viasna on patreon

Патрабуем рэабілітацыі 91 былога палітычнага зняволенага

2025 2025-03-20T16:36:09+0300 2025-04-18T14:44:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_14_viasna15.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

20 сакавіка 2025 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Рэспублікі Беларусь, атрымаўшы, сабраўшы і прааналізаваўшы інфармацыю пра крымінальны пераслед уладамі Беларусі іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных сходаў падчас і пасля правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі 2020 года, практыку вынясення і выканання прысудаў у дачыненні да іх, прававое становішча асуджаных паводле так званых "экстрэмісцкіх" артыкулаў Крымінальнага кодэкса, адзначаем наступнае:

Гарантаваная свабода мірных сходаў і асацыяцый, таксама кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання: гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць любога кшталту інфармацыю ды ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку або мастацкіх формаў выказвання, або іншымі спосабамі паводле свайго выбару; у сферу ўжывання гэтага пункта ўключана нават такая форма выказвання меркаванняў, якая можа разглядацца як глыбока абразлівая, але пры гэтым яе выкарыстанне можа падпадаць толькі пад абмежаванні, вызначаныя законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб; для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва.

Тым не менш, калі дзяржава-ўдзельніца Пакта вызначае абмежаванні на ажыццяўленне правоў і свабод, гэтыя абмежаванні не мусяць ставіць пад пагрозу сам прынцып гэтага права.

Аднак улады Беларусі адвольна заключалі пад варту, асуджалі ў парушэнне прынцыпу вяршэнства права і цяпер працягваюць пераследваць у крымінальным і адміністрацыйным парадку за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцыі паводле розных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: за абразу А. Лукашэнкі, суддзяў, службовых асоб, паклёп на А. Лукашэнку і службовых асоб; за здзек з дзяржаўных сімвалаў, хуліганства і вандалізм, за ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, за падтрымку пратэсных ініцыятыў ды інш. Пра факты гэтага палітычна матываванага пераследу часта становіцца вядома толькі напярэдадні або пасля вызвалення чарговай ахвяры рэпрэсій, у сувязі з чым праваабарончая супольнасць не выступала з заявай аб прызнанні фігурантаў такіх справаў палітычнымі зняволенымі.

Улады не прызнаюць сваёй адказнасці за адвольнае пазбаўленне волі грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі правоў і свабод, прадугледжаных абавязковымі для Беларусі міжнароднымі дамовамі, працягваюць адвольна пераследваць рэпрэсаваных нават пасля іх вызвалення, уціскаючы іх у правах унясеннем у пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Праваабарончай супольнасцю былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі многія з тых, хто пратэставаў ды іншадумцаў у той час, калі яны былі пазбаўленыя волі, і сабраныя звесткі пра асуджаных за гэта да розных відаў пакарання, звязаных і не звязаных з пазбаўленнем волі, у дачыненні да якіх часта абіралася мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту або хатняга арышту.

У адпаведнасці з прынятым праваабарончай супольнасцю Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычны зняволены – асоба, пазбаўленая волі, калі мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжытае выключна праз яго палітычныя, рэлігійныя ці іншыя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў ды інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • b) пазбаўленне волі было ўжытае выключна праз негвалтоўную дзейнасць, накіраваную на абарону правоў чалавека і асноўных свабод;
  • c) пазбаўленне волі было ўжытае выключна паводле прыкметы полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжання, нараджэння, грамадзянства, сексуальнай арыентацыі ды гендарнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча ці іншых прыкметаў альбо зыходзячы з наяўнасці ўстойлівай сувязі з супольнасцямі, аб'яднанымі такімі прыкметамі.

Асуджаныя і зняволеныя пад варту выключна за выказванне меркавання без прыкметаў наўпроставых заклікаў да гвалту або несімвалічнаму знішчэнню маёмасці, не звязанае з несімвалічным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці ў мэтах выказвання меркавання, а таксама за ўдзел у мірных сходах напоўніцу і безумоўна адпавядалі названым крытэрам у перыяд пазбаўлення іх волі. Іх вызваленне з-пад варты, хатняга арышту або пасля адбыцця пакарання пакідае нявырашанымі пытанні аб пераглядзе іх прысудаў з мэтай поўнай адмены, іх рэабілітацыі і кампенсацыі ім нанесенай адвольным асуджэннем шкоды.

Нам вядомыя імёны і абставіны справаў наступных людзей, якія ў пакаранне за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў былі пазбаўленыя волі: заключаныя пад варту, хатні арышт, асуджаныя да працяглага адміністрацыйнага арышту, да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, а да цяперашняга часу вызваленыя без рэабілітацыі ды кампенсацыі нанесенай шкоды:

Эліна Лапухіна, Дзмітрый Цімафіевіч, Аляксандр Алейнікаў, Антаніна Церабей, Крысціна Маліноўская, Дзмітрый Жарнасек, Лізавета Жарнасек, Аляксей Маладык, Васіль Лось, Віталь Мурашка, Міхаіл Ляшуковіч, Аляксандра Саковіч, Аляксей Камароўскі, Аляксандр Залеўскі, Аляксей Захараў, Ілля Сілкоў, Міхаіл Бажкевіч, Павел Ярмілаў, Дзмітрый Емяльянаў, Артур Мустыгін, Алена Драбудзька, Іван Норка, Роберт Радкевіч, Наталля Сівіцкая, Яна Герасімовіч, Павел Якубовіч, Іван Пархомчык, Анастасія Лазарава, Аляксандр Уласевіч, Сяргей Маслаў, Міхаіл Савіч, Яна Цэгла, Таццяна Бузуй, Андрэй Рагалевіч, Ганна-Луіза Бялькевіч, Мікіта Каваленка, Віктар Карагода, Людміла Цыбульская, Юлія Шапель, Сяргей Цярэшчанка, Дзяніс Хатылёў, Дзмітрый Зыбін, Дзмітрый Пратасевіч, Дзмітрый Салавянчык, Канстанцін Мерманішвілі, Канстанцін Алёхін, Мікіта Богуш, Віктар Слабадзянюк, Наталля Суханіцкая, Аляксандр Мартынюк, Руслан Бадамшын, Максім Буканаў, Дзяніс Ермаковіч, Аляксандр Войніч, Міхаіл Каралёў, Пётр Бахар, Лізавета Мядзведская, Аляксандра Мядзведская, Вольга Піліпенка, Аксана Воінава, Сяргей Калеснікаў, Максім Дзівак, Павел Цікач, Марына Навумовіч, Юрый Красніцкі, Андрэй Бандаровіч, Аляксей Біжко, Святлана Дубовік, Арсеній Турукін, Максім Гансіеўскі, Раман Кузьмянкоў, Антон Карпаў, Дзмітрый Зубараў, Дзмітрый Анацка, Валянцін Заўялаў, Віталь Бондараў, Дзяніс Коцур, Аліна Авідзенка, Аксана Ткачук, Мікалай Савіцкі, Марыя Мельнік, Валянцін Іваноўскі (пасмяротна), Антон Жукоўскі, Мікалай Шугаеў, Дзяніс Штэрцэр, Ілля Бычкоўскі, Аляксандр Валацко, Дзяніс Ганчар, Аляксандр Асіповіч, Ілля Карташоў, Міхаіл Міхута.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоды выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ды іншых грамадска-значных падзей.

У дачыненні да пералічаных былых палітвязняў мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладнага перагляду іх крымінальных справаў з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй усіх відаў шкоды, прычыненай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі, а таксама патрабуем неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Respect-Protect-Fulfill;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства