці працу ці вучобу. Як сведчаць шматлікія экс-палітвязні, у Беларусі амаль немагчыма працаўладкавацца, калі ты раней быў асуджаны паводле палітычнага артыкула. У выпадку, калі не атрымліваецца самастойна знайсці працу, чалавек былы вязень абавязаны цягам 5 наступных дзён зарэгістравацца ў цэнтры занятасці і не можа адмовіцца ад прапанаванай працы. Пад прэвентыўным наглядам таксама трэба пісьмова паведамляць цягам трох дзён у органы кантролю аб змене або спыненні працы.

Больш за 20 палітвязняў выйшлі на волю па памілаванні, сярод іх — Ксенія Луцкіна і Васіль Бераснеў

16 жніўня Лукашэнка падпісаў Указ аб памілаванні 30 палітзняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, а некаторыя з іх маюць сур'ёзныя захворванні. За апошнія суткі з калоній па памілаванні пачалі выходзіць палітзняволеныя. Па стане на 26 жніўня праваабаронцам "Вясны" вядомыя прозвішчы 21 вызваленага палітвязня, 13 з якіх — жанчыны, восемь — мужчыны. Сярод памілаваных Васіль Бераснеў, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Вольга Новікава, Ірына Санкоўская і журналістка Ксенія Луцкіна. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы астатніх вызваленых.

Каго яшчэ памілавалі з палітвязняў за апошнія гады

Давераную асобу Святланы Ціаноўскай, былую палітзняволеную Антаніну Канавалаву затрымалі восенню 2020 года. Неўзабаве затырмалі яе мужа, палітвязня Сяргея Ярашэвіча, які дагэтуль знаходзіцца за кратамі. Жанчыну асудзілі па справе, звязанай з тэлеграм-каналам "Армія з народам" на пяць гадоў і шэсць месяцаў калоніі. Антаніну абвінавацілі ва ўдзеле і навучанні масавым беспарадкам (ч. 2 і 3 арт. 293 КК). Жанчыну памілавалі 10 снежня 2024 года. У няволі жанчына правяла больш за чатыры гады. На волі яе чакалі двое дзяцей, якіх гадавала маці Антаніны.

Па вызваленні жанчына падрабязна распавяла ў інтэрв’ю, як на яе ціснулі сілавікі і схілялі да супрацы.

Як распавяла Антаніна, першы час на волі за ёй сачыла машына каля ейнага дому, а на балкон прылятаў дрон, які набліжаўся наўпрост да ейнага твару.

"Я выйшла і думала, што ўсё скончылася. Але цябе не існуе ў Беларусі, калі ты знаходзішся ў “экстрэмісцкім” або “тэрарыстычным спісе”. Ты не можаш аформіць сабе зарплатную картку (банкаўскую). Пры гэтым ад цябе патрабуюць, каб ты ўладкаваўся на працу. Ты не можаш аплочваць камунальныя паслугі. Ты не можаш атрымаць ці даслаць паштовую пасылку ці бандэроль. То-бок, цябе не існуе".

Па вяртанні ў Мінск цягам трох сутак Антаніне трэба загадалі стаць на ўлік. Пазней ёй патэлефанаваў інспектар з мясцовага РУУСа і сказаў, што са былой зняволенай хочуць сустрэцца нейкія людзі. Першая сустрэча адбылася на чацвёртыя суткі па вызваленні, а агулам жанчыну выклікалі пяць разоў.

"На першую сустрэчу мяне выклікалі на вуліцу Рэвалюцыйную, 3 (адрас, па якім знаходзіцца мінскі ГУБАЗіК). Са мною размаўляў начальнік і намеснік начальніка ГУБАЗіК па Мінску і Мінскай вобласці. Таксама было некалькі аператыўных супрацоўнікаў. Яны пыталі ў мяне, ці змяніла я свае погляды. Я ім адказвала, што канешне змяніла. Мне трэба было зрабіць усё, каб яны мне паверылі. Я ім казала, што мае дзеці вернуцца ў Беларусь, хаця ўжо ведала, што яны туды не вернуцца. І я не прывязу дзяцей у тую краіну, якая пасадзіла мяне ні за што. Яны пыталі, як цяпер пад кіраўніцтвам новага начальніка. То-бок, можна сказаць, што яны не давяраюць нікому".

Антаніне не прапаноўвалі падпісваць дакументы, але намякалі, што могуць уладкаваць на працу. Жанчына ім адмовіла, бо ведала, што яны ўладкоўваюць чалавека на завод, дзе ён мусіць даведвацца пра настроі супрацоўнікаў, распавяла былая зняволеная.

Сілавікі забралі ў Антаніны тэлефон і пагражалі зноў пасадзіць на новым артыкуле.

"На астатніх сустрэчах, калі яны зразумелі, што я не збіраюся з імі супрацоўнічаць і не даю ніякай інфармацыі, яны пачалі мне пагражаць, у тым ліку дзецьмі. Цягам усяго тэрміну ў калоніі яны цікавіліся, калі вернуцца мае дзеці".

57-гадовага Валянціна Колба затрымалі вясною 2021 года па справе аб "масавых беспарадках" (арт. 293 КК) і асудзілі на пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пасля затрымання мужчыну стала дрэнна. Яго пад канвоем адвезлі ў шпіталь, дзе дыягнаставалі перадінфарктны стан. Праз захворванне сэрца мужчына мае інваліднасць, а раней перанёс інфаркт. Валянціна вызвалілі па памілаванні ў жніўні 2024 года.

Былую палітзняволеную пенсійнага веку Наталлю Пятровіч затрымалі зімою 2022 года і асудзілі паводле пяці крымінальных артыкулаў, сярод якіх былі "заклікі да санкцый" (арт. 361 КК) і "стварэнне экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-1 КК), на шэсць гадоў калоніі. Пазней жанчыну ўнеслі ў "экстрэмісцкі" і "тэрарыстычны" спісы, а таксама змяшчалі ў ШІЗА. Наталля выйшла на волю летам 2024 года. Ёй прызначылі прэвентыўны нагляд.

Былую школьную настаўніцу, 63-гадовую палітзняволеную Алу Зуеву восенню 2023 года асудзілі за каментары ў тэлеграме пра сілавікоў і Лукашэнку на два з паловай гады калоніі. Жанчына мае захворванне на рак крыві, але пры вынясенні прысуду суд не ўлічыў гэтыя абставіны. Таксама жанчыну ўнеслі ў "спіс экстрэмістаў". Вызвалілі па памілаванні летам 2024 года.

76-гадовая бабруйчанка Наталля Таран пакідала каментары пра Лукашэнку. Улады палічылі іх абразай, а жанчыну асудзілі летам 2022 года паводле трох крымінальных артыкулаў на тры з паловай гады калоніі. Наталля мае шэраг хранічных захворванняў. Яе вызвалілі па памілаванні летась у жніўні.

Каталіцкага верніка з лімфомай Ходжкіна чацвёртай стадыі Паўла Кучынскага асудзілі восенню 2023 года паводле пяці крымінальных артыкулаў амаль на пяць гадоў калоніі. Яшчэ летам таго ж году, ужо ў зняволенні, Паўлу паставілі першую групу інваліднасці. Курс хіміятэрапіі яму не дапамог. У чэрвені 2024 года Паўла перавялі ў рэспубліканскі шпіталь пры СІЗА-1. А ў жніўні вызвалілі па памілаванні.

Лідара аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП 75-гадовага Васіля Бераснева затрымалі вясною 2022 года. У СІЗА ў мужчыны моцна пагоршылася здароўе. У студзені 2023 года Вясілю прызначылі дзевяць гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў, у тым ліку за “заклікі да санкцый” (арт. 361 КК) і “стварэнне экстрэмісцкага фармаванння” (арт. 361-1 КК).

Восенню 2023 года Васіля тэрмінова накіравалі ў Магілёўскі абласны шпіталь з патрэбай у перасадцы ныркі. На шматлікія папярэднія просьбы мужчыны аб лячэнні і абследванні доўгі час ніяк не рэагавалі. Васіля вызвалілі па памілаванні летам 2024 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства