viasna on patreon

У Беларусі мінімум 133 чалавекі асуджаны паводле "тэрарыстычных артыкулаў"

2025 2025-03-17T13:21:47+0300 2025-03-17T13:34:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_illustration_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За апошнія гады рэжым Лукашэнкі актыўна выкарыстоўвае абвінавачанні па крымінальных "тэрарыстычных артыкулах" супраць іншадумцаў, актывістаў і тых, хто падтрымлівае Украіну. Паводле гэтых артыкулаў ужо асудзілі мінімум 133 чалавекі, у тым ліку замежнікаў і пенсіянераў. "Вясна" распавядае, як і за што судзяць за "тэрарызм", а таксама як змянілася "антытэрарыстычнае" заканадаўства ў апошнія гады. Юрыдычная служба "Вясны" тлумачыць, чым беларуская інтэрпрэтацыя "тэрарызму" адрозніваецца ад міжнароднай практыкі. 

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

Як іншадумцаў пераследуюць у Беларусі за "тэрарызм"?

У дакладзе "Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам" праваабаронцы заявілі, што хаця насамрэч Беларусь не знаходзіцца пад пагрозай міжнароднага тэрарызму, беларускія ўлады актыўна абвяшчаюць прадэмакратычных палітыкаў і грамадзянскіх актывістаў тэрарыстамі, а акты грамадзянскага непадпарадкавання прыраўноўваюць да тэрарызму.

У сувязі з нязгодай з палітыкай рэжыму Лукашэнкі і падтрымкі Украіны ў вайне ў Беларусі пераследуюць паводле сямі "тэрарыстычных артыкулах". Паводле іх у сукупнасці з іншымі артыкуламі асудзілі не менш за 133 чалавекі. З іх 40 асуджаных — за падтрымку Украіны ў вайне, 17 асудзілі завочна, дзевяць асуджаных — грамадзяне іншых дзяржаваў, чатыры чалавекі — пенсійнага ўзросту,

Самы распаўсюджаны артыкул для палітычнага пераследу — "акт тэрарызму" (арт. 289 КК). Паводле яго ў Беларусі асудзілі 71 чалавекі. З іх 26 — за падтрымку Украіны ў вайне з расейскай агресіяй, дзевяць — завочна, восем— па "справе дыверсіі ў Мачулішчах", восем — замежныя грамадзяне.

Паводле арт. 290-4 КК (стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй) асудзілі мінімум 21 чалавека. Гэта "рэйкавыя партызаны", фігуранты "справы АГСБ" і "Буслы ляцяць", "справы за атаку дронам базы АМАП". Паводле гэтага артыкула, у тым ліку судзілі і Яну Пінчук, якую экстрадавалі з Расіі.

За "арганізацыю дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у такой арганізацыі" (арт. 290-5 КК) асудзілі шэсць чалавек. Сярод іх — фанат з Магілёва Ціханаў Сяргей, жыхар Петрыкава Сухамераў Іван, жыхар Светлагорска Драбніца Максім.

Паводле арт. 359 КК (акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча) у Беларусі асудзілі 11 чалавек — гэта фігуранты "справы Гайдукевіча", "справы АГСБ" і "Буслы ляцяць". Так кваліфікавалі іх дзеянні па замаху на прапагандыста Рыгора Азаронка, спробу падпалу дома Алега Гайдукевіча, пашкоджанне аўтамабіля суддзі Барысаўскага раёна і шынаў аўтамабіля актывіста-карэспандэнта рэспубліканскага СМІ; кіданні камянёў у вокны кватэры мінскага пракурора і праўладнай актывісткі.

За "пагрозу здзяйснення акта тэрарызму" (арт. 290 КК) у Беларусі асудзілі шэсць чалавек. Сярод іх — грамадскі актывіст Аўтуховіч Мікалай, былы вайсковец Кучынскі Павел.

За данаты ініцыятывам і структурам , прызнаных у Беларусі "тэрарыстычнымі арганізацыямі", пераследуюць паводле арт. 290-1 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Па гэтым артыкуле асуджана не меней за 17 чалавек. Сярод асуджаных — былы дэпутат Брэмшмідт Андрэй, айцішнікі Зіязэтдзінаў Аляксандр і Валадзько Анатоль, трэнер-масажыст Васілевіч Мікалай, менеджар фармацэўтычных кампаніяў Шэлег Сяргей, прадпрымальнік, які вярнуўся з-за мяжы Роліч Артур.

Паводле арт. 126 КК (акт міжнароднага тэрарызму) у Беларусі асудзілі аднаго чалавека — грамадзяніна Расіі Кулікова Аляксея. Так кваліфікавалі яго дзеянні па фотаздымцы генконсульства РФ у Гродне.

Як у апошнія гады заканадаўча змянялася поле для пераследу паводле "тэрарыстычных артыкулаў"?

Юрыдычная служба "Вясны" адзначае, што дзяржава робіць больш жорсткімі заканадаўства ў дачыненні да палітычна нязгодных шляхам увядзення новых складаў злачынстваў і ўзмацненне жорсткасці пакаранняў за злачынствы, звязаныя з тэрарызмам.

"Паняцце "акта тэрарызму" трактуецца занадта шырока, што прыводзіць да яго адвольнага тлумачэння і да неабгрунтаванага прыцягненню да адказнасці. У адпаведнасці з міжнародным правам, тэрарыстычныя дзеянні павінны быць карэктна і дакладна вызначаны на аснове палажэнняў міжнародных дакументаў па пытаннях барацьбы з тэрарызмам, у строгай адпаведнасці з прынцыпамі законнасці, неабходнасці, суразмернасці і недыскрымінацыі", — кажуць юрысты.

Пераслед людзей, якія выказваюць сваю нязгоду з дзеяннямі ўладаў, парушае права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне, права на справядлівы суд і права на жыццё, адзначаюць у Юрыдычнай службе.

У 2022 годзе кардынальным змяненнем заканадаўства стала ўзмацненне жорсткасці пакарання за прыгатаванне або замах на здзяйсненне актаў тэрарызму: злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 126 (акт міжнароднага тэрарызму), 124 (акт тэрарызму ў дачыненні да прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі), 289 (акт тэрарызму) і 359 (акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча) аж да смяротнага пакарання.

"Калі раней смяротнае пакаранне ўжывалася толькі ў якасці выключнай меры пакарання за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых абставінах, то цяпер яе прымяненне магчыма за прыгатаванне да злачынства і замах на злачынствы. Увядзенне гэтых выключэнняў супярэчыць міжнароднаму праву, бо ўжыванне смяротнага пакарання магчымае толькі за здзяйсненне найбольш цяжкіх злачынстваў (п. 35 Заўвагі агульнага парадку № 36, артыкул 6 "права на жыццё")".

Уведзена крымінальная адказнасць за "прапаганду тэрарызму" (арт. 289-1), пад якой разумеецца распаўсюджванне ў любой форме матэрыялаў і (або) інфармацыі ў мэтах фармавання ў індывідуальна-нявызначанага кола асоб прыхільнасці да тэрарыстычнай ідэалогіі альбо прызнання тэрарыстычнай дзейнасці дапушчальнай.

"Калі раней чалавека прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, то цяпер за тыя ж дзеянні можа пагражаць крымінальная адказнасць".

Санкцыі некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэкса дапоўнены дадатковым відам пакарання ў выглядзе штрафу.

Як у свеце трактуецца "тэрарызм" у Беларусі?

Юрысты звяртаюць увагу на тое, што нягледзячы на прыцягненне да крымінальнай адказнасці больш за 130 чалавек, Беларусь не займае лідзіруючую пазіцыю ў спісе краін па індэксе тэрарызму згодна з глабальным індэксам тэрарызму (GTI). Ён уяўляе сабой зводную ацэнку, якая выкарыстоўваецца для ранжыравання краін па ўзроўні ўздзеяння тэрарызму, дзе 0 азначае адсутнасць ўздзеяння, а 10 — яго найвышэйшы ўзровень. Пры разліку індэкса GTI улічваюцца агульная колькасць тэрарыстычных актаў, загінулых, параненых, закладнікаў у выніку дзеянняў тэрарыстаў у паказаным годзе. Згодна са справаздачамі GTI, у Беларусі не зарэгістравана ніводнага акта тэрарызму ў перыяд з 2013 па 2023 год. У 2024 годзе індэкс тэрарызму склаў 0,23 з 10.

"Міжнародная супольнасць будзе ставіць пад сумнеў, што ў Беларусі здзейснены акт тэрарызму, які трактуецца на аснове палажэнняў міжнародных дакументаў па пытаннях барацьбы з тэрарызмам", — адзначаюць юрысты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства